Сёння ў абарачэнне паступілі новыя купюры ў 100 і 200 еўра

Дызайн новых банкнот трохі змяніўся, яны сталі вузей і маюць дадатковыя элементы абароны, перадае Еўрапейскі цэнтрабанк.
Новыя купюры ў 100 і 200 еўра ўводзяцца ў абарачэнне ў краінах еўразоны ў аўторак, 28 траўня.

Абноўленыя банкноты захавалі ранейшую каляровую гаму, але трохі змяніўся іх дызайн. Яны сталі вузей: зараз іх шырыня такая ж, як у купюры ў 50 еўра. Адзначаецца, што дзякуючы гэтаму новыя купюры будуць лягчэй змяшчацца ў кашальках грамадзян, а банкаматы будуць хутчэй іх апрацоўваць.

Абноўленыя купюры ў 100 і 200 еўра забяспечаныя дадатковымі элементамі абароны. На іх нанесеныя нябачныя воку ахоўныя знакі, якія можа лічыць толькі машына. Акрамя таго, яны ўтрымліваюць новы элемент — галаграму, якая змяняецца пры паварочванні купюры. Гэтыя банкноты завяршаюць абнаўленне другой серыі еўрапейскай валюты, новыя купюры ў 5, 10, 20 і 50 еўра ўжо выйшлі ў абарачэнне.

Старыя банкноты будуць таксама выкарыстоўвацца да іх натуральнага вываду з абарачэння. Абноўленая купюра ў 500 еўра выпускацца не будзе, у канцы 2018 года старую версію перасталі выпускаць у абарачэнне. Гэта зроблена, каб абцяжарыць фінансаванне тэрарызму і нелегальнай працоўнай дзейнасці.

Паводле dw.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!