Свет на ростанях

Ёсць усе падставы казаць, што 2018-ы ў гісторыі быў пэўнай мяжой. Да Новага года мы падышлі з амаль разбуранай архітэктурай звыклага нам свету.

www.proza.ru

Пачаць можна з таго ж феномену біткоінаў, пра якія напачатку 2018-га не казаў выключна лянівы. Хаця паступова ажыятаж вакол гэтай тэмы знік, але пашырылася думка пра тое, што віртуальныя грошы сапраўды могуць замяніць звычайныя. Пры гэтым таксама дапускаецца нівеляванне ролі цэнтральных банкаў як інстытутаў, якія адказваюць за грашова-крэдытную палітыку і забеспячэнне працы плацежнай сістэмы.

Далей больш. Увесну мы сталі сведкамі крызісу вакол атамнай праграмы КНДР. Рэгіён знаходзіўся на мяжы буйнамаштабнага канфлікту. З боку Паўночнай Карэі гучалі пагрозы ядзернай атакі на ЗША і іх саюзнікаў, а з амерыканскага боку — пра гатоўнасць знішчыць Паўночную Карэю. Скончылася ўсё сінгапурскім самітам, на якім Трамп і Кім Чэн Ын пацалаваліся-паабдымаліся ды падпісалі мірную дамову.

Тую дамову паўночныя карэйцы хутка парушылі, аднак у выніку па факце адбылося парушэнне аднаго з краевугольных камянёў глабальная бяспекі — абмежавання на стварэнне і распаўсюд ядзернай зброі. Пхеньян, па-сутнасці, легалізаваў свой ядзерны фугас, ды даў прыклад іншым дзяржавам.

З іншага боку, выхад за рамкі міжнародных пактаў — канёк цяперашняй адміністрацыі ў Вашынгтоне. Бліжэй да Новага года ў Злучаных Штатах пачалі казаць пра выхад з Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасці. Калі браць пад увагу значэнне згаданай дамовы, не выклікаюць здзіўлення прагнозы пра магчымы выхад ЗША са складу ААН, якая паўторыць лёс Лігі Нацый.

На месцах у мінулым годзе таксама ліхаманіла. У чэрвені да ўлады ў Італіі прыйшлі несістэмныя партыі. Гісторыкі кажуць, што гэта першы выпадак перамогі папулістаў у Заходняй Еўропе. Сфармаваны імі кабінет па кіраўніцтвам Джузэпе Контэ адразу пачаў змагацца з Брусэлем па шэрагу пытанняў, у тым ліку наконт праблемы мігрантаў.

Галоўным антаганістам Рыму ў гэтай спрэчцы выступаў Парыж, што было не дзіўна. У персоне Эмануэля Макрона шмат хто бачыў сапраўднага месію, які надасць еўрапейскаму праекту новы імпульс. Макрон сапраўды быў аўтарам шматлікіх ініцыятыў у галіне еўрапейскай інтэграцыі, аднак у выніку ўсё скончылася пшыкам. Паўстанне «жоўтых камізэлек» у Францыі, якое выбухнула ў снежні, татальна падарвала яго аўтарытэт. Зараз Макрону трэба думаць пра тое, як увогуле захаваць прапіску ў Елісейскім палацы.

Пры гэтым ніводнай кандыдатуры на вакансію крызіснага менеджара для еўрапейскай інтэграцыі не праглядаецца. Пазіцыі Ангелы Меркель настолькі саслабелі, што яна пагадзілася пайсці з пасады кіраўніка сваёй партыі. Акрамя Германіі, у новы год у стане палітычнага крызісу ўступаюць Швецыя і Бельгія. На парозе палітычнай турбулентнасці Румынія, Польшча і Іспанія. Не кажучы ўжо пра Вялікабрытанію, дзе ніхто не ведае, чым скончыцца працэс Brexit. Некаторыя касандры нават не выключаюць грамадзянскі канфлікт і сецэсію Шатландыі і Паўночнай Ірландыі. Адным словам, у Еўропе ў наступным годзе будзе спякотна. Шмат што тут вырашаць выбары ў Еўрапарламент увесну.

Не менш феерычная сітуацыя ў краінах трэцяга свету. У Бразіліі да ўлады дарваліся палітыкі, якія настальгуюць па часах дыктатуры. Не бачна развязкі крызісу ў Венесуэле, дзе ўсё часцей кажуць пра вайну з бразільскім правым урадам. Невядома, які вынік будзе на выбарах прэзідэнта ў Конга.

У нашым рэгіёне галоўным ньюсмейкерам заставалася Украіна. Напрыканцы года вялацякучы расійска-ўкраінскі канфлікт абвастрыўся праз інцыдэнт у Азоўскім моры і аўтакефалію праваслаўнай царквы, альтэрнатыўнай мясцовай філіі РПЦ. Гледзячы па ўсім, цяперашняе палітычнае напружанне захаваецца аж да канца года, паколькі краіну чакаюць дзве выбарчыя кампаніі. У сакавіку ўкраінцы абяруць новага гаранта, а ўвосень — новы парламент. На жаль, няма сумневаў, што абедзве кампаніі не абыдуцца без інцыдэнтаў, пра маштаб якіх можна толькі здагадвацца.

Калі вы думаеце, што на гэтым спіс драмаў, што былі ў мінулым годзе, скончыўся, то памыляецеся. Прыкладна з пачатку кастрычніка на старонках прэсы нормай сталі спекуляцыі наконт хуткага рымейку крызісу 2008 года, калі сусветныя рынкі апынуліся ў глыбокім фінансавым крызісе. Агучаныя сцэнары сапраўды пачалі рэалізоўвацца ў снежні, калі дынаміка біржавых індэксаў па шэрагу параметраў наблізіліся да паказчыкаў часоў Вялікай дэпрэсіі. Калі крах сапраўды адбудзецца, то рыкашэтам ён закране і сусветныя кошты на паліва, ад якіх залежаць, напрыклад, эканамічная і палітычная стабільнасць у Расіі. А значыць, — і ў нас.

Будзе глабальны эканамічны калапс або не — пакуль на ўзроўні здагадак. Затое няма сумневаў, што ўжо ў студзені нас чакае вялікае шоў з Вашынгтона. Напярэдадні Новага года Трамп пачаў актыўна тусаваць кадравую калоду, што выклікала крызіс унутры адміністрацыі. Між тым, у студзені пачнецца сесія Палаты прадстаўнікоў, дзе большасць цяпер належыць дэмакратам. Відавочна, што дэпутаты адразу кінуцца рыць пад Трампа, аж да спробы запусціць працэс імпічменту прэзідэнта.

Наступны год абяцае быць вясёлым. Набывайце папкорн!



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: