«Саша, чаго табе не хапае?» На беларускую актрысу Борціч напалі Кісялёў і Міхалкоў

Дзмітрый Кісялёў на канале «Расія 1» адзначыў «заклікі да бунту», якія, па яго думку, выказвае беларуская актрыса Саша Борціч. У тэлевізійным сюжэце вядучы заручыўся  віртуальнай падтрымкай рэжысёра Мікіты Міхалкова. Нагадаем, у верасні ён ужо выказваўся на тэму пратэстаў: тады рэжысёр заўважыў, што беларускія акцыі — кампутарная графіка.

У пачатку сюжэту на канале «Расія 1» прагучала, што актрыса Саша Борціч «кліча да бунту», хоць у самой нават «і адукацыі ніякай няма, а галоўнай школай жыцця з'яўляецца праца афіцыянткай у рок-бары», піша TUT.BY. Пасля гэтага гледачам паказалі кадры з інтэрв'ю актрысы YouTube-каналу «Пяшчотны рэдактар», якое выйшла два гады таму. Там Борціч сказала фразу «можа быць, я і х ... я актрыса, але афіцыянтка я п...я».

— Папулярная Саша Борціч запрашае народ выходзіць на незаконныя вулічныя пратэсты ў падтрымку Аляксея Навальнага, відавочна не цямячы, пра што кажа, — працягнуў Кісялёў. Пасля гэтага на экране паказалі відэазварот Сашы Борціч, у якім яна заклікае «пайсці гуляць», калі «мы хочам жыць у краіне, дзе паважаюць чалавечае права».

— Ніякага сэнсу. Проста выходзіце за права і закон. Дык хто ж супраць права і закона? — дадаў вядучы «Расіі 1».

Далей Кісялёў заўважыў, што Мікіта Міхалкоў на сваім YouTube-канале «Бесагон ТВ» ужо звяртаўся да Сашы Борціч, як да «адной з некалькіх такіх жа».

— Навошта ты прымушаеш іх бунтаваць супраць той краіны, якая прыняла цябе, якая цябе палюбіла? — задаўся пытаннем Міхалкоў. — У якой ты за адзін здымачны дзень зарабляеш 200 тысяч рублёў (7012 беларускіх рублёў па курсе НБ РБ на 22 лютага 2021). Саша, чаго табе не хапае? Хто цябе абрабаваў? Ты хочаш быць у трэндзе? Поціскам рукі?

Адзначым, што крыніца інфармацыі аб даходзе актрысы ў відэа Мікіты Міхалкова не пазначаная.

Дзмітрый Кісялёў жа сказаў, што абмяжуецца прыкладам Сашы Борціч, якая «сапраўды ў парадку, запатрабаваная на здымачных пляцоўках». Таксама вядучы паказаў на тое, што муж актрысы раней працаваў у Адміністрацыі Прэзідэнта РФ, а цяпер — «у паспяховым бізнэсе, развівае курс прамоўніцкага мастацтва».

— Сама актрыса, праўда, курсу там відавочна не праходзіла, але ўсё ж лічыць сябе гатовай да настаўніцтва і грамадскай дзейнасці, нібы яна Вера Камісаржэўская (актрыса, якая ўдзельнічала ў расійскім рэвалюцыйным руху пачатку XX стагоддзя), або Марыя Андрэева (маецца на ўвазе, мабыць, грамадзянская жонка Максіма Горкага). Але ж несупаставімыя велічыні, — сказаў Кісялёў у перадачы.

Саша Борціч — 26-гадовая беларуская актрыса, якая стала здымацца ў кіно з 2014 года і ў апошні час стала папулярная ў Расіі. Дзяўчыну не раз запрашалі ў якасці госця на шоу «Вячэрні Ургант», яна станавілася героем інтэрв'ю на YouTube-канале Юрыя Дудзя. Борціч іграла ў фільмах «Я худнею» (2018), «Правадыр» (2018), «Халоп» (2019) і іншых.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: