Сейм Літвы бярэцца за выратаванне ЕГУ

На мінулым тыдні літоўскія парламентарыі ў першым чытанні прынялі папраўкі, якія дазволяць дзеючым у вымушанай эміграцыі ўніверсітэтам усталёўваць адмысловыя крытэрыі ацэнкі напрамкаў вышэйшай адукацыі.
ЕГУ ў Вільнюсе, 2016 год. Фота Kilimas Arts

ЕГУ ў Вільнюсе, 2016 год. Фота Kilimas Arts


Для такіх універсітэтаў таксама можна будзе ўсталяваць і асобныя працэдуры прадастаўлення або ліквідацыі дазволу на ажыццяўленне навучання. За прыняцце гэтых паправак у першым чытанні аднагалосна выказаліся 106 членаў Сейма, паведамляе delfi.lt. Цяпер праект паправак разгледзіць Камітэт па адукацыі і навуцы.


"Законапраектам будуць створаны лепшыя ўмовы для працы недзяржаўных універсітэтаў у Літве, тых, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, у выгнанні", — сказаў кіраўнік Камітэта па адукацыі і навуцы, "аграрый" Эугеніюс Ёвайша, прадстаўляючы праект. Паводле яго слоў, ва ўмовах вымушанай эміграцыі можа быць складана адпавядаць патрабаванням, якія прад'яўляюцца да дзяржаўных вышэйшых школ Літвы. Цэнтр ацэнкі якасці навучання абвясціў аб негатыўнай ацэнцы ЕГУ ў канцы снежня мінулага года. У справаздачы цэнтра негатыўна ацэнены стратэгічнае кіраванне ЕГУ і навучальная дзейнасць. Як адзначыў цэнтр, такая ацэнка можа служыць падставай для адклікання ліцэнзіі на правядзенне навучання і звязанай з гэтым дзейнасці. У 2014 годзе ЕГУ таксама быў ацэнены негатыўна, у сувязі з чым ліцэнзія была падоўжана толькі на тры гады. Урад Літвы даў дазвол ЕГУ працаваць да ліпеня 2019 года.

ЕГУ — прыватны ўніверсітэт, які быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе і пасля быў зачынены беларускімі ўладамі, з 2005 года працуе ў Вільні. У ім навучаецца каля 800 студэнтаў, пераважна з Беларусі (95%).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць