СМІ: «Стасункі паміж падбітым дыктатарам і расійскім прэзідэнтам падобныя на «доўгі і дрэнны шлюб»»

Расійская Новая газета зрабіла падборку як заходнія СМІ адрэагавалі на сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі.

Фота: прэс-служба прэзідэнта РФ / ТАСС




Die Welt (Германія)
— Беларускі аўтакрат прыляцеў у Сочы, каб правесці «працоўную сустрэчу» з Уладзімірам Пуціным у ягонай чарнаморскай рэзідэнцыі Бачароў Ручай. Усё абстаўлена так, быццам гаворка ідзе аб будзённых справах, а не аб апошняй надзеі Лукашэнкі на выратаванне ў сітуацыі, калі ён губляе легітымнасць.

У Бачаравым ручаі Пуцін ужо прымаў іншых кіраўнікоў дзяржаў, уключаючы канцлера Германіі і сірыйскага лідара Башара Асада. Які з прыкладаў для пераймання абярэ Лукашэнку — стала зразумела адразу. На 20-хвілінным відэазапісе адкрытай часткі сустрэчы, апублікаваным Крамлём, відаць, як Лукашэнка фактычна пераўзыходзіць сірыйскага дыктатара ў паддобрыванні. Тры гады таму фатографы расійскага інфармацыйнага агенцтва ТАСС адлюстравалі Асада, цяпло абдымаючага Пуціна, а вось гаспадар Крамля, здавалася, быў насцярожаны такой любоўю.

Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы з Башарам Асадам, 2017 год. Фота: Міхаіл Кліменцьеў / прэс-служба прэзідэнта РФ / ТАСС


Госць з Мінска не выпусціў магчымасці паказаць сябе перад Пуціным як сапраўдны васал.

Гэта было бачна ў становішчы цел двух палітыкаў. Пакуль Пуцін як звычайна раскінуўшыся сядзеў у крэсле з расстаўленымі нагамі, Лукашэнка, відавочна, стараўся прадэманстраваць падабенства з крамлёўскім шэфам — і не толькі рытарычна. Ён сціскаў калені і прыўздымаўся на левай руцэ ад спінкі крэсла, каб лепш бачыць Пуціна і атрымаць магчымасць звярнуцца да яго. Пуцін глядзеў на яго вачыма, поўнымі тугі.

Лукашэнка казаў пра «братэрскі рускі народ» і <...> спрабаваў пераканаць Пуціна ў небяспецы, якая зыходзіць з Захаду. Пуцін усё гэтак жа глядзеў уніз, быццам правяраючы чысціню туфляў.

1,5 млрд долараў выдалі таксама не проста так. Сапраўдная фінансавая дапамога для краіны, чый знешні доўг вырас амаль да 18 млрд долараў, выглядае інакш.

Гэтая сума дазволіць Лукашэнку ўтрымліваць эканоміку на плаву яшчэ некалькі месяцаў, не даўжэй.

Былому прэзідэнту Украіны Віктару Януковічу < ... > восенню 2013 года Пуцін абяцаў у дзесяць разоў больш, чым Лукашэнку, плюс да ўсяго гарантаваў зніжку на газ.

Сёння Пуцін не дасць і 1,5 млрд долараў за проста так. Увесь наступны год амаль кожны месяц на тэрыторыі дзвюх краін будуць праводзіцца сумесныя вайсковыя вучэнні "як і планавалася", сказаў Пуцін. Гэта, вядома, не жаданая база на тэрыторыі Беларусі, але можна выказаць здагадку, што кіраўнікі дзвюх дзяржаў абмеркавалі і гэта падчас закрытай часткі візіту Лукашэнкі.

Der Spiegel (Германія)

— Адны з самых вядомых радкоў у сусветнай літаратуры — "усе шчаслівыя сем'і падобныя адну на адну, кожная нешчаслівая сям'я нешчаслівая па-свойму" — належаць Талстому.

Цяпер Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін не звязаныя так блізка, але стасункі паміж падбітым дыктатарам і расійскім прэзідэнтам падобныя на «доўгі і дрэнны шлюб» < ... > вы дыстанцыяваліся і шмат сварыцеся, але ведаеце, што ў вас шмат агульнага».

< ... > У 90-х два упэўненыя ў сабе чалавека ўпершыню сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу — Лукашэнка ўжо быў прэзідэнтам Беларусі, Пуцін — усяго толькі памочнікам мэра. Паказальна, што Лукашэнка, па яго словах, не мог успомніць, хто сустракаў яго тады падчас візіту.

У цяперашнім крызісе Лукашэнка шукае дапамогі ў Пуціна — і не беспаспяхова. Пасля сустрэчы ў Сочы кіраўнік Крамля паабяцаў лідару Беларусі крэдыт у 1,5 млрд долараў. Шлюбы па разліку, як вядома, асабліва стабільныя.

Dagens nyheter (Швецыя)

— Калі Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Сочы, Пуцін паслаў губернатара сустракаць калегу.

Адправіць на сустрэчу з прэзідэнтам чыноўніка ніжэйшага рангу — тонкае прыніжэнне.

Аляксандр Лукашэнка, пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка і губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў падчас сустрэчы ў аэрапорце горада. Фота: Андрэй Стасевіч / БелТА / ТАСС

Аляксандр Лукашэнка, пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка і губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў падчас сустрэчы ў аэрапорце горада. Фота: Андрэй Стасевіч / БелТА / ТАСС


Зрэшты, сам Лукашэнка ніколі не адрозніваўся вытанчанасцю. Толькі сустрэўшыся з Пуціным, пачаў ужо адкрыта поўзаць ля ног "старэйшага брата". Седзячы ў крэсле тварам да Пуціна, ён маліўся на расійскага прэзідэнта. Апошні ж сядзеў, шырока расставіўшы ногі і адкінуўшыся ў крэсле, тварам да камеры, і не дакранаўся да твару.

Вострае пытанне канстытуцыйных зменаў у Беларусі практычна не было закранута. Напярэдадні сустрэчы ў Маскве хадзілі чуткі, быццам Крэмль мае намер дамагчыся ўнясення змяненняў у Канстытуцыю, якія аслабяць пазіцыі Лукашэнкі і палегчаць Расіі кантроль над Беларуссю праз падзел і панаванне. Пуцін заявіў, што падтрымлівае змены, але беларусы павінны самі вырашаць свае праблемы. Верагодна, змены будуць ажыццяўляцца па ўзгадненні з Крамлём, пакуль Пуцін умывае рукі.

Расейскі крэдыт — усяго толькі працяг тых стасункаў, што заўсёды былі паміж Крамлём і Лукашэнкам: Расія трымае рэжым Лукашэнкі пад кантролем, Лукашэнка ж плаціць палітычнай лаяльнасцю.

The Guardian (Брытанія)

— Аналітыкі кажуць, што Пуцін не асабліва давярае Лукашэнку, але яму непрыемна бачыць, як улада аспрэчваецца вулічнымі пратэстамі ў блізкай да Расіі краіны.

Некаторыя мяркуюць, што план Пуціна заключаецца ў спробе схіліць слабога Лукашэнку да далейшай інтэграцыі паміж дзвюма краінамі, што, у сутнасці, прывядзе да мяккай анэксіі.

Расія і Беларусь намінальна ўтвараюць Саюзную дзяржаву, якая прадугледжвае цесную інтэграцыю ў рамках шэрагу інстытутаў, але ў рэальнасці яна існуе толькі на паперы, збольшага таму, што ў мінулым Лукашэнка неахвотна саступаў уладу.

Візіт адбыўся на наступны дзень пасля таго, як супрацоўнікі АМАПу паспрабавалі расквітацца з масавымі мітынгамі ў Мінску і іншых гарадах, супраць пратэстоўцаў ужывалі вадамёты.

Дэвізам акцыі пратэсту ў нядзелю, з улікам сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным, стаў лозунг: "Мы не дамо прадаць краіну".

Нягледзячы на тое, што акцыі пратэсту ніколі не насілі геапалітычнага характару, а многія беларусы настроеныя прарасійску, усё большую трывогу выклікае падтрымка Лукашэнкі з боку Крамля.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: