«Сідарэнка, вы — не наш амбасадар!» Беларусы Германіі абураны адсутнасцю рэакцыі амбасадара на сітуацыю на радзіме

23 кастрычніка ў Берліне перад будынкам амбасады РБ прайшоў мітынг "Сідарэнка, вы — не наш амбасадар". Акцыя будзе падтрыманая ў іншых гарадах Германіі 24-25 кастрычніка і завершыцца перад будынкам пасольства ў дзень заканчэння "Народнага ўльтыматуму" перформансам "Адкрыццё альтэрнатыўнага народнага пасольства свабоднай, дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь у Германіі".


Падставай для правядзення акцыі паслужыла адсутнасць рэакцыі амбасадара Рэспублікі Беларусь у Германіі Дзяніса Сідарэнкі на сітуацыю, якая склалася ў Беларусі.


У верасні гэтага года да амбасадара звярнуліся больш за 350 грамадзян Рэспублікі Беларусь з заклікам публічна выказаць сваю пазіцыю ў дачыненні да супрацьзаконнага ўтрымання ўлады Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама ў дачыненні да незлічоных фактаў парушэння Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь. Гэты і іншыя шматлікія звароты грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць на тэрыторыі ФРГ, засталіся без рэакцыі.


Згуртаванне беларусаў Германіі "Razam" звярталася ў амбасаду РБ з просьбай аб сустрэчы, аднак атрымала адмову. З 8 верасня ў кожны працоўны дзень перад будынкам афіцыйнага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у ФРГ праходзяць акцыі і адзінкавыя пікеты.


У цэнтральным выступе мітынгу было заяўлена, што беларусы Германіі больш не маюць ілюзій наконт таго, на чый бок устаў спадар Сідарэнка ў гэты гістарычны для Беларусі і яе народа момант. Сваім маўчаннем ён, як і многія іншыя служачыя дзяржапарату, падтрымлівае жыццяздольнасць злачыннага рэжыму.


"Нас абурае ваша маўчанне, спадар Сідарэнка!", — далей прагучала ў выступе. 

"Вы — амбасадар дыктатара Лукашэнкі, банды алігархаў, групы запалоханых недальнабачных чыноўнікаў і групы сілавікоў, якія тэрарызуюць мірных грамадзян нашай краіны!

Вы — не амбасадар беларускага народа!
Вы — не наш амбасадар!".

Грамадзяне РБ у Германіі заклікалі таксама Міністэрства замежных спраў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі, Федэральную канцылярыю, прэзідэнта ФРГ а таксама нямецкіх прадпрымальнікаў не шукаць ніякіх кантактаў з беларускай амбасадай або амбасадарам. 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: