Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Спякотнае лета 1967-га

Пяцьдзясят гадоў таму свет упершыню сутыкнуўся з феноменам масавай моладзевай субкультуры — у Сан-Францыска пачаўся беспрэцэдэнтны па маштабах фестываль хіпі «Summer of Love» («Лета кахання»), які, хутчэй, нагадваў сацыяльную лабараторыю.

Фота www. katsville.wordpress.com

Лета 1967-га было спякотным, прычым ва ўсіх, у тым ліку палітычным, сэнсах. Кітайская культурная рэвалюцыя, студэнцкія пратэсты ў ФРГ, вайсковы пераварот у Грэцыі, Шасцідзённая вайна, грамадзянская вайна ў Нігерыі і ў Емене… Гэта далёка не поўны спіс падзей, якія стваралі інфармацыйны фон лета 50-гадовай даўніны. Не дзіўна, што ў асяроддзі кансерватараў тады ўзнікала адчуванне надыходу апакаліпсісу. І не апошнім фактарам для такіх настрояў было рэха фестывалю «Summer of Love».

Дасюль сярод гісторыкаў няма канчатковага адказу на пытанне, як па ўсёй краіне пашыралася інфармацыя пра тое, што ў Сан-Францыска, у раёне Хейт-Эшберы створны камітэт «Лета кахання», які запланаваў нейкі буйны фестываль? Некаторыя лічаць, што ва ўсім вінаватыя дырэктары школаў. Пасля таго, як іх вучні збеглі ў Каліфорнію, настаўнікі кінуліся біць у званы. Істэрыку педагогаў ахвотна рэтранслявала жоўтая прэса, дзякуючы якой кожны тынэйджар хутка даведаўся пра крутую тусоўку ў Каліфорніі.

Як следства, каля ста тысяч маладых амерыканцаў абвясцілі сябе хіпі і рушылі да берагоў Ціхага акіяну. Увогуле, пра хіпі, або «дзяцей кветак», як яны сябе называлі, Амерыка чула і раней, аднак гэта былі маленькія артыстычныя ініцыятывы ў багемных кварталах. Гэтым разам хіпі сабраліся ў адным месцы. Атрымалася нешта феерычнае.

Славуты амерыканскі публіцыст Норман Майлер так апісваў прадстаўнікоў згаданай субкультуры: «Яны рухаліся лавінай, апранутыя як блазны. Сярод іх можна было ўбачыць і мудрагелістыя адзенні арабскіх шэйхаў, і ўпрыгожаныя залатымі галунамі ўніформы швейцараў. Былі тыя, хто выглядаў як іх продкі, якія скарылі Дзікі Захад, — у макасінах і замшавых куртках. Доўгія вусы надавалі ім зверскі выраз. Некаторыя былі апранутыя як індзейцы — з пер'ямі ў валасах. Многія апранулі белыя хламіды. Усё, што было вядома з літаратуры, коміксаў, серыялаў, міфалогіі, Бібліі — усе персанажы прысутнічалі тут. У бой ішло цэлае карнавальнае шэсце, маскарад адчайных!»

Па прыбыцці ў Сан-Францыска тусоўка заглыбілася ў геданізм — слухалі музыку, палілі траву, практыкавалі вольнае каханне, жылі ў камунах, танчылі, жыўцом слухалі легендарных музыкаў: Джэніс Джоплін або Джымі Хендрыкса. Не дзіўна, што ў некаторых узнікла адчуванне, што ў Хейт-Эшберы адбываецца нейкі маштабны сацыяльны эксперымент.

У «Summer of Love» быў і іншы бок. У выніку вялікай канцэнтрацыі маладых людзей і дэфіцыту належнай санітарыі пачаліся страўнікавыя атручванні. Хейт-Эшберы стаў велізарным рынкам наркотыкаў, які паліцыя была не ў стане закрыць ці кантраляваць.

Аднак уладу значна больш хваляваў палітычны падтэкст таго, што адбывалася. Кансерватыўная Амерыка пабачыла ў «Summer of Love» замах на амерыканскі лад жыцця. Сапраўды, хіпі ахвотна казалі, што іх філасофія адмаўляе канфармізм спажывецкага грамадства з яго матэрыяльным арыенцірам.

Не падабалася чыноўнікам і пацыфісцкая эстэтыка хіпі, што выглядала як вылік амерыканскаму мілітарызму, які на той час завяз у В’етнамскай вайне. Адной з забавак удзельнікаў «Summer of Love» было калектыўнае спаленне вайсковых білетаў. Дайшло да таго, што некаторыя правыя ЗША заявілі: вайсковыя правалы ў В’етнаме выкліканыя хіпі, якія, маўляў, дэмаралізуюць тыл.

Цікава, што хіпі непакоілі і савецкі агітпроп, які баяўся, што мода на джынсы, фенечкі і доўгія валасы з’явіцца ў СССР, каб у выніку падарваць маральны кодэкс маладога будаўніка камунізму.

Мода на субкультуру хіпі распаўсюджвалася, нібы цунамі. У ліпені ў амерыканскіх хіт-парадах першае месца заняў гурт «The Mamas & the Papas» з песняй «Be Sure to Wear Flowers in Your Hair», што лічыцца неафіцыйным гімнам хіпі. У той год было прададзена сем мільёнаў кружэлак гурта. У некаторых краінах Еўропы навіны з Сан-Францыска выклікалі спробы правесці свае аналагі «Summer of Love».

На дапамогу праціўнікам хіпі прыйшла прырода. Па набліжэнні восені і халадоў моладзь пачала паступова пакідаць Сан-Францыска. Мерапрыемства было афіцыйна закрытае 6 кастрычніка, падчас хэпенінгу «Пахаванне апошняга хіпі». Але на самай справе хіпі і не думалі паміраць. Наступныя некалькі гадоў сталі кульмінацыяй іх руху, якому без усялякай зброі ўдалося моцна змяніць Захад. Сёння некаторыя канцэпцыі хіпі, якія ў 1967-м падаваліся чыстай утопіяй, увайшлі ў менталітэт сучаснага заходняга чалавека. Самі падзеі лета 1967-га цяпер часта называюць нараджэннем новага амерыканскага народа.

Не дзіўна, што ў 2007-м муніцыпалітэт Сан-Францыска з нагоды 40-годдзя «Summer of Love» арганізаваў вялікі фестываль. На фінальны канцэрт сабралася каля 250 тысяч чалавек. І ў 2017-ты юбілейны год пра падзеі 1967-га таксама ўзгадаюць. Прычым, не толькі ў Злучаных Штатах. 1 ліпеня «Summer of Love» будуць адзначаць у Ліверпулі, на радзіме гурта «The Beatles», які 50 гадоў таму запісаў культавы сярод хіпі альбом: «Sgt Pepper's Lonely Hearts Club Band».

Дарэчы, гэтым разам урачыстасці будуць мець відавочна палітычны прысмак праз сур’ёзны канфлікт прагрэсіўнай часткі амерыканскага грамадства з адміністрацыяй Дональда Трампа. Левыя і ліберальныя СМІ ЗША ўжо заклікаюць новую генерацыю амерыканцаў вучыцца ў хіпі 1960-х, якія не толькі пратэставалі супраць тагачаснай адміністрацыі ў Белым Доме, але і фармулявалі альтэрнатыву існуючым парадкам.



Каментаваць