Байцы ІДІЛ у Сірыі. Фота Veterans Today.
"ІДІЛ пераможаны. Нашыя жаўнеры вяртаюцца дадому" —
заявіў Трамп у сваім відэазвароце 19 снежня.
Перш за ўсё, трэба адзначыць што так званая "перамога над ІДІЛ" ужо абвяшчалася Расіяй. Прытым як мінімум тры разы. Праўда, есць нюанс — самой Ісламскай Дзяржаве аб перамозе над ёй паведаміць забыліся. І яны, так і не даведаўшыся аб сваім разгроме, працягваюць ажыццяўляць амаль штодзённыя тэрарыстычныя атакі на байцоў СДС (Сірыйскіх дэмакратычных сіл), на войскі Асада і іх хаўруснікаў. Па розных адзнаках, у пустынях, аазісах і населеных пунктах зараз прысутнічае да 2,5 тыс баевікоў. Пад іхнім кантролем дагэтуль знаходзіцца некалькі населеных пунктаў у правінцый Дэйр эз-Зор.
Так выглядае мапа тэрыторый пад кантролем ісламістаў (чорным), тэрыторыя іх аператыўных дзеянняў (чырвоным) і падтрымкі (карычневым) на кастрычнік:
Калі аб "разгроме ІДІЛ" кажа расійскі ўрад, неаднаразова злоўлены на хлусні, — гэта не навіна. Калі ж пра гэта кажа лідар самай магутнай дзяржавы, ад пазіцыі якой залежыць лёс цэлага рэгіёну, — гэта, як мінімум, выклікае здзіўленне.
У амерыканскай прэсе адразу адразу пачалі з'яўляцца артыкулы, якія ставілі пад пытанне гэтую неабгрунтаваную заяву. Аналагічна выказаліся і многія вайсковыя эксперты краін антыІДІЛаўскай кааліцыі. Міністр абароны ЗША
падаў у адстаўку з-за нязгоды з палітыкай Трампа — у тым ліку і з абяцаннем аб вывадзе войскаў.
Зрэшты, пазаўчора і сам Трамп фактычна,
абверг свае словы, аб перамозе ІДІЛ, заявіўшы, што зараз "
Расія, Іран, Сірыія і многія іншыя не радыя зыходу ЗША [...] таму што зараз яны будуць біцца з ІДІЛ і іншымі, каго яны ненавідзяць, без нас". А пазней дадаў:
"Ці хоча ЗША быць паліцэйскім на Бліжнім Усходзе, атрымліваючы нічога акрамя страты лепшых жыццяў і трыліёнаў долараў, абараняючы іншых, хто, амаль заўсёды не адабрае тое, што мы робім? Прыйшоў час ужо і для іншых змагацца".
Гэтая заява аддае нахабнейшым папулізмам — безумоўна, матывы ЗША на Бліжнім Усходзе далёка не такія бескарысныя, але для іх пералічэння і аналізу запатрабаваўся б асобны артыкул. Дастаткова сказаць, што ЗША — краіна прагматычная, і не будзе траціць трыліёны долараў хіба з-за альтруістычнага жадання абараніць кагосьці на другім баку зямлі.
Уяўляецца, такім чынам, што вывад войскаў — яшчэ адзін папулісцкі крок, разлічаны на кароткатэрміновую перспектыву, а менавіта на гэты і, максімум, наступны прэзідэнцкі тэрмін Трампа. І калі ўнутраная аўдыторыя хутчэй за ўсё будзе радая вяртанню 2000 жаўнераў дадому, для ўсяго свету гэты ўчынак будзе выглядаць як мінімум непрыгожа: заварылі кашу і сышлі не давёўшы справу да канца. І як бы зараз не атрымалася, што праз некалькі год пасля вываду кантынгенту ЗША сітуацыя пагоршыцца настолькі, што наступнаму прэзідэнту краіны прыйдзецца ўводзіць войскі ізноў — і на гэты раз ужо не дзве тысячы.
Якімі ж будуць кароткатэрміновыя наступствы для жыхароў рэгіёну? Мяркуецца, што калі вывад войскаў усё ж адбудзецца, ён будзе азначаць падзел Сірыі між двума буйнымі гульцамі: Расіяй (пры падтрымцы Ірану) — з аднаго боку, і Турцыяй — з другога. За першымі: Сірыйскай арабская армія Асада, вайсковы кантынгент РФ, шыіцкія міліцыі, рэгулярныя вайскоўцы Ірану і байцы "Хезбалы".
За другімі: шматлікія ісламісцкія групоўкі, такія як Хайат Тахрыр Аш-Шам, Джейш Фатах Аш-Шам і іншыя, і, вядома, спецпадрзадзеленні самой Турцыі.
Як бачна, на гэтай шахматнай дошцы не застаецца месца трохміліённаму народу які якраз і зыграў вырашальную ролю ў вызваленні ад ІДІЛ вялізарных тэрыторый. Курдам.
Байцы курдскай YPG ("Народных сіл самаабароны")
СДС — араба-курдская кааліцыя, узброеная і адукаваная амерыканскімі спецыялістамі, з'яўлялася першым хаўруснікам ЗША на зямлі. І яна ж на сёння працягвае несці ледзь не штодзённыя страты ў баі з "разгромленым" ІДІЛам. З вывадам войскаў ЗША "Федэрацыя паўночнай Сірыі" (фактычная аўтаномная рэспубліка курдаў, пабудаваная на ідэалах камуналізма і самакіравання) можа наўпрост перастаць існаваць. Прычына гэтаму — Турцыя. СДС небеспадстаўна ўспрымаюцца Турцыяй як афілят ППК (Працоўнай партыі Курдыстана), якая ўжо 30 год вядзе вайну на незалежнасць і стварэнне адзінага Курдыстана на паўднёвым захадзе Турцыі. Ствараецца парадаксальная сітуацыя: для Турцыі курды — тэрарысты, на якіх яна нападае пры малейшай магчымасці (напачатку 2018 Турцыя правяла аперацыю "Аліўкавая галіна", ліквідаваўшы курдскі кантон Афрын, які наўпрост прымыкаў да сірыйскай мяжы). Для ЗША курды —сябры і саюзнікі. І, нягледзячы на пратэсты Турцыі, Амерыка працягвае дапамагаць курдскім СДС, бо ніхто лепш за іх не б'е ІДІЛ на зямлі.
Таму, вядома, планы ЗША па вываду вайсковага кантынгента сур'ёзна напружылі СДС. Яны выпусцілі адмысловую заяву, у якой заявілі, што гэты крок дасць ІДІЛ новыя магчымасці вярнуць сабе страчаныя сілы.
Зрэшты, амерыканцы ўжо саступілі сваім саюзнікам па НАТА кантон Афрын і не сталі замінаць Турцыі праводзіць аперацыю Аліўкавая галіна. І зараз, выглядае на тое, могуць ізноў пакінуць курдаў "на з'яздзенне" другой па колькасці арміі краіны НАТА. А разам з імі з'едзеная будзе і мара курдаў аб мірным і спакойным жыцці на сваёй зямлі, пад сваім сцягам, са сваёй мовай і этнічнай назвай. Націск моцнай імперыялістычнай дзяржвы адсуне гэтую мару на доўгія гады, такім чынам ізноў спраўдзіўшы папулярную курдскую прымаўку:
"у курдаў есць толькі адзін хаўруснік — горы".
Якія ж высновы з гэтага варта зрабіць беларусам? За 25 год жыцця пры дыктатуры многія ў сваім змаганні прывыклі чакаць паратунку звонку: пераважна з Захаду, а некаторыя і з Усходу. Аднак мара аб добрых замежніках, якім есць да нас справа, ушчэнт разбіваецца аб курдскі прыклад. У "сільных гэтага свету" ёсць толькі свае інтарэсы. І мы цікавім іх толькі да таго часу, пакуль нас можна ў гэтых інтарэсах скарыстаць. А гэта значыць, што варта запомніць — разлічваць нам трэба толькі на саміх сябе. Калі зробім гэты прынцып сваім імператывам, то і ніякія расчараванні ва ўчорашніх "сябрах" нас не насцігнуць. А будзе нашым адзіным хаўруснікам багна, лес, альбо вуліцы гораду — ужо не так важна.