Што стаіць за шчодрасцю Елбасы?

Упершыню ў постсавецкай гісторыі кіраўнік-аўтакрат, а менавіта Нурсултан Назарбаеў, вырашыў адмовіцца ад часткі паўнамоцтваў на карысць урада і парламента. Навошта? Пра гэта — распавядае казахскі праваабаронца Андрэй Грышын.

Фота www.Liter.kz


— Нурсултан Назарбаеў 25 студзеня расказаў па тэлебачанні пра план рэформы сістэмы дзяржаўнага кіравання. У выпадку яго рэалізацыі ў кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы застануцца выключна пытанні абароны і знешняй палітыкі. Усе іншыя функцыі, калі верыць Елбасы, перадаюцца ўраду і парламенту. У чым прычына такой шчодрасці?

— Ідэя пераразмеркавання ўладных функцый у Казахстане далёка не рэвалюцыйная: яна абмяркоўваецца з 2008 года. Але лічыцца, што ўсё паскорылі нядаўнія падзеі ва Узбекістане, дзе ўвосень развіталіся з Карымавым. Узбекскія эліты здолелі не пасварыцца і высунулі на кіраўніцтва кампрамісную фігуру — тагачаснага прэм’ера Мірзіёева. Аднак, падаецца, першапачатковы шок і нейкі хаос наконт пытання пераемніка ўсё роўна мелі месца. Гледзячы па ўсім, Назарбаеў вырашыў загадзя перастрахавацца, каб у выпадку нейкага форс-мажору ва ўладзе быў свой чалавек.

— У Казахстане дзейнічае «Саюз мусульман», які эпатажна каментуе любыя праекты афіцыйнай Астаны. Напрыклад, пасля таго, як Назарбаеў анансаваў новы падатак, «Саюз мусульман» заклікаў абкласці падаткам кожны палавы акт. Аднак ідэю гэтай рэформы «мусульмане» праігнаравалі. Такая абыякавасць — выпадковасць ці трэнд?

— Хутчэй, трэнд. Хаця афіцыёз намагаецца выставіць Назарбаева як супердэмакрата, ніхто не верыць, што прэзідэнт пагодзіцца быць староннім арбітрам. Чакаецца, што ён захавае рычагі ўплыву на курс парламенту і ўраду. Новы імідж Назараева таксама дазволіць яму перакласці рэгуляванне сацыяльна-эканамічных працэсаў на ўрад і іншыя выканаўчыя органы. За гэтую сферу, дзе хапае правалаў, у поўным аб’ёме будуць адказваць урад, акіматы (абласныя адміністрацыі). Як жартуюць людзі, была ў нас суперпрэзідэнцкая рэспубліка, а будзе проста прэзідэнцкая.

— Як рэагуе на нечаканыя рэформы апазіцыя?

— Думаю, пакуль ёй не да рэфлексій на гэтую тэму. Пасля новага года краіна стала сведкам беспрэцэдэнтнай галадоўкі ў Актаў рабочых, якія патрабавалі спыніць ліквідацыю Канфедэрацыі незалежных прафсаюзаў Казахстана. На сярэдзіну студзеня колькасць удзельнікаў акцыі дасягнула 700 чалавек. 18 студзеня суд Актаў прызнаў галадоўку незаконнай, а 21 студзеня прафсаюзных лідараў узялі пад варту. Зараз хапун працягваецца, і дасюль не зразумела, колькі будуць доўжыцца рэпрэсіі і хто яшчэ трапіць пад зачыстку…

— Ці ёсць нейкая рэакцыя Захаду і Расіі на заявы Назарбаева? Як зменіцца стаўленне ў замежных сталіцах да Казахстана праз задуманыя рэформы?

— Праз сюрпрызы ад Трампа на Захадзе яўна не да Казахстана. Нават перамовы ў Астане паміж сірыйскай апазіцыяй і рэжымам Асада каментуюць не так шмат, як чакалася. Што тычыцца агучанага 25 студзеня плану рэформ, то пакуль афіцыйных каментараў з боку Захаду няма. Усё абмяжоўваецца артыкуламі ў прэсе.

Там таксама сумняваюцца ў шчырасці намераў Назарбаева адмовіцца ад паўнамоцтваў. Калі б такія рэформы сапраўды планаваліся, то, на думку прэсы, падыход павінен быў быць іншы. Перш за ўсё, трэба было б дэманапалізаваць палітычнае поле, дзе сёння ўсё кантралюе прапрэзідэнцкая партыя «Нур-Атан». Па-другое, неабходна развіваць мясцовае самакіраванне, напрыклад, даць выбаршчыкам на месцах права абіраць кіраўніцтва.

Слаба рэагуюць на дэкларацыі Астаны і ў Маскве. Хіба што навіна зноў натхніла гурткі панславістаў, якія мараць пра хуткае далучэнне Казахстана да Расіі. Чамусьці лічыцца, што без Назарбаева казахская эліта апынецца няздольнай да кіравання краінай. У выніку, маўляў, Казахстан пагодзіцца на негалосную эгіду з боку Крамля, магчыма, у межах канфедэрацыі.

— Ці ёсць ужо кандыдаты на пасаду прэм’ера або спікера парламента? Як сведчыць практыка, або спікер, або прэм’ер павінен кіраваць краінай у выпадку непрацаздольнасці гаранта. Якія шанцы маюць сваякі Назарбаева?

— Называюць шмат прозвішчаў, у тым ліку зяця Назарбаева і яго ўнука. А вось шанцы яго дачкі Дарыгі Назарбаевай ацэньваюць не так высока. Апошнім часам бацька чамусьці холадна ставіцца да яе. Прагназаваць, хто выйдзе пераможцам у гэтым конкурсе, — справа няўдзячная. Мала таго, што рашэнні прымаюцца кулуарна, кандыдатуру яшчэ трэба ўзгадніць з усімі жузамі — казахскімі кланамі. Акрамя таго, Назарбаеву не трэба з’яўленне на пасадзе пераемніка вельмі моцнай асобы, якая здолее паставіць пад пагрозу баланс сіл.

З іншага боку, пераемнік павінен быць аўтарытэтам, паколькі, перш за ўсё, мусіць гарантаваць недатыкальнасць актываў і статус назарбаеўскага клану. Нездарма ўсе звярнулі ўвагу на словы гаранта ў прамове ад 25 студзеня пра тое, што ў Канстытуцыю збіраюцца ўнесці дадатковы пункт пра недатыкальнасць прыватнай уласнасці. Па сутнасці, гэта забарона перагляду вынікаў прыватызацыі 1990-х гадоў, на якой Елбасы скалаціў сямейны капітал. Як бачым, крытэры для выбару асобы пераемніка абсалютна супярэчлівыя.

Таму імя пераемніка, і тое, што атрымаецца з рэформы, пакуль — таямніца за сямю пячаткамі.

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: