«Справядлівасць будзе!»

У Мексіцы да адказнасці прыцягнутыя сілавікі, што выкралі і забілі 43-х студэнтаў. На сёння колькасць людзей, якія зніклі без вестак у Мексіцы, налічвае каля 73 тысяч чалавек. Хутчэй за ўсё, некаторыя са зніклых сталі ахвярамі крыміналу або сілавікоў, якія звычайна адчуваюць сябе беспакаранымі.

 Фота www.avtonom.org

Трагедыя 43 студэнтаў шматлікім мексіканцам знешне нагадвала падзеі на Плошчы Трох Культур у Мехіка ў кастрычніку 1968 года і іх наступствы.

Нагадаем, што ў ноч на 2 кастрычніка 1968 года паліцыя і спецназ адкрылі агонь па студэнтах, якія пратэставалі на Плошчы Трох Культур у раёне Тлатэлолька (квартал мексіканскай сталіцы). Гэта здарылася за дзесяць дзён да пачатку XIX Летніх Алімпійскіх гульняў у Мехіка, арганізацыя якіх дорага каштавала мясцоваму бюджэту. Па-сутнасці, будаўніцтва нятанных спартыўных аб’ектаў на фоне беднасці мексіканцаў і стала галоўным дэтанатарам пратэсту, які ў тую кастрычніцкую ноч жорстка задушылі.

Афіцыйнае ўрадавае тлумачэнне інцыдэнту выглядала наступным чынам: узброеныя правакатары з шэрагаў дэманстрантаў размясціліся ў будынках вакол плошчы і, прапусціўшы туды мірных пратэстоўцаў, распачалі страляніну па натоўпе ды забілі прыкладна 25–30 чалавек. У адказ сілы бяспекі папросту навялі парадак, не перавышаючы межаў самаабароны.

На самай справе, усе ведалі, што забітых было ў дзесяць разоў больш. Яшчэ прыкладна 800 чалавек былі арыштаваныя. Застаецца дадаць, што арганізатарам бойні з’яўляўся тагачасны міністр унутраных спраў Луіс Эчэверыя Альварэс, які ў 1970 годзе заняў пасаду прэзідэнта краіны.

Хаця пазней тэма падзей на Плошчы Трох Культур у кастрычніку 1968-га ўсяляк замоўчвалася і купіравалася ў афіцыёзе, паступова грамадства стала патрабаваць правядзення расследавання. Аднак толькі ў 1998 годзе, у 30-ю гадавіну страляніны ў Тлатэлолька, прэзідэнт Эрнэста Сэдыльё дазволіў кангрэсу распачаць расследаванне падзей.

У яго выніку ад старой урадавай версіі пра студэнтаў-правакатараў не засталося каменя на камяні. На базе шматлікіх сведчанняў стала зразумела, што страляць з будынкаў, якія атачаюць плошчу, пачалі чальцы ўзброенай групы, якую ў дакументах МУС называлі Brigada Olympica (Алімпійская брыгада). Яе штат галоўным чынам складаўся са спецназу прэзідэнцкай аховы.

Натуральна, сталі гучаць заклікі пакараць адказных за масавае забойства на Тлатэлолька. У чэрвені 2006 года хворы 84-гадовы Луіс Эчэверыя Альварэс быў абвінавачаны ў генацыдзе і змешчаны пад хатні арышт. Але хутка з яго знялі абвінавачванні ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці. Каб неяк рэабілітавацца ў вачах грамадства, у снежні 2008 года мексіканскі ўрад пастанавіў з наступнага года лічыць 2 кастрычніка днём нацыянальнай жалобы.

У 2014 годзе шмат у каго ўзнікла пачуццё дэжавю. У верасні гэтага года 43 студэнты педагагічнага каледжа ў штаце Герэра былі выкрадзеныя невядомымі і перададзеныя чальцам злачыннай групоўкі Guerreros Unidos. Паводле афіцыйных даных, затым маладыя людзі былі забітыя, а іх парэшткі — спаленыя на сметніку. Паводле афіцыйнай версіі, чальцы крымінальнай групоўкі Guerreros Unidos забілі студэнтаў, паколькі памылкова лічылі маладых людзей удзельнікамі банды-канкурэнта.

Сваякі і аднакурснікі пацярпелых адразу адкінулі афіцыйныя вынікі расследавання. Яны падазравалі, што тое злачынства было мэтанакіраваным нападам органаў дзяржаўнай бяспекі на навучэнцаў каледжа, які вядомыя сваімі левымі апазіцыйнымі поглядамі.

З верасня 2014-га ў шматлікіх гарадах Мексікі распачаліся рэгулярныя маніфестацыі з патрабаваннем сумленнага расследавання злачынства. Удзельнікі акцый у тым ліку малявалі на сценах будынкаў лічбу 43, якая стала нефармальным сімвалам пратэсту. Тэма адразу ж палітызавалася і пачала абмяркоўвацца ў тым ліку кандыдатамі ў прэзідэнты на апошніх выбарах.

Самы незвычайны спосаб прыцягнуць увагу ўрада да праблемы зніклых студэнтаў прыдумалі жыхары вёскі, дзе знаходзіцца згаданы вышэй педагагічны каледж. У 2016 годзе яго жыхары калектыўна адмовіліся ўдзельнічаць у рэгіянальных выбарах, і да таго ж спалілі бюлетэні і скрыні на выбарчым участку.

З-за пратэставай актыўнасці гісторыя з трагедыяй на Тлатэлолька, калі адказныя за злачынства засталіся беспакаранымі, не паўтарылася. Роўна праз шэсць гадоў пасля знікнення студэнтаў, на мінулым тыдні, былі выдадзеныя ордэры на арышт некалькіх падазраваных у злачынстве салдат і афіцэра федэральнай паліцыі. «Будзе справядлівасць», — пракаментаваў падзею мексіканскі прэзідэнт Лопес Абрадор.

Ужо агучаныя некаторыя раней не вядомыя дэталі таго, што здарылася ўвосень 2014-га. Згодна з данымі новага расследавання, правесці паліцэйскую аперацыю і арыштаваць студэнтаў загадаў мэр горада Ігуала. Яму не падабалася, што студэнты перапынілі публічны выступ яго жонкі.

Дарэчы, некаторыя не выключаюць, што студэнты (прынамсі, большасць з іх) дасюль жывыя. Сапраўды, іх магілы і парэшткі дасюль не знайшлі. Былі знойдзеныя косткі толькі двух ахвяраў. Таму ёсць версія, што мафіёзі або ваенныя трымаюць студэнтаў у нейкім сакрэтным месцы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: