Стала вядома, калі адбудзецца Аб'яднаўчы сабор Украінскай праваслаўнай царквы

Аб'яднаўчы сабор Украінскай праваслаўнай царквы адбудзецца 15 снежня. Пра гэта падчас выступу на Форуме мясцовага самакіравання, які трансляваў тэлеканал «112 Украіна», паведаміў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.

Сафійскі сабор у Кіеве, фота euromapa.net

«Я рады паведаміць дату Аб'яднаўчага сабора, які павінен абвясціць стварэнне Аўтакефальнай памеснай праваслаўнай царквы Украіны. Сабор адбудзецца 15 снежня 2018 года ў Святой Сафіі, якая на працягу стагоддзяў была цэнтрам праваслаўнага ўкраінскага рэлігійнага жыцця. Яго Усясвятасць Сусветны Патрыярх Варфаламей праінфармаваў мяне, што падпісаў адпаведныя лісты іерархаў УПЦ КП, УАПЦ і іерархаў УПЦ МП з запрашэннем прыняць удзел у гэтай надзвычай важнай гістарычнай падзеі», — адзначыў ён.

Нагадаем, 11 кастрычніка Сінод Сусветнага патрыярхату падтрымаў падаўжэнне прадастаўлення аўтакефаліі Украіны, а таксама афіцыйна зацвердзіў, што царквой-маці Украіны з'яўляецца Канстантынопаль.

Таксама Сінод зняў анафему з кіраўніка УПЦ КП Філарэта і прадстаяцеля Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыя.

Кіраўнік УПЦ Кіеўскага патрыярхату Філарэт заявіў, што ў бліжэйшы час адбудзецца Аб'яднаўчы Архірэйскі сабор для стварэння адзінай Украінскай памеснай царквы.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка меркаваў, што гэта адбудзецца ў сярэдзіне снежня, але раней дакладная дата не называлася.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!