Сярдзючку ў прэзідэнты!

Трэцяе месца музыкі Святаслава Вакарчука ў рэйтынгу кандыдатаў у прэзідэнты Украіны правакуе шмат каго з артыстаў таксама ісці ў палітыку.


Дадзеныя сацапытанняў, паводле якіх лідар «Океана Ельзи» займае высокае месца ў прэзідэнцкім рэйтынгу, публікаваліся і раней, аднак шмат хто ім не верыў. Сур’ёзна пра шанцы Вакарчука пачалі казаць пасля таго, як былі агучаныя вынікі агульнанацыянальнага сацыялагічнага даследавання, праведзенага сумеснымі намаганнямі адразу чатырох вельмі паважаных агенцтваў.

Такім чынам, калі б прэзідэнцкія выбары адбыліся ў бліжэйшы тыдзень, дык самую вялікую падтрымку атрымалі прэзідэнт Пётр Парашэнка, лідар апазіцыйнай партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка і лідар гурта «Океан Ельзи» Святаслаў Вакарчук. За Парашэнку гатовыя прагаласаваць 16,1% рэспандэнтаў, за Цімашэнку — 14,4%, за Вакарчука — 12,1%.

У выніку тэма прэзідэнцтва Вакарчука — адна з самых папулярных ва ўкраінскай прэсе. З’явіліся нават першыя прагнозы наконт курсу краіны ў выпадку перамогі музыкі. Некаторыя пішуць, што прэзідэнт Вакарчук будзе падобным да Эмануэля Макрона — ён малады, прыгожы, з недастатковым палітычным досведам, але вялікім узроўнем сацыяльнага даверу, што дазволіць яму запусціць радыкальныя рэформы.

Ёсць і іншае меркаванне, паводле якога Вакарчук можа стаць аўтарам канстытуцыйнай рэформы. Нібыта, спявак стане фармальным лідарам, аддаючы сапраўдную ўладу прэм’еру, якім, дарэчы, можа стаць Пётр Парашэнка. А вось апазіцыйнае выданне 2000.ua мяркуе, што «стратэгічна Вакарчук будзе марыянеткай Захаду».

Але адным прадстаўніком эстрады выбары ў 2019 годзе, падобна, не абмяжуцца. Хутчэй за ўсё, акрамя Вакарчука на выбарчых білбордах можна будзе пабачыць імя шоўмэна Ула­дзіміра Зяленскага з «Кварталу 95». На карысць яго палітычных амбіцый кажа нядаўні ролік у сеціве супраць забароны ва Украіне расійскага серыялу «Сваты». Сярод іншага, комік прайшоўся па спецслужбах, якія «займаюцца не кумамі, а сватамі». Літаральна за суткі відэа паглядзелі больш за мільён чалавек, што кажа пра сур’ёзны рэсурс падтрымкі ў Зяленскага. Такое палітызаванае пасланне гумарыста расцанілі як уваходжанне ў палітыку.

Хаця ёсць думка, што забарона «Сватоў» (іх вытворчасць фінансаваў і Зяленскі таксама) была папярэджаннем ад улады. «Наверсе», маўляў, хочуць даць зразумець артысту: калі ён пойдзе ў прэзідэнты ці падтрымае нейкага кандыдата, у яго бізнесу паўстануць праблемы.

Аднак і Зяленскім спіс кандыдатаў-артыстаў не абмяжоўваецца. Называюцца іншыя вядомыя спевакі: Патап і Насця Каменскіх, Таісія Павалій, Сяргей Прытула, Оля Палякова. У Адэсе прапануюць выставіць у прэзідэнты мясцовага коміка Жору Дэліева з вядомай групы «Маски».

Не абышлося, канешне, і без мегазоркі Веркі Сярдзючкі (сцэнічны персанаж Андрэя Данілкі). На інтэрнэт-форумах абсмоктваюць сцэну, калі пад лозунгам «Цыгель, цыгель, ай-лю-лю!» Верка з зоркай на галаве заязджае ў офіс на Банкавай (вуліца, дзе месціцца рэзідэнцыя прэзідэнта Украіны ў Кіеве). У сацыяльных сетках створаныя і першыя ініцыятывы за прэзідэнцтва Сярдзючкі.

Імклівую палітызацыю ўкраінскай сцэны звязваюць з шэрагам прычын, у тым ліку і са спробамі дзяржавы ўмешвацца ў культурнае жыццё. Украінскія чыноўнікі сваёй пастаяннай цікаўнасцю наконт спраў артыстаў і забаронамі падштурхоўваюць апошніх да палітычнай дзейнасці.

Да ўдзелу ў выбарах артыстаў міжволі штурхае агульная атмасфера недаверу да палітыкаў. «Сёння ўкраінскае грамадства знаходзіцца ў такім дэзарыентаваным стане, што можа прагаласаваць і за прыгожы прадмет мэблі, а не толькі за спевака», — такі дыягназ ставіць палітолаг Руслан Бортнік.

Нарэшце, чуткі пра тое, што Вакарчук ідзе ў прэзідэнты занепакоілі выбарчыя штабы палітыкаў-аксакалаў. Каб не пусціць музыку ў другі тур, яны будуць стымуляваць і фінансаваць удзел у выбарах іншых поп-зорак, кшталту Зяленскага.

Застаецца пытанне: што дасць Украіне масавае прышэсце артыстаў у палітыку? Пакуль на гэты конт адзінага пункту гледжання няма. Напрыклад, выданне «Gordon» мяркуе, што адкрыты, інтэлігентны і разумны Вакарчук зможа зрабіць тое, што не здолелі зрабіць два Майданы — перафарматаваць карумпаваную эліту краіны.

Іншыя непакояцца, што хваля палітыкаў-артыстаў знізіць узровень палітычнай культуры, паколькі новыя куміры публікі не будуць самастойнымі фігурамі. Прычым, курыраваць іх могуць не толькі алігархі ці Захад, але таксама і Масква. «Гэта (палітызацыя эстрады), безумоўна, небяспека для дэмакратыі, дзяржаўнага развіцця, калі палітыка стане яшчэ больш чорнай, бруднай і кулуарнай», — мяркуе выданне «Голос».

Зрэшты, усе гэтыя спрэчкі пакуль абстрактныя. Ні Святаслаў Вакарчук, ні Уладзімір Зяленскі, ні іншыя ўкраінскія служкі Мельпамены да гэтага часу не зрабілі афіцыйнай заявы наконт удзелу ў выбарчай гонцы. Але чакаць засталося нядоўга: фактычна пасля новага года Украіна пачне ўваходзіць у прэзідэнцкі выбарчы цыкл.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць