Смяротныя танцы

Пяцьсот гадоў таму ў Еўропе адбыўся амаль містычны выпадак, які дасюль не дае спакою навукоўцам. Сотні людзей раптам ахапіла жаданне танчыць без перапынку.

Фота www.twitter.com

У медыцыне існуе азначэнне — «танцавальная манія». Аднак яно, хутчэй, тычыцца хваробы пад назвай «харэя» (ад грэчаскага «χορεία» — форма танца). Яна ж таксама вядомая як «скокі святога Віта». Хворым на харэю ўласцівы сіндром, які характарызуецца бязладнымі, адрывістымі і нерэгулярнымі рухамі. Гэта гратэскная міміка вонкава часта нагадвае танец. Лічыцца, што «скокі святога Віта» ўласцівыя для велізарнай колькасці розных неўралагічных захворванняў.

Аднак тое, што адбылося на пачатку ліпеня ў 1518 годзе, яўна не адпавядае сімптомам харэі. Усё праз масавы характар танцавальнай маніі, якая хутка апанавала каля 400 чалавек. Праўда, жаданне рытмічна рухацца і скакаць адразу ахапіла не ўсіх. Першай ахвярай аказалася нейкая спадарыня Трафеа, якая выскачыла на вуліцу Страсбурга і пачала танцаваць. На працягу тыдня да яе далучыліся яшчэ 34 чалавекі. Праз месяц натоўп танцораў вырас да некалькіх сотняў, сярод якіх большасць складалі жанчыны.

Прычым танец так захапіў людзей, што яны адмаўляліся ад ежы, сну і ўвогуле любога адпачынку. Не дзіўна, што час ад часу некаторыя падалі ад фізічнага знясілення, інфарктаў і гэтак далей. Калі верыць сучаснікам, гэты былі жудасныя сцэны. Вельмі часта стомленыя танцоры падалі, ламалі рэбры, аднак і далей намагаліся працягнуць скокі. Паводле шматлікіх крыніцаў, штодня ад танцаў у горадзе паміралі каля 15 чалавек.

Муніцыпальныя ўлады былі ў прастрацыі. Натуральна, з улікам часу, першай рэакцыяй на танцы была калектыўная малітва ва ўсіх гарадскіх касцёлах. Паколькі гэта не спыніла танцавальную ліхаманку, у мэрыі сканцэнтраваліся на іншых шляхах вырашэння праблемы. Былі мабілізаваныя ўсе медыцынскія аўтарытэты. Дактары мелі давесці, што танцы ў Страсбургу нельга звязваць з чумой. Слова «чума» ў сярэднявечныя часы выклікала калектыўную паніку і імклівы дэмантаж сацыяльных структураў.

Адначасова ў ратушы адбыўся мазгавы штурм, у выніку якога быў вынайдзены чарговы антыдот супраць танцаманаў. На думку гарадскіх уладаў, праблему можна вырашыць, калі ўсе танцоры стомяцца. Каб стымуляваць тую стомленасць, людзей заклікалі танчыць яшчэ больш. Для аматараў танцаў пабудавалі на гарадскім рынку нешта накшталт танцполаў і сцэны, запрасілі музыкаў, якія павінны былі граць як удзень, так і ўначы. Відавочна, што такі рэцэпт толькі пагоршыў статыстыку смяротнасці.

Калі стала зразумела, што прынятыя захады не прыво­дзяць да паляпшэння сітуацыі, мясцовыя ўлады цалкам змянілі тактыку. Цяпер яны забаранілі любыя забавы ў горадзе, у тым ліку азартныя гульні, прастытуцыю, музыку і танцы. Супраць заразы пачалі змагацца рэлігійнымі рытуаламі. Праз некалькі тыдняў эпідэмія пайшла на спад. Большасць хворых здолела аднавіць кантроль над сваім целам. Верагодна, гэта выратавала Страсбург ад татальнага хаосу.

З іншага боку, думаецца, што, калі б танцавальная чума паўтарылася ў наш час, рэакцыя ўладаў была б таксама вельмі неадэкватнай. Прычыны хваробы, што выбухнула 500 гадоў таму, ніхто не ведае дасюль. Цяпер навукоўцы, якія намагаюцца зразумець танцавальную ліхаманку, аперыруюць выключна шэрагам тэорый.

Напрыклад, існуе тэорыя, што танцавальная чума не была спантаннай акцыяй. Некаторыя знайшлі ў летапісах запісы: быццам, некаторыя танцоры былі ў незвычайнай вопратцы і мелі драўляныя кіі. Магчыма, гэта была нейкая секта, якая выкарыстоўвала для рэкрутынгу танцавальныя практыкі. У тым ліку таму, што ў экстазе танцу людзі ахвотна аддавалі ўсю маёмасць.

Схільныя да марксісцкай школы звяртаюць увагу на цяжкі матэрыяльны фон. Танцы non-stop для шмат каго былі нейкай формай пратэсту, і, магчыма, альтэрнатывы бясконцаму стрэ­су ад эксплуатацыі. Паводле гэтай тэорыі, «танцавальная чума» выступае, хутчэй, як сацыяльная з’ява.

Найбольш папулярная — хімічная тэорыя. Паводле яе адэптаў, 500 гадоў таму ў Страсбургу здарылася харчовае атручэнне псіхаактыўным прадуктам спарынні, якая трапіла ў хлеб. У спарынні знаходзяцца алкалоіды, па хімічнай структуры блізкія да наркатычнага рэчыва ЛСД, якое, дарэчы, першапачаткова было сінтэзаваны менавіта з іх.

Аднак такая тэорыя абсалютна не працуе ў рэгіёнах, дзе няма наркатычных раслінаў. Напрыклад, эпідэмія смеху ў Танзаніі ў 1962-м, калі смех ахапіў каля 150 школьніц. Калі праз два месяцы школу зачынілі, смех перакінуўся на навакольныя вёскі, і нават атакаваў суседнюю Намібію. Акрамя смеху паведамлялася аб спадарожных сімптомах: боль, праблемы з дыханнем, прыступы плачу і гэтак далей. Эпідэмія скончылася праз 18 месяцаў.

Найбольш далёка ў вывучэнні «танцавальнай чумы» прасунуліся гісторыкі. Яны давялі, што выпадак у Страсбургу — не ўнікальны. Падобныя танцы апісаныя ў хроніках Англіі і Нідэрландаў. У Італіі ў XVI–XVII стагоддзях былі папулярныя «тарантэлы» — масавыя танцы да знясілення. Лічылася, што такім шляхам можна пазбег­нуць укусу тарантула. Ускосным доказам распаўсюджанасці хваробы з’яўляюцца казкі братоў Грым. У некаторых з іх ёсць сцэны, калі людзі губляюць кантроль над целам, якое аўтаномна танчыць пад нейкую мелодыю. Паўтараліся выпадкі танцавальнай маніі ў Еўропе і пасля 1518 года. Напрыклад, у 1536-м у нейкай базельскай школе патрэба танчыць ахапіла шматлікіх дзяцей.

Апошнія рэцыдывы танцавальнай маніі ў Еўропе фіксуюцца ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Пасля «танцавальная чума» загадкава знікла, пакінуўшы пытанні, на якія навукоўцам, відавочна, яшчэ давядзецца адказваць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць