Самая ціхая дыктатура

Як сведчыць вопыт Партугаліі, нават самая доўгая і стабільная дыктатура заканчваецца тым, што яе лідар губляе здольнасць глядзець у будучыню, ствараючы падставы для пераменаў.


У 2007 годзе на партугальскім тэлебачанні адбыўся грандыёзны скандал. У галасаванні на тэлешоу «Самы вялікі партугалец у гісторыі», першае месца (41% галасоў) сярод дзесяці фіналістаў заняў дыктатар Антоніу Салазар (1889–1970). Ён абышоў Васка да Гама (0,7%), Луіса дэ Камоэнса (4%), Генрыха Мараплаўца (2,7%) і іншых славутых партугальцаў.

Некаторыя, зразумела, пачалі абурацца. Але іншыя каментатары заклікалі не хвалявацца. Практыка сведчыць, што на такіх шоу гледачы вельмі часта ў правакацыйных мэтах наўмысна галасуюць за супярэчлівых персанажаў. У Расіі на падобным конкурсе перамагаў Сталін, а ва Украіне — Бандэра. Акрамя таго, сімпатыі на адрас моцнай рукі цалкам зразумелыя ў часы эканамічнай турбулентнасці, што ў 2007-м перажывала Партугалія.

У 1928 годзе ў падобнай атмасферы, падчас эканамічнай дэпрэсіі, прыйшоў да ўлады і Антоніу Салазар — сын уладальніка карчмы, выкладчык і эканаміст. Праўда, сітуацыя тады была значна горшай. На мяжы 1920–1930-х гадоў у краіне панаваў вельмі жорсткі эканамічны крызіс, калі інфляцыя дасягала дзясяткаў працэнтаў на год. Знешні доўг зжыраў 40 працэнтаў расходаў бюджэту. Меў месца і моцны палітычны крызіс: за 16 гадоў існавання рэспублікі ў краіне змяніліся 9 прэзідэнтаў ды 44 урады, 21 раз здараліся спробы рэвалюцый. На нейкім этапе генералы, якія яшчэ ў 1926-м зрынулі рэспубліку, вырашылі прызначыць Антоніу Салазара крызісным менеджарам з пасадай прэм’ер-міністра.

Тое, што абралі Салазара, тлумачыцца ў тым ліку яго характарам, а дакладней, фенаменальным нежаданнем быць публічнай фігурай. З часам партугальцы пачнуць жартаваць, што Салазар у выпадку любой вулічнай дэманстрацыі закрые ў кабінеце фіранкі, нават калі гэта мітынг у яго падтрымку. Некаторыя гісторыкі нават бачылі ў гэтым адзнакі ментальнай дэвіяцыі. Цяжка назваць нармальным чалавека, які цураецца жанчын, не ўжывае спіртнога, не паліць, не цікавіцца прадметамі спажывання або культурнымі навінкамі. Ёсць версія, што псіхічныя змены сталі наступствам няўдалага рамана Антоніу ў маладосці, калі ён, будучы настаўнікам, заляцаўся да сваёй вучаніцы.

Так ці інакш, Салазар вельмі хутка дамогся прарываў. Бюджэт да 1932 года быў больш-менш збалансаваны, курс эскуда стабілізаваўся, была наведзеная фінансавая дысцыпліна. І самае галоўнае — новы міністр фінансаў дасягнуў беспрэцэдэнтнай у гісторыі Партугаліі з’явы — прафіцыту бюджэту. Праўда, крытыкі пішуць, што сакрэтам поспеху была замарозка заробкаў бюджэтнікам (іх не падымалі амаль 30 гадоў). Да таго ж у партугальскіх калоніях была ўведзеная прымусовая працоўная служба для абарыгенаў, якіх абавязалі бясплатна працаваць на дзяржаўных аб’ектах аж да старасці.

Пазітыўныя трэнды ў эканоміцы былі настолькі бясспрэчныя, што Салазар атрымаў дазвол грамадства, каб перабудаваць краіну на ўласны густ. Хутка была сфармуляваная канцэпцыя «Новай дзяржавы» («Estado Novo»), якая была прапісаная ў новай Канстытуцыі. Паводле гэтага Асноўнага закону краіна жыла аж да сярэдзіны 1970-х гадоў.

У аснову новай ідэалогіі была закладзеная ідэя нацыяналізму, карпаратывізму і стабільнасці праз гармонію класаў і жорсткую іерархію з Салазарам наверсе. Правадыру краіны дапамагала адзіная кіруючая партыя — «Нацыянальны саюз». Кіраўнікі правінцый прызначаліся цэнтрам. Права на свабоду слова, сходаў, прэсы ў новай Канстытуцыі згадвалася, аднак тут жа было напісана, што яно абмежаванае «для агульнай карысці». Тымі, каму гэта не падабалася, займалася PIDЕ — палітычная паліцэйская служба. Працы ў яе заўсёды хапала, аднак магчымасць партугальцаў свабодна эміграваць аслабляла ўнутраны пратэст. Дадатковую лаяльнасць забяспечвалі сацыяльныя праграмы, кшталту будаўніцтва даступных кватэр, якія нашы турысты ў Партугаліі любяць называць «салазараўкі».


Хаця выбары пры Салазары нічога не вырашалі, чамусьці быў уведзены выбарчы фільтр — каб галасаваць, жанчыны павінны былі мець адукацыю, а мужчыны — умець пісаць і чытаць. У выніку выбарчым правам маглі скарыстацца толькі 1,2 мільёна чалавек з 7 мільёнаў жыхароў краіны. Аднак нават такая формула дала збой. У 1958-м нейкі генерал здолеў аб’яднаць усю апазіцыю і атрымаць на выбарах чвэрць галасоў. Прамыя выбары прэзідэнта адразу былі адмененыя. Цяпер гаранта абірала выбарчая калегія, а PIDE арганізавала забойства таго генерала.

Так доўга ўтрымацца пры ўладзе Салазару дапамагла ў тым ліку і міжнародная кан’юнктура. У часы вайны Партугалія, з аднаго боку, прадавала Германіі стратэгічна важныя для яе ВПК карысныя выкапні, а з іншага — абяцала антыгітлераўскай кааліцыі базу на Азорскіх выспах. Пасля 1945-га амерыканцы запісалі Партугалію ў NАТО ў рамках глабальнага супрацьстаяння з камунізмам, адпаведна, заплюшчыўшы вочы на ўнутраныя рэпрэсіі. А вось кансенсусу па пытаннях дэкаланізацыі Лісабон з Вашынгтонам так цалкам і не знайшлі. Ужо пры Кенэдзі гэтыя супярэчнасці дасягнулі такіх маштабаў, што NАТО ў 1966-м ігнаравала вайсковы захоп Індыяй партугальскай калоніі Гоа, хаця статут Альянсу патрабуе адразу прыйсці на дапамогу краіне-сябру.
Увогуле, з пачатку 1960-х Партугалія вяла бясконцыя каланіяльныя войны за ўтрыманне заморскіх калоній. Новая фаза войнаў пачалася ў 1970-х і, як вядома, скончылася бунтам вайскоўцаў, што арганізавалі рэвалюцыю. Гэта здарылася ў красавіку 1974-га.

У Партугаліі святкуюць канец дыктатуры

У Партугаліі святкуюць канец дыктатуры

Трошкі нават шкада, што сам Салазар не дажыў да таго часу. Ён памёр у 1970-м — праз год пасля інсульту, калі страціў здольнасць працаваць. Але сам ён да смерці нават не падазраваў, што знаходзіцца ў адстаўцы, паколькі ніхто з яго ўчорашніх падначаленых так і не адважыўся яму пра гэта паведаміць. Міністры працягвалі прыходзіць да яго ў шпіталь з дакладамі, і нават выпускалі для пацыента газету з «правільнымі» навінамі накладам у адзін экзэмпляр.

Цікава, што б напісалі ў той газеце ў дзень рэвалюцыі, калі б дыктатар быў яшчэ жывы?

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: