Сярэдняя Азія. На шляху да новай дзяржавы?

Не так даўно стала вядома, што ўвосень 1991-га на фоне развалу СССР кіраўніцтва былых савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі вяло кансультацыі наконт стварэння адзінай дзяржавы. Аднак нешта не атрымалася — і пра ідэю забыліся.

І вось цяпер у рэгіянальнай прэсе зноў пачалі гаварыць пра адзіны Туркестан (так традыцыйна называецца сярэднеазіяцкі рэгіён). Імпульсам для дэбатаў стала тэма ўваходжання Узбекістана ў Еўразійскі эканамічны саюз.

Некаторыя бачаць у гэтым пагрозу вяртання рэгіёну пад кантроль Масквы і прапаноўваюць падумаць над праектам рэгіянальнай інтэграцыі. Але, паколькі аўтары ідэі, якая была сфармуляваная ў пачатку ХХ стагоддзя, бачылі часткай Туркестана землі уйгураў (цюркскі народ, які пражывае ў цяперашняй кітайскай правінцыі Сіньцзян), наўрад ці Пекін дазволіць стварэнне аб’яднання. 

Зрэшты, ёсць і больш простыя пытанні, на якія няма адказаў. Напрыклад, на якой мове будзе гаварыць і пісаць гэта новая дзяржава, паколькі ўласныя нацыянальныя дыялекты моцна адрозніваюцца? 

Ці пагодзяцца на такі праект мясцовыя кланы? Адзіны шанец для стварэння Туркестана — пад’ём адной з лакальных дзяржаваў, прыклад якой прымусіць суседзяў думаць аб супрацоўніцтве аж да інтэграцыі.

Паводле сярэднеазіяцкай прэсы



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!