Справа Напалеона праз палітычную прызму

Забойства няшчаснай 24-гадовай дзяўчыны ў Санкт-Пецярбургу дацэнтам-гісторыкам Алегам Сакаловым абрастае новымі дэталямі. Цяпер у гэтай гісторыі нечакана з’явіўся палітычны складнік.

 Фота www.meduza.io

Немалады дацэнт-рэканструктар, які лічыць сябе Напалеонам, застрэліў маладую каханку. Раз­дзяліўшы на фрагменты цела сваёй ахвяры, ён скідаў іх па частках у раку. Пасля чаго, па ўласных словах, збіраўся публічна пакончыць з сабою ў касцюме імператара Банапарта. Падобны сюжэт, як пішуць у сеціве, адназначна натхніў бы Дастаеўскага засесці за раман, на старонках якога пісьменнік грунтоўна пакапаўся б у глыбінях чалавечай душы.

Але Фёдара Міхайлавіча з намі няма. Таму застаецца задавольвацца каментарамі без асаблівага філасофскага падтэксту. Пакуль учынак дацэнта Сакалова тлумачаць тэрмінамі псіхічнай медыцыны. Ёсць такія, якія бачаць тут «бытавуху». Некаторыя (але іх няшмат) дапускаюць, што мела месца забойства ў стане афекту. Нарэшце, іншыя спрабуюць расцэньваць забойства ў Піцеры праз прызму палітычнай павесткі.

Напрыклад, па Сакалову катком прайшлася ліберальная грамадскасць. Гэта не дзіўна, паколькі Сакалоў, як высветлілася, быў адным з кіраўнікоў Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства (РВИО) — аднаго з бастыёнаў крамлёўскага бачання і трактоўкі гісторыі. Дарэчы, учорашнія сябры Сакалова па РВИО адракліся ад яго з хуткасцю гуку. Акрамя таго, дацэнт-гісторык быў жаданым госцем на ютуб-канале Дзмітрыя Пучкова (Гобліна), папулярнага сярод праціўнікаў ліберальных трансфармацый.

Некаторыя ліберальныя публіцысты пабачылі ва ўчынку Сакалова не менш як «жудасную алюзію на будучыню краіны». На думку выдання Kolibri Press, эліта складаецца з такіх жа, як гісторык, маньякаў «з комплексамі Напалеона, якія могуць стварыць тое ж самае, што і Сакалоў але ў маштабах дзяржавы, калі ў іх канчаткова сатрэцца мяжа паміж ролевай гульнёю і жыццём».

Узгадалі пра тое, што раней нехта з чыноўнікаў маскоўскай мэрыі дапамог Сакалову замяць справу, калі іншая студэнтка абвінаваціла яго ў неэтычных паводзінах. Лаяльнасць Сакалова на адрас рэжыму дала падставу Міхаілу Святлову, аднаму з лідараў лібералаў, катэгарычна заявіць: «Даўно зразумела, што пуцінскі рэжым могуць абараняць толькі псіхапаты».

Афіцыёз на гэтае і падобныя выказванні адрэагаваў сіметрычна — праўладнае выданне «Взгляд» нагадала імёны актывістаў антыпуцінскай апазіцыі, якія былі фігурантамі скандалаў на сексуальнай глебе. Успомнілі, напрыклад, што ў 2013 годзе вядомы ліберальны актывіст і рэстаратар Аляксей Кабанаў забіў і нарэзаў на часткі сваю жонку ў той жа кватэры, дзе мірна спалі і нічога не падазравалі іх дзеці. Каб падкрэсліць сістэмнасць дэвіяцый у прадстаўнікоў апазіцыі, прыгадалі Уладзіміра Букоўскага — легендарнага савецкага дысідэнта, якога ўжо ў эміграцыі брытанская пракуратура злавіла на педафіліі.

Свае «пяць капеек» уставілі праваслаўныя патрыёты. Дзяржаўнікі накшталт блогера Ягора Халмагорава на блакітным воку вінавацяць у злачынстве Сакалова разлажэнне патрыярхальных нораваў, якое пачалося яшчэ ў часы бязбожнай Вялікай французскай рэвалюцыі (!).

Дыяметральна іншы погляд маюць расійскія левыя. На іх думку, Сакалоў, наадварот, якраз і стаў ахвярай прапаганды імперскай спадчыны, засвоіў манеры «Высакароднага Дамастрою». «Атаясамліваючы сябе з рэзідэнтамі Зімовага палаца, ён паступова засвойваў класавыя погляды, норавы і манеры паводзін арыстакратаў у хатнім побыце», — піша блогер Аляксандр Каралевіч. А гэтыя манеры былі вельмі характэрныя, пра што не вельмі любяць успамінаць прыхільнікі храбусцення французскіх булак. Каралевіч нагадвае, што, «напрыклад, вялікі князь Канстанцін Паўлавіч — без пяці хвілін кіраўнік Расійскай імперыі — гвалтаваў кабет, якія праязджалі пад вокнамі яго палаца, і страляў з пісталета па сваёй жонцы, пасадзіўшы яе ў кітайскую вазу».

Ці існаваў палітычны фактар ва ўчынках Сакалова і ці будзе яго справа мець палітычны рэзананс? Свой погляд прапануе маскоўскі журналіст Дзмітрый Кастэнка:

— У выпадку Сакалова злачынства звязваецца, хутчэй, з яго асабістымі якасцямі, з яго з псіхічным здароўем, чым з палітычнымі поглядамі. Таму пакуль адзіны палітычны вынік — прамоўшэн новай кнігі Яўгена Панасенкава — скандальнага гісторыка, які напісаў супярэчлівую кнігу. Панасенкаў быў асабістым ворагам Сакалова, і запланаваны выхад яго новай кнігі пра Вялікую Айчынную вайну дакладна прыцягне ўвагу. А паколькі Панасенкаў аспрэчвае пуцінскую версію ВАВ, можна чакаць буйных дэбатаў з палітычнай афарбоўкай.

З іншага боку, шмат зале­жыць ад вынікаў следства і суда на Сакаловым. Калі суд схіліцца да таго, што забойства адбылася ў стане афекту, то забойца можа атрымаць каля 3–4 гадоў зняволення. З улікам таго, што ў нас за кінутую ў паліцэйскага пляшку можна атрымаць тры гады, такі вердыкт дакладна справакуе грамадскае абурэнне.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!