Skoda — афіцыйны галоўны спонсар — адмовілася спансіраваць ЧС-2021 па хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі

Аўтамабільны вытворца Skoda адмовіўся спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі. Адзначым, што гэта афіцыйны галоўны спонсар чэмпіянатаў свету.
«Мы ганарымся тым, што з'яўляемся партнёрам чэмпіянатаў свету IIHF 28 гадоў. Але мы таксама паважаем і прасоўваем Правы чалавека. Таму Skoda адмовіцца ад спонсарства чэмпіянату свету па хакеі з шайбай 2021 года, калі пацвердзіцца, што Беларусь будзе прымаць гэтае спаборніцтва» — гаворыцца ў афіцыйнай заяве.

Нагадаем, учора аб сваёй адмове ва ўдзеле паведаміў іншы спонсар чэмпіянату — брэнд NIVEA MEN:

«NIVEA выступае за павагу, яднанне і супрацьстаіць усім формам дыскрымінацыі і гвалту. Бачачы бягучую сітуацыю, мы вырашылі, што брэнд NIVEA MEN не будзе спонсарам ЧС-2021, калі ён будзе праводзіцца ў Беларусі. Мы ўжо праінфармавалі IIHF пра гэта і будзем уважліва сачыць за бягучымі абмеркаваннямі [дадзенага пытання]».

Нагадаем, ЧС-2021 павінен прайсці ў Мінску і Рызе з 21 мая па 6 чэрвеня 2021 года. Аднак з-за палітычнай сітуацыі ў краіне і падазрэння ў прадастаўленні недакладнай статыстыкі па COVID-19 Міністэрствам аховы здароўя шэраг еўрапейскіх краін выказаліся супраць правядзення спаборніцтваў у Беларусі.

Рашэнне аб тым, ці пройдзе чэмпіянат свету ў Мінску, будзе прынята не пазней 27 студзеня на Савеце IIHF.


Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: