Сёння ў Браціславе адкрыюць мемарыяльную дошку ў гонар Янкі Купалы

11 снежня а 15-й гадзіне ў сталіцы Славакіі Браціславе адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Янкі Купалы.
Памятны знак будзе размешчаны ў будынку гатэля «Карлтан», у якім паэт спыняўся падчас візіту ў Чэхаславакію ў складзе дэлегацыі савецкіх журналістаў і пісьменнікаў у кастрычніку 1935 года.

У гэтым падарожжы Янка Купала быў сапраўдным народным дыпламатам. Выдатны творца, якога суайчыннікі назвалі прарокам нацыянальнага адраджэння – ён стаў паўнамоцным пасланцом сваёй Бацькаўшчыны на славацкай зямлі. Гэта быў першы прамы і непасрэдны беларуска-славацкі культурны кантакт у найноўшай гісторыі, тым больш значны, што нашы народы перажывалі час культурнага і дзяржаўнага будаўніцтва, пошуку свайго шляху і месца ў гісторыі.

Праз 80 гадоў новае пакаленне дыпламатаў ад беларускай культуры і навукі выправілася ў падарожжа Купалавым маршрутам па славацкай зямлі, каб прадставіць Беларусь, а таксама даведацца, чым жыве сёння Славакія, адкрыць яе для сваіх суайчыннікаў. Менавіта падчас вандроўкі 2015 года нарадзілася ідэя ўшанаваць памяць беларускага Песняра на славацкай зямлі, якую падтрымалі ў абедзвюх краінах.

Праект, ініцыятарам якога быў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, рэалізаваны ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства на спонсарскія сродкі. Цырымонія адкрыцця пройдзе пры ўдзеле Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Славакіі Ігара Ляшчэні, дырэктара Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алены Ляшковіч, а таксама стваральніка мемарыяльнай дошкі скульптара Паўла Вайніцкага, дзякуючы таленту якога класік беларускай літаратуры ўшанаваны ў Латвіі і Фінляндыі. Ва ўрачыстасці прымуць удзел прадстаўнікі Саюза славацкіх пісьменнікаў, у тым ліку паэты-перакладчыкі Яраслаў Рэзнік і Марыян Серватка, які ў 2008–2013 быў Паслом Славакіі ў Беларусі; партнёры Купалаўскага музея з Літаратурнага і музычнага музея Дзяржаўнай навуковай бібліятэкі ў Банскай Быстрыцы; уладальнікі гатэля «Карлтан», якія падтрымалі беларускую культурную ініцыятыву.

Паводле kupala-museum.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: