Сейм Літвы заклікаў не дазволіць Расіі вызначыць будучыню Беларусі і прызнаў Ціханоўскую законаабранным лідарам

У чацвер літоўскі парламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў міжнародную грамадскасць рэагаваць на падзеі ў Беларусі і перашкодзіць Расіі вызначыць палітычны кірунак нашай краіны, піша delfi.lt.


За такую рэзалюцыю аднагалосна выступіў 91 член сейма, сярод яе аўтараў — спікер Віктарас Пранцкеціс, міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус, прадстаўнікі амаль усіх парламенцкіх фракцый. У дакуменце дэпутаты называюць Аляксандра Лукашэнку незаконным кіраўніком, заклікаюць міжнародную грамадскасць ацэньваць любыя яго дзеянні па заключэнні новых пагадненняў з Расіяй як злачынства супраць народа і фактычную анэксію краіны. Расію заклікаюць не ўмешвацца ва ўнутраныя справы і замежную палітыку Беларусі, а ў тым выпадку, калі будуць мець месца спробы "абмежаваць суверэнітэт краіны супраць волі беларускага народа", прымяніць дадатковыя санкцыі ў дачыненні да Расіі і прадстаўнікоў беларускага рэжыму.

Таксама літоўскія дэпутаты заклікаюць міжнародную грамадскасць прапанаваць беларускаму народу і яго законным прадстаўнікам розныя палітычныя, эканамічныя, фінансавыя і візавыя льготы, іншыя меры дапамогі.

Кансерватар Жыгімантас Павілёніс, які прадставіў рэзалюцыю, адзначыў, што Літва павінна заахвочваць міжнародную грамадскасць рэагаваць на падзеі ў Беларусі. "Сітуацыя ўнутры краіны не толькі не палепшылася: гвалт, кроў, ніякага дыялогу, і што яшчэ горш – у дадзены момант А. Лукашэнка па сутнасці завяршае продаж сваёй краіны, завяршаюцца перамовы з Расіяй па апошніх артыкулах саюзнай дамовы, пасля якіх ад краіны нічога не застанецца – толькі бутафорская дзяржава з некалькімі шыльдамі за мяжой, мы не можам гэта дапусціць. Любыя міжнародныя пагадненні, якія абмяжуюць суверэнітэт Беларусі, з'яўляюцца прыніжальнымі, злачынствам супраць беларускага народа, нават не могуць быць прызнаныя міжнароднай супольнасцю, паколькі de facto гэта анэксія краіны".




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: