СНБА Украіны: самалёт у Іране мог быць збіты ракетай вытворчасці РФ

Сярод асноўных версій катастрофы "Боінга" авіякампаніі МАУ, які разбіўся 8 студзеня неўзабаве пасля вылету з аэрапорта Тэгерана, — параза ракетай, у тым ліку, магчыма, выпушчанай з зенітна-ракетнага комплексу "Тор" расійскай вытворчасці, піша svoboda.org.

Пра гэта заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў выданню "Цензор.нет". Па словах Данілава, украінскія эксперты распрацоўваюць чатыры асноўныя версіі катастрофы. Акрамя паразы ракетай, гэта сутыкненне з беспілотнікам або іншым аб'ектам, выбух рухавіка па тэхнічных прычынах і выбух на борце самалёта ў выніку тэракту.

Як заявіў Данілаў, украінскія спецыялісты, якія прыбылі ў Іран, цяпер узгадняюць з іранскім бокам магчымасць свайго выезду на месца катастрофы. Яны маюць намер шукаць абломкі ракеты ЗРК "Тор".

Напярэдадні ў інтэрнэце з'явіліся фотаздымкі, на якіх абломкі ракеты выяўлены разам з абломкамі самалёта. Сцвярджаецца, што гаворка ідзе менавіта аб украінскім "Боінгу". У той жа час выведніцкая група Bellingcat папярэдзіла, што гэтыя сцвярджэнні пакуль не даказаны, паколькі геалацыраваць месца, дзе быў зроблены здымак, немагчыма, і незразумела, ці ідзе гаворка пра Іран.

Версія аб тым, што самалёт мог быць збіты, з'явілася ў сацсетках, а затым і ў СМІ адразу пасля катастрофы. Прычынай такіх здагадак было тое, што катастрофа адбылася праз некалькі гадзін пасля таго, як Іран нанёс ракетныя ўдары па амерыканскім базам у Іраку — як сцвярджае Тэгеран, гэта была акцыя помсты за забойства іранскага генерала Касема Сулеймана. Здагадку пра тое, што самалёт маглі выпадкова збіць іранскія ваенныя, першым выказала Іарданскае выданне Al-Hadath.

Агенцтва Reuters у чацвер са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай, еўрапейскай і канадскай выведцы, аднак, паведаміла, што заходнія спецслужбы мяркуюць, што самалёт не быў збіты, а разбіўся з-за тэхнічнай няспраўнасці. Па дадзеных крыніцы ў канадскіх спецслужбах, гаворка ідзе пра перагрэў рухавіка.

Улады Ірана ў чацвер паведамілі аб папярэдніх высновах расследавання. Прычынай катастрофы было названа ўзгаранне рухавіка і няўдалая спроба пілота ўзяць лайнер пад кантроль. У справаздачы гаворыцца, што перад знікненнем з радараў самалёт знаходзіўся на вышыні каля 2500 метраў. Пілоты не паведамлялі аб няштатнай сітуацыі, аднак, мяркуючы па траекторыі палёту, спрабавалі вярнуцца ў аэрапорт вылету.

У інтэрнэце апублікаваныя відэа відавочцаў, на якіх відаць, што агонь ахапіў самалёт яшчэ ў паветры, а пасля падзення лайнер выбухнуў.

Пасольства Украіны ў Іране першапачаткова заявіла, што самалёт пацярпеў крушэнне ў выніку аварыі рухавіка і версія тэракту выключаецца. Пазней гэта паведамленне было выдаленае, а замест яго з'явілася заява, што разглядаюцца ўсе магчымыя версіі трагедыі.

Загінулі ўсе 176 чалавек, якія знаходзіліся на борце "Боінга". Большасць загінулых — грамадзяне Ірана і Канады, а таксама Швецыі, Афганістана, Германіі і Вялікабрытаніі. Загінулі 11 грамадзян Украіны — двое пасажыраў і 9 членаў экіпажа.

Па словах Данілава, сярод украінскіх экспертаў, якія прыбылі ў Іран, — тыя, хто расследаваў катастрофу малайзійскага "Боінга" над Данбасам у 2014 годзе. Следства прыйшло да высновы, што ён быў збіты з расейскага комплексу "Бук".

ЗРК "Тор" быў распрацаваны ў СССР і пастаўляўся ў шэраг краін свету. Ён знаходзіцца на ўзбраенні ў іранскім войску.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: