СБУ: за арганізацыяй беспарадкаў у Францыі стаяць расійскія спецслужбы

Фотаздымак з пратэстаў у Парыжы, на якім адлюстраваны два чалавекі са сцягам ДНР, стаў падставай для абвінавачванняў у датычнасці Расіі да арганізацыі беспарадкаў. СБУ сцвярджае, што Масква рыхтуе правакацыі і ў іншых краінах ЕС.

Расійскія спецслужбы могуць мець дачыненне да арганізацыі пратэстаў у Францыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Службы бяспекі Украіны, апублікаванай у Facebook.

У якасці доказу ўкраінская спецслужба прыводзіць фатаграфію з Парыжа, на якой адлюстраваныя два чалавекі ў жоўтых камізэльках (адметная рыса пратэстуючых супраць росту падатку на бензін), што трымаюць ў руках сцяг самаабвешчанай ДНР. Як сцвярджае СБУ, на фатаграфіі Сорлін Фабрыс, член аналітычнага цэнтра «Катехон» (старшыня — расійскі палітык Канстанцін Малафееў) і Ксавье Мора, грамадзянін Расіі з 2013 года і удзельнік грамадскай арганізацыі «Усход Францыя — Салідарнасць Данбас».

Па версіі СБУ, у Францыі «правыя радыкалы» дзейнічаюць пад куратарствам ФСБ і ГРУ.



«За спіной мірных мітынгоўцаў яны ладзяць арганізацыю беспарадкаў і актаў гвалту ў Францыі. Але па інфармацыі СБУ расійскія спецслужбы могуць арганізаваць аналагічныя правакацыі ў Бельгіі, Германіі, Іспаніі, Балгарыі і іншых еўрапейскіх краінах», — сцвярджае СБУ ў сваёй заяве.

«Міжнародныя межы не з'яўляюцца перашкодай для расійскай гібрыднай агрэсіі. Бруднымі метадамі Крэмль разбурае еўрапейскую стабільнасць, убачыўшы ў ёй пагрозу для сябе», — пракаментаваў гэтую інфармацыю кіраўнік СБУ Васіль Грыцак.

Пратэсты «жоўтых камізэлек» у Францыі доўжацца з сярэдзіны лістапада і звязаныя з планаваным ростам падатку на бензін. Паводле дадзеных за 8 снежня, на вуліцы краіны выйшлі 125 тыс. пратэстуючых, у Парыжы ў беспарадках прынялі ўдзел 10 тыс. дэманстрантаў. Французскае МУС паведамляе аб больш чым 1,3 тыс. затрыманых. Сярод іх, па словах міністра ўнутраных спраў Крыстафа Кастанера, ёсць прадстаўнікі як ультралевых, так і ультраправых палітычных рухаў, якія заклікалі да гвалту.

rbc.ru

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: