Суд прызнаў структуры Навальнага «экстрэмісцкімі арганізацыямі»

Пасяджэнне суда доўжылася 12 гадзін, а рашэнне суддзя вынес за 20 хвілін.
Фота meduza.io

Фота meduza.io

Масгарсуд прызнаў структуры палітыка Аляксея Навальнага «экстрэмісцкімі арганізацыямі», паведамляе Meduza. Такі статус атрымалі «Фонд барацьбы з карупцыяй», «Фонд абароны правоў грамадзян» і рэгіянальныя штабы расійскага апазіцыйнага палітыка.

Ім забаронена распаўсюджваць любую інфармацыю, здзяйсняць фінансавыя аперацыі, а таксама ўдзельнічаць у выбарах і арганізоўваць акцыі.

Суд таксама пастанавіў, што рашэнне аб ліквідацыі арганізацый «падлягае неадкладнаму выкананню» — нягледзячы на тое, што рашэнне суда ўступіць у сілу толькі праз 30 дзён. Маёмасць арганізацый, якая засталася пасля выплаты крэдыторам, будзе перададзеная ў дзяржаўную ўласнасць.

Прадстаўнік праваабарончай арганізацыі «Каманда 29» Іван Паўлаў, які ўдзельнічаў у абароне ФБК, заявіў, што рашэнне Масгарсуда будзе абскарджана — спачатку ў расійскіх інстанцыях, а затым, у выпадку неабходнасці, у Еўрапейскім судзе па правах чалавека. Прадстаўнік Маскоўскай пракуратуры (ён жа памочнік генпракурора РФ) Аляксей Жафяраў сказаў, што ведамства задаволенае рашэннем суда і лічыць яго законным і абгрунтаваным.

Пасяджэнне суда цягнулася больш за 12 гадзін. Яно праходзіла ў закрытым рэжыме, паколькі ў справе фігуравалі матэрыялы пад грыфам «сакрэтна». Суд адхіліў усе хадайніцтвы абароны — пра выклік заснавальніка ФБК Аляксея Навальнага і пракурора Дзяніса Папова, які падаў пазоў аб прызнанні ФБК «экстрэмісцкай арганізацыяй», пра прадастаўленне доступу да матэрыялаў дырэктару фонду Івану Жданаву, а таксама пра адвод суддзі.

За ўвесь час пасяджэння суд зрабіў усяго два перапынкі — на 30 і 5 хвілін, пры гэтым, як адзначалі прадстаўнікі «Каманды 29», абаронцаў не пускалі нават у прыбіральню, а сталовая і аўтаматы з напоямі ў будынку суда былі зачыненыя. У канцы пасяджэння Мінюст РФ і МУС адмовіліся ад спрэчак, а пракуратура, паводле слоў адвакатаў, у спрэчках «уклалася дзесьці ў 40 секунд».

На вынясенне рашэння ў суддзі сышло менш за 20 хвілін: у 22:18 прэс-служба Масгарсуда паведаміла журналістам, што суддзя пайшоў у дарадчы пакой, а рашэнне было агучана ў 22:40.

Адвакат Ілля Новікаў, які ўваходзіў у каманду абароны, выказаў здзіўленне тым, што дзяржава «закрыла ад грамадства самы важны працэс гэтага года ў Расіі», бо ў справе «не было ніякай адчувальнай інфармацыі». Ён таксама заклікаў суддзяў і пракурораў «трымаць у галаве лічбу 68 — узрост Уладзіміра Пуціна» і адзначыў, што, верагодна, яны застануць заканчэнне тэрміну яго кіравання: «Нам усім, напэўна, давядзецца жыць пасля таго, як гэтая кадэнцыя скончыцца. Калі трымаць гэта ў галаве, агентам дзяржавы будзе значна прасцей памятаць, як сябе паводзіць».

Новікаў таксама выказаў меркаванне, што ў людзей, «якія ініцыявалі гэты працэс, ёсць нейкая задума прайсціся па тых, хто падтрымліваў, ахвяраваў». «Рабіць выгляд, што гэтае рашэнне вісіць у вакууме, што яно само па сабе, я б не стаў», — дадаў адвакат.

Аляксей Навальны назваў працэс «пасмешышчам». Праз некалькі хвілін пасля вынясення рашэння заява палітыка, які знаходзіцца ў папраўчай калоніі, была апублікаваная ў яго Інстаграме. «Калі карупцыя — аснова дзяржаўнай улады, барацьбіты з карупцыяй — экстрэмісты», — заявіў Навальны.

Пры гэтым палітык адзначыў, што ён і яго прыхільнікі «нікуды не падзенуцца». «Мы не назва, не паперка і не офіс. Мы — група людзей, якія аб'ядноўваюць і арганізуюць тых грамадзян Расіі, хто супраць карупцыі, за сумленныя суды і роўнасць усіх перад законам. Такіх мільёны. Вы — такія. Пакуль вы ёсць, і мы нікуды не падзенемся. Цяпер усё зразумеем. Разбяромся. Зменімся. Эвалюцыянуем. Прыстасуемся. Але ад сваіх мэт і ідэй не адступім. Гэта наша краіна, і іншай у нас няма», — падкрэсліў Навальны.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: