У прадчуванні самакатных войнаў

Усё часцей электрычныя самакаты, або, як іх называюць на Захадзе, «е-скутэры», правакуюць буйныя грамадскія дэбаты і нават адкрытую канфрантацыю.

Фота itc.ua

Маскоўская газета «Раннее утро» 7 сакавіка (23 лютага) 1916 года паведамляла: «У свеце амерыканскай аўтамабільнай індустрыі з’явілася новая мадэль, якой наканавана, быць можа, вельмі хутка заваяваць увесь свет дзякуючы яе дэмакратычнаму характару. Новае вынаходніцтва называецца “аўтапед”». Пад «аўтапедам» у публікацыі меўся на ўвазе электрычны самакат. Аднак чамусьці прагноз выдання не рэалізаваўся. Магчыма, праз тое, што «аўтапеды» ў той час актыўна выкарыстоўвалі гангстэры, каб збегчы ад паліцыі.

«Аўтапеды» заваявалі свет праз сто гадоў. Прыкладна два гады таму самакаты сталі ўсё часцей з’яўляцца на вуліцах амерыканскіх і еўрапейскіх гарадоў. Прычым, абывацелі віталі іх у якасці месіі-выратавальніка. Так здарылася, што навала самакатаў выпадкова супала па часе з каскадам тэмпературных рэкордаў. Вырашыць праблему глабальнага пацяплення, на думку шмат каго, маглі дапамагчы тыя самакаты, якія выступалі альтэрнатывай прыватнаму транспарту — крыніцы выкідаў вуглякіслага газу.

Таксама лічылася, што ў электронных самакатаў ёсць патэнцыял, каб вырашыць транспартныя праблемы. У свеце большасць буйных гарадоў ужо небяспечна забруджаныя і моцна перагружаныя. Прыкладна да 2050-га іх насельніцтва вырасце на 2,5 мільярда, што гарантуе шматлікія паўсядзённыя праблемы. На дапамогу, як лічыцца, прыйдуць самакаты. Прыкладна 66 працэнтаў паездак на прыватным транспарце ў тых жа ЗША не перавышаюць 7–8 кіламетраў — адлегласць, якая пад сілу электрасамакату.

Як вынік, на Захадзе пачаўся сапраўдны бум продажаў новых транспартных сродкаў. Паводле прэсы, сёння ў Парыжы 20 тысяч такіх прыладаў, у Капенгагене  — 7 тысяч, і, напэўна, гэта толькі пачатак.

Фота zib.com.ua

Папулярнасці самакатаў спрыяла сістэма sharing, або scooter-sharing — сістэма кароткатэрміновай арэнды, калі самакат арандуецца праз мабільнік, а аплата ажыццяўляецца пахвілінна або па пакетных тарыфах. Першым буйным сэрвісам у свеце стаў амерыканскі Bird, які стартаваў у верасні 2017 года ў Санта-Моніцы. Сёння такіх кампаній па ўсім свеце вялікае мноства. Толькі ў ЗША ў мінулым годзе іх самакаты арандавалі для 38 мільёнаў паездак. Паводле амерыканскай прэсы, у сярэдзіне 2020-х гадоў так званы сегмент «мікрамабіляў» будзе займаць каля 4 працэнтаў усяго транспартнага сектару.

Між тым, праз два гады пасля навалы гэтага транспарту даводзіцца выказаць сумную ісціну: самакаты на вуліцах гарадоў — не толькі суцэльны пазітыў. Па-першае, яны ўсё часцей выклікаюць розныя аварыйныя сітуацыі. Усё праз тое, што самакатчыкі не носяць шлемаў, а невялікія колы прылады азначаюць, што нават нязначныя яміны на трасе могуць лёгка выклікаць няшчасныя выпадкі.

Практычна ў кожнай краіне, дзе папулярныя самакаты, ужо зарэгістраваныя смяротныя выпадкі. Сумны рэкорд, напэўна, утрымлівае штат Атланта (ЗША), дзе машына збіла ў цемры адразу чатырох самакатчыкаў. Пасля гэтага гарадкі савет забараніў карыстацца гэтым транспартам з 9 вечара да 4 раніцы.

Значна цікавей, што самакаты ўсё часцей разглядаюцца гараджанамі як замах на іх паўсядзённы камфорт. Парыжане пакутуюць ад самакатаў, якія там-сям валяюцца на тратуарах. А ў бедных кварталах Нью-Ёрка, калі верыць «New York Times», яны правакуюць сацыяльны пратэст. Каб арандаваць такі сродак транспарту, трэба мець крэдытную карту, што лічыцца прыкметай заможнасці.

Ад скаргаў незадаволеныя самакатамі пачынаюць пераходзяць да адкрытага супраціву. У Лос-Анджэлесе, напрыклад, раззлаваныя жыхары ўзялі за моду набіваць самакатамі грамадскія прыбіральні або кідаць іх у акіян ці падпальваць. У Instagram нават ёсць сервіс, дзе праціўнікі самакатаў выкладваюць фота сваіх «подзвігаў». Самую вялікую перамогу самакатафобы, напэўна, здабылі ў брытанскім Манчэстары. Кампанія Mobike паведаміла, што сыходзіць з горада праз вялікую колькасць актаў вандалізму, ахвярай якой сталі яе ровары і самакаты.

Самакаты настолькі дасталі частку гараджан, што яны замаўляюць сур’ёзныя даследаванні наконт «экалагічнасці» гэтага віду транспарту. Вынікі тых даследаванняў сапраўды забаўныя. Аказваецца, профіт, які прыносяць самакаты. выклікаў інтарэс буйнога аўтамабільнага бізнесу. Шматлікія фірмы, якія займаюцца scooter-sharing, ужо набытыя аўтамабільнымі карпарацыямі, якія маюць сталы антыэкалагічны імідж. Так,  напрыклад, Ford купіў кампанію Spin.

Паводле нядаўняга даследавання Універсітэта штата Паўночная Караліна, схемы абмену электронных самакатаў вырабляюць больш парніковых газаў. Такое заключэнне зрабілі, калі падлічылі кошт вытворчасці батарэй для самакатаў, іх збору і іх зарадкі.

З іншага боку, гэтага недастаткова, каб патрабаваць забароны самакатаў. Тым больш, што іх экалагічная перавага над прыватным аўтамабілем відавочная. Таму на дадзеным этапе праблему негатыўнага эфекту самакатаў, падаецца, будуць вырашаць за кошт прававых нарматываў. Парыжскі мэр Ана Ідальга збіраецца ўвесці штраф у 135 еўра для самакатчыкаў, якія катаюцца па пешаходнай частцы тратуараў. А за «антысацыяльную паркоўку» давядзецца выкласці 35 еўра.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: