Спроба штурму парламенту ў Тбілісі: паліцыя ўжыла вадамёты і газ

Паліцыя ў Тбілісі ўжыла слезацечны газ, вадамёты і гумовыя кулі для разгону дэманстрацыі ля будынка парламента Грузіі. Афіцыйных дадзеных пра колькасць пацярпелых пакуль няма. 

Каля будынка грузінскага парламента сабралася больш за 5 тысяч чалавек. Фота AFP

Удзельнікі мітынгу з патрабаваннем адстаўкі чальцоў урада раней паспрабавалі прарвацца ў двор будынка парламента, паведамляе ВВС.

Пратэсты ўспыхнулі пасля таго, як дэпутат расійскай Дзярждумы Сяргей Гаўрылаў звярнуўся да ўдзельнікаў Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, што праходзіла ў Тбілісі, седзячы ў крэсле спікера грузінскага парламента.

Ён звярнуўся да дэлегатаў асамблеі — парламентараў з пераважна праваслаўных краін — на рускай мове, што выклікала гнеў і грузінскіх палітыкаў, і  жыхароў Грузіі, што рэзка негатыўна ставяцца да расійскай прысутнасці ў краіне.

Паводле інфармацыі AFP, каля 10 тысяч пратэстоўцаў, якія сабраліся перад будынкам парламента, прарвалі паліцэйскае ачапленне. Яны патрабавалі адстаўкі спікера парламента Іраклія Кабахідзэ і іншых афіцыйных асоб. Частка з дэманстрантаў прыйшла са сцягамі Еўрасаюза і плакатамі са словамі "Расія — акупант".

Паліцэйскія спынілі спробу штурму. Да раніцы пятніцы сілавікі рассеялі асноўную частку тых, хто сабраўся на праспекце Руставелі.

Мітынгоўцы паспрабавалі ўварвацца ў парламент Грузіі

Аднак, як паведамляе карэспандэнт ВВС, частка мітынгоўцаў, тым не менш, застаецца на месцы.

Паводле інфармацыі грузінскіх СМІ, некаторыя ўдзельнікі пратэстаў спрабуюць збудаваць барыкады недалёка ад будынка тбіліскай філармоніі. Мітынгоўцы перагарадзілі вуліцу аўтобусам, смеццевымі бакамі.

Міністэрства аховы здароўя Грузіі паведаміла пра 14 пацярпелых удзельніках акцыі і 38 паліцэйскіх. Грузінскі Першы канал паведаміў пра раненне свайго супрацоўніка на мітынгу — аператар атрымаў раненне ў галаву.

Адзін з лідараў былой партыі ўлады "Адзіны нацыянальны рух", дэпутат парламента Раман Гацірыдзэ заявіў журналістам у ноч на пятніцу, што параненыя больш за сотню грамадзян.

Афіцыйных дадзеных пра колькасць пацярпелых пакуль няма. Аднак, згодна з паведамленнямі, многія атрымалі траўмы ад гумовых куль, якія былі ўжытыя падчас разгону акцыі пратэсту.

Дарадца грузінскага прэм'ер-міністра Мамука Бахтадзэ паведаміў, што ў бальніцы з рознымі траўмамі былі дастаўлены 39 супрацоўнікаў паліцыі і 30 удзельнікаў пратэстаў.

Для разгону пратэстоўцаў былі таксама ўжытыя вадамёты. Пацярпелі некалькі журналістаў.

"Стралялі гумовымі кулямі прама ў людзей, я бачыў, як паліцэйскі стрэліў у дэманстранта, які яго аблаяў, адлегласць паміж імі была метры два. У [грузінскага фатографа] Гурам Мурадава трапіла, напэўна, куль 10, яго павезлі нядаўна на хуткай", — распавёў ВВС журналіст Георгій Гогуа.

 

Лекары аказваюць першую дапамогу фотакарэспандэнту Гурам Мурадаву, які атрымаў шматлікія раненні ад гумовых куляў. Фота Eana Korbezashvili / civil.ge 

У МУС Грузіі заявілі, што паліцыяй былі ўжытыя спецсродкі прапарцыйнай сілы, што прадугледжаныя законам, для прадухілення пранікнення ў будынак парламента, атрымання траўмаў паліцыі і грамадзянамі ды фізічнага супрацьстаяння.

Палітолаг Гела Васадзе пракаментаваў начныя падзеі ў сталіцы Грузіі так: “Галоўнае, для Грузіі з аднаго боку падзеі сённяшняй ночы паказалі слабасць дзяржаўных інстытутаў і інстытутаў дэмакратыі, з другога — далі надзею. Выбух на балоце не заўсёды прыводзіць да яго асушэння, але такое бывае”.



Паводле , www.bbc.com, korrespondent.net



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: