Самалі. Тэрарысты сыходзяць у эколагі

Незвычайная навіна прыйшла з рэгіёну Самалі, які кантралюе тэрарыстычная групоўка «Al Shabaab».

Фота: АР


Кіраўніцтва «Al Shabaab» («Аль-Шабаб») забараніла на сваёй тэрыторыі ўсю прадукцыю з пластыку. На думку тэрарыстаў, «гэтая прадукцыя пагражае здароўю людзей і прыродзе». Таксама фундаменталісты абвясцілі па-за законам любыя вырубкі лясоў.

Паведамленне з Афрыкі прымусіла многіх заходніх палітыкаў хавацца ад сораму. На Захадзе даўно ідзе дыскусія пра забарону пластыка — адной з галоўных пагроз сусветнаму акіяну і наваколлю. Аднак на гэты момант далей за ўсё прасунуліся некалькі муніцыпалітэтаў у Злучаных Штатах, якія цалкам забаранілі пластыкавыя пакеты.

Магчыма, аналагічны законапраект прыме Еўрапарламент. Аднак у лепшым выпадку пад забарону трапіць 80 працэнтаў еўрапейскага пластыка, што на фоне самалійскіх захадаў выглядае апартунізмам.

Зрэшты, спецыялісты заклікаюць не давяраць экалагічнай рыторыцы ісламістаў. Трэба ўзгадаць, што крыніцай фінансавання «Al Shabaab» з’яўляецца кантрабанда слановай косткі. Таму, хутчэй за ўсё, словы пра забарону пластыка — гэта толькі піяр, які павінен палепшыць імідж групоўкі ў вачах Захаду.

Паводле амерыканскай прэсы

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: