Сянцоў спыніў галадоўку, заявілі расійскія турэмнікі

Абаронцы Сянцова пакуль не пацвердзілі і не абверглі гэтую заяву, паведамляе «Радыё Свабода».
Алег Сянцоў падчас «планавага абследавання», на якое Сянцова вывозілі з калоніі ў гарадскі шпіталь Лабытнангі 28 верасня


Намеснік старшыні расейскай Федэральнай службы выканання пакаранняў Валерый Максіменка заявіў агенцтву «Інтэрфакс», што ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расіі, спыніў галадоўку, якую трымаў ад 14 траўня.

«Найлепшыя дыетолагі Масквы распрацавалі для яго адмысловую дыету для вывядзення яго з галадоўкі», — дадаў Максіменка пра Сянцова.

Адвакат Сянцова знаходзіцца ў Салехардзе, пакуль на пытанні журналістаў не адказвае.

Алег Сянцоў адбывае 20-гадовы турэмны тэрмін паводле абвінавачвання ў тэрарызме ў Расіі. Ён абвясціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваннем вызваліць усіх украінскіх палітвязняў у Расіі. Знволены казаў, што мае намер «галадаць да смерці».

У лісце ўпаўнаважанаму па правах чалавека Вярхоўнай Рады Украіны ад кіраўніка расійскага Савету па правах чалавека ад 27 верасня гаварылася, што ўкраінскі зняволены знаходзіцца пад дыспансерным назіраннем у сувязі з захворваннем апорна-рухальнага апарату. З 8 чэрвеня Сянцоў атрымлівае харчовую сумесь і штодзённую інфузійную тэрапію, гаворыцца ў лісце Фядотава. Але «станаў, якія пагражаюць жыццю пацыента, і медычных паказанняў для прымусовага лячэння не выяўлена».

Маці Сянцова звярталася да Уладзіміра Пуціна з прашэннем аб памілаванні ейнага сына, але ёй адмовілі. Сам Сянцоў не стаў прасіць Пуціна аб памілаванні.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-10-05 12:00:48
Нарэшце. Відаць у сувязі з тым, каб паглядзець спектакль беларускага Свабоднага тэатру ў Кіеве. Нашы адраджэнцы-дэпутаты некалі ў 1995 таксама ў маі галадалі. Хвіліны дзве ці тры. Мо калі-небудзь Свабодны тэатр і пра іх галадоўку спектакль паставіць. Галадаць карысна. Я не дэпутат-адраджэнец, але тры разы на дзень галадаю: пасля снедання, абеда і вячэры.