Смейцеся, «адмарозкі», смейцеся!

Жарты на плакатах беларускіх дэманстрантаў кшталту «Гэта ўсё фоташоп», «Дзеду не наліваць» выклікаюць усмешку. Між тым, менавіта такіх усмешак кожная ўлада павінна баяцца больш за ўсё.

Сербскі «Отпор», 2000 год

Рэвалюцыі — справа сур’ёзная. Успомніце рэвалюцыянераў XX стагоддзя — Леніна, Маа, Фідэля Кастра або Чэ Гевара. Іх партрэты наўрад ці здольныя выціснуць усмешку. І паглядзіце на цяперашнія пратэсты ў той жа Беларусі, каб канстатаваць: замест злавесных пахмурных рэвалюцыянераў мы, як правіла, бачым вясёлых людзей.


І гэта вельмі трывожны сігнал для любога ўрада. Возьмем сербскі прыклад. У канцы 1990-х гадоў прадэмакратычны рух Сербіі «Отпор» быў усяго толькі мікраскапічнай групоўкай з 20 студэнтаў, якія, праўда, былі настроеныя на рашучыя дзеянні. Аднак замест таго, каб зладзіць дзяжурны пікет супраць аўтарытарнага рэжыму Слабадана Мілошавіча, яны ўзялі пустую бочку з-пад нафты і прыляпілі на яе фатаграфію гаранта. Затым яе ўсталявалі ў цэнтры найбуйнейшага гандлёвага раёна Бялграда ды паставілі побач бейсбольную біту. Неўзабаве на вуліцы выстраіліся дзясяткі чалавек, кожны з якіх чакаў сваёй чаргі, каб ударыць «Мілошавіча» — чалавека, якога многія не любілі, але якога большасць баялася публічна крытыкаваць.


Прыкладна праз 30 хвілін да той бочкі прыехала паліцыя, якая аказалася перад пытаннем, што з гэтым рабіць. Адзінае, што яны прыдумалі, — арыштавалі бочку. Здымак двух паліцэйскіх, якія цягнуць бочку да паліцэйскай машыны, стаў лепшай фотасесіяй у Сербіі. Мілошавіч і яго сябры сталі пасмешышчам нацыі, а назва «Отпор» — намінальным найменнем супраціву. Хутка сам «Отпор» з невялікай студэнцкай тусоўкі ператварыўся ў нацыянальны рух, які налічваў больш за 70 тысяч чальцоў. Гэта стала пралогам краху Мілошавіча, які, напэўна, нават не мог уявіць, што яго рэжым здольны абрынуць жарт з бочкай.

На вопыце Сербіі, «арабскай вясны» і яшчэ шэрагу апошніх рэвалюцый або пратэстаў палітолагі намагаюцца сфармуляваць асноўныя пагрозы, які нясе смех аўтакратам і дыктатарам. Перш за ўсё, гумар, натуральна, разбурае сакральнасць і аўтарытэт улады. Напрыклад, у Егіпце прэзідэнта Махамеда Мурсі прадставілі ў ролі героя «Супер Марыё». У Хабараўску дэманстранты вельмі часта малююць Пуціна ў ролі героя папулярнага мультсерыялу South Park.

Па-другое, сатыра дазваляе не даць пратэстам «здзьмуцца», электрызуе натоўп. Гэтую фішку заўважылі і актыўна выкарыстоўвалі маладыя іспанскія левыя з руху Los indignados. Сатырычныя тэатральныя паказы, флэшмобы і, здавалася б, спантанныя воплескі, спевы і танцы сталі адметнымі рысамі руху. Як прызнавала прэса, яны дапамаглі знізіць напружанасць і падтрымаць энтузіязм актывістаў на працягу двух гадоў (столькі часу працягвалася кампанія, арганізаваная Los indignados).

Нарэшце, праявы гумару руйнуюць шаблонныя вобразы апазіцыі, якія фарміруе афіцыёз. Пратэстоўцы, якія смяюцца, менш за ўсё выглядаюць агентамі замежных разведак або нацэленымі на гвалт радыкаламі. У гэтай логіцы дзейнічалі аўтары праекта Red Sunday (Чырвоная нядзеля) у Тайландзе ў часы наступу рэакцыі. Яны злучылі паўсядзённую дзейнасць (напрыклад, абеды, закупкі, заняткі спортам) з палітычным пратэстам. Такім чынам іх флэшмобы не выглядалі як звычайная палітычная акцыя пратэсту, за выключэннем таго, што іх удзельнікі выкарыстоўвалі чырвоны колер.

Адным з самых запамінальных флэшмобаў Red Sunday быў калектыўны сеанс аэробікі ў найбуйнейшым грамадскім парку Бангкоку ў ліпені 2010 года. Каля 400 удзельнікаў былі апранутыя ў чырвоную спартыўную форму, яны зрабілі адмысловы макіяж, каб нагадаць публіцы пра нядаўнія рэпрэсіі. Абсалютны непрафесіяналізм танцораў выклікаў у публікі смех і дапамог прыцягнуць увагу да тэмы паліцэйскага гвалту. Падобныя шоу стварылі прастору для палітычнай актыўнасці ў часы роспачы і нармалізавалі акты супраціву — асабліва з боку сярэдняга класа.

Прыклады выкарыстання гумару дэманструюць, што такога кшталту пратэст можа заахвоціць людзей уяўляць сабе іншыя палітычныя рэаліі. Гэтая здольнасць уяўляць іншае — надзвычай важная для сацыяльных зменаў. Людзі могуць быць палітычна пакорлівымі толькі тады, калі не бачаць альтэрнатывы, і — як вынік — змены ўяўляюцца як немагчымыя.


І самае важнае. Палітолагі таксама фіксуюць дзіўны эфект выкарыстання гумару для самой улады. Атрымліваецца, што за кошт смеху актывісты ставяць аўтакратаў перад невырашальнай дылемай: як рэагаваць на сцёб. Натуральна, урад можа расправіцца з тымі, хто яго высмейвае. Аднак гэта зро­біць імідж адміністрацыі яшчэ больш недарэчным. Другая магчымая рэакцыя — ігнараваць сатырычныя правакацыі. Аднак у такім выпадку ўзнікае рызыка ўцягвання ўсё большай колькасці людзей у пратэстную масу.

Такім чынам, сутыкнуўшыся з актам нахабнага жартоўнага здзеку, дэспатычныя рэжымы трапляюць у пастку. Што б яны ні рабілі ў такой сітуацыі, яны прайграюць. Зрэшты, гэта заўважыла яшчэ Гана Арэнт, якая ў свой час пісала: «Найвялікшы вораг улады — пагарда, а смех — самы надзейны спосаб выклікаць яе».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: