Стыхійная ўлада

Калісьці мяне здзівіла адна фраза ў банкаўскай дамове. Там было напісана, што банк не нясе адказнасці ў выпадку «форс-мажорных абставінаў», і ў якасці такіх пералічваліся, сярод іншых, «пастановы ўраду і ўладаў Беларусі». Але зараз я гэтаму не здзіўляюся.

Вось, напрыклад, Аляксандр Рыгоравіч заявіў, што ў гэтым годзе пройдуць парламенцкія выбары. Такім чынам, ён скараціў тэрмін паўнамоцтваў дзеючага парламента на 10 месяцаў — амаль на год. І, што немалаважна, на дзве паўнавартасныя сесіі гэтага органа. Што ж народныя абраннікі? Абурыліся? Запатрабавалі выконваць Канстытуцыю? Не.

«Наша ніва» апытала з гэтай нагоды некалькі дэпутатаў. Мікалай Улаховіч, напрыклад, сказаў, што яго гэта «прынцыпова не хвалюе». Дзіўна, што дэпутата не хвалюе парушэнне Канстытуцыі. Алена Анісім заявіла: «Можна абурацца, можна выказваць прэтэнзіі, але гэта нічога не зменіць». Дзмітрый Шаўцоў, намеснік кіраўніка пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, паставіўся да гэтага «абсалютна нармальна». Маўляў, «калі гэта неабходна, нейкімі сваімі пытаннямі можна ахвяраваць, каб нармальна развівалася Беларусь». Але справа ў тым, што спадар Шаўцоў, насамрэч, ахвяруе не «сваімі пытаннямі», а пытаннямі яго выбаршчыкаў.

Вадзім Дзевятоўскі «не засмучаны», яму як спартоўцу не прызвычайвацца да стрэсаў і пераносу тэрмінаў, і ён збіраецца «трохі актывізаваць, паскорыць, пакуль ёсць паўнамоцтвы», вырашэнне тых пытанняў, за якія ён узяўся. І толькі Ганна Канапацкая ў эфіры «Еўрарадыё» сказала: так, скарачэнне тэрміну дзеяння парламента — гэта парушэнне Канстытуцыі.

Такім чынам, дэпутаты паставіліся да скарачэння сваіх паўнамоцтваў сапраўды як да землятрусу альбо павадку: «Яно ёсць, што зробіш?».

Салідарная з дэпутатамі старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. На пытанне пра тое, што паўнамоцтвы парламентароў будуць скарочаныя амаль на год, яна адказала: «Што паробіш, так склалася…»

Асабліва інтрыгуе ў гэтай сітуацыі тое, што Лукашэнка пачаў сваё пасланне не з чаго іншага, як з адзначэння таго факту, што сённяшні год — гэта 25-я ўгодкі прыняцця Асноўнага закону, Канстытуцыі Беларусі. Адзначыўшы гэта на пачатку размовы, ён прапанаваў парушыць гэты Асноўны закон напрыканцы выступу. Ці не парадокс?

У час таго ж паслання кіраўнік дзяржавы заявіў, што «загуляліся ў рынак і дэмакратыю», і кошты на асноўныя прадукты трэба рэгуляваць. І вось ужо Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю «не выключыла» магчымасці пашырэння пераліку рэгуляваных цэнаў у выпадку неабходнасці. «Магчыма, пералік сацыяльна значных тавараў трэба бу­дзе перагледзець зыходзячы з удзель­най вагі тавараў у спажывецкім кошыку. Пералік можна і пашырыць», — сказаў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун.

Але гэта Лукашэнка пага­дзіўся падпісаць дамову пра ЕАЭС. І той жа Картун пакінуў сабе невялічкую шчыліну для манеўра. Калі трэба ўзмацніць дзяржрэгуляванне цэнаў, гэта будзе зроблена, сказаў ён, але і дадаў, што ў краіны «ёсць абавязацельствы ў межах ЕАЭС, якія прадугледжваюць паступовую адмову ад рэгулявання цэнаў».

У ЕАЭС мы — свяцейшыя за Папу Рымскага. Чаго толькі нормы гэтага саюза каштавалі прадпрымальнікам: сертыфікаты ЕАЭС патрабавалі беларускія кантралёры пры тым, што Расія іх увогуле не выдавала. Але ці будуць нормы ЕАЭС гэтак жа скрупулёзна дзейнічаць, калі яны пойдуць у супярэчнасць з патрабаваннямі Лукашэнкі?

З аднаго боку, ён патрабуе рэгуляваць цэны, а з іншага — сам жа падпісваў дамову пра «паступовую адмову ад рэгулявання цэнаў». Так што тут зноў — стыхійнае бедства, невырашальная дылема, галаўны боль для МАРГ.

З іншага боку, намеснік міністра МАРГ зазначыў, што ў асаблівым рэгуляванні сэнсу няма, бо ўзровень інфляцыі — у рамках прагнозу, у першым квартале — нават менш за прагнозны ўзровень. «У нас няма падстаў меркаваць, што мы не забяспечым прагноз па інфляцыі ў межах 5%», — сказаў чыноўнік.

Але з чыноўнікам не згодны Еўразійскі банк развіцця — той банк, які рэгулярна выдае Беларусі крэдыты. Паводле красавіцкага макраагляду ЕАБР, у 2019 годзе ў Беларусі замару­дзяцца тэмпы прыросту валавога ўнутранага прадукту, а тэмпы росту інфляцыі, наадварот, паскорацца. ВУП краіны знізіцца да 1,5%, мяркуюць у ЕАБР. Таксама прагназуецца запаволенне росту спажывецкага попыту, бо знізяцца тэмпы павелічэння заробкаў і крэдытная актыўнасць грамадзян. Стрымліваць інвестыцыйную актыўнасць будуць больш жорсткія ўмовы банкаўскага крэдытавання, а беларускі экспарт не будзе расці праз запаволенне эканамічнага росту ў Расіі і Еўрасаюзе.

Карацей, ключавая рызыка для беларускай эканомікі — па-ранейшаму «геапалітычная напружанасць у рэгіёне», калі патэнцыйнае ўзмацненне заходніх санкцый у дачыненні Расіі можа негатыўна паўплы­ваць і на Беларусь. Таму інфляцыя ў 2019 годзе, на думку аўтараў агляду, складзе 5,7%, што больш мэтавага арыенціру Нацбанка — 5% на год.

І яшчэ адна цікавая навіна. «Еўрагандаль», які кантралюе агулам амаль 750 крамаў «Еўраопт», «Хіт! Экспрэс» і «Магія», выставіў на продаж некалькі гіпермаркетаў. Гэтую інфармацыю TUT.BY паведамілі ўдзель­нікі рынку і пацвердзіў прадстаўнік кампаніі.

Афіцыйна гэта зроблена «для аптымізацыі свайго крэдытнага партфеля». Варта зазначыць, што доля «Еўрагандлю» на рынку рознічнага гандлю прадуктамі харчавання на пачатак 2018 года была каля 19% (больш свежыя дадзеныя не публікаваліся). Выручка кампаніі за 9 месяцаў 2018 года склала 2,986 мільярда рублёў, што на 14% больш, чым было ў аналагічным перыядзе мінулага года.

Падавалася б, пятая частка рынку харчоў і рост выручкі — але кампанія выстаўляе на продаж буйныя гандлёвыя кропкі. Міжволі просіцца думка, што крэдытны партфель тут не пры чым, а вінаватае «стыхійнае бедства», што заявіла: у краіне «загуляліся ў рынак і дэмакратыю».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!