Скотланд-Ярд падазрае двух мужчын у атручванні Скрыпалей

Падазраваныя цесна звязаныя з Расіяй, лічыць брытанская паліцыя. Яны пакінулі Вялікабрытанію на працягу сутак пасля замаху на Скрыпалей.


Брытанская паліцыя падазрае двух мужчын у замаху на расійскага экс-агента Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію, які быў здзейснены 4 сакавіка ў горадзе Солсберы з дапамогай баявога нервова-паралітычнага рэчыва. Следства лічыць, што гэтыя два ключавых падазраваных амаль дакладна маюць цесную сувязь з Расіяй. Пра гэта піша dw.com са спасылкай на брытанскую газету The Sun. Як мяркуе паліцыя, абодва пакінулі Вялікабрытанію на працягу 24 гадзін пасля замаху і цяпер знаходзяцца ў Расіі пад абаронай прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Сяргей і Юлія Скрыпаль 4 сакавіка былі знойдзены без прытомнасці на лаўцы ў цэнтры Солсберы. Па дадзеных следства, атрутнае рэчыва было нанесена на дзвярную ручку ў доме экс-супрацоўніка ГРУ прыкладна за суткі да атручвання. Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй 12 сакавіка заявіла, што Скрыпалі, хутчэй за ўсё, былі атручаны нервова-паралітычным рэчывам пад кодавай назвай "Навічок" (А-234), распрацаваным у СССР. 12 красавіка эксперты АЗХЗ пацвердзілі высновы Лондана пра прыроду рэчыва, якім атруцілі Скрыпалей. У Маскве рашуча адпрэчваюць усе абвінавачванні.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: