Шматнацыяналізм праз дзесяць гадоў

Ужо дзесяць гадоў, як Балівія пачала будаваць новы дзяржаўны лад пад назвай «шматнацыяналізм» (Plurinacionalismo). Якія перспектывы яго чакаюць?

Фота www.novaator.err.ee

«Уся ўлада індзейцам!» — прыкладна з такім лозунгам у 2005 годзе прэзідэнтам Балівіі стаў першы ў яе гісторыі грамадзянін індзейскага пахо­джання Эва Маралес. Увогуле, Балівія — вельмі адметная краіна Лацінскай Амерыкі, дзе амаль кожны новы рэжым ставіў нейкі эксцэнтрычны сацыяльна-палітычны эксперымент. Напрыклад, дыктатар Гарсія Меса. У 1970-я гады ён запрашаў з Еўропы экс-фашыстаў, каб тыя дапамаглі яму пабудаваць новы Рэйх. На выхадзе атрымалася крывавая лазня. «Няхай усе ходзяць з завяшчаннем у руцэ», — раіў суайчыннікам тагачасны кіраўнік балівійскага МУС.

Пры гэтым мясцовыя індзейцы, якія складалі да 60 працэнтаў насельніцтва, увесь час знаходзіліся ў асноўным на перыферыі палітычнага жыцця. Прыйсці ў вялікую палітыку іх натхніў Эва Маралес, які таксама шмат чаго абяцаў. Ён абяцаў у выпадку перамогі — не больш і не менш — аднавіць статус-кво, што існаваў тут да Калумба. То-бок вярнуць краіну індзейцам. Адпаведныя змены, зафіксаваныя ў папраўках у Канстытуцыю, былі прынятыя на рэферэндуме ў лютым 2009 года. Паводле новай версіі Асноўнага закона, краіна абвяшчалася «шматнацыянальнай дзяржавай».

На справе, аднак, вяртання ў дакалумбавы час не адбылося. Больш за тое, Балівія засталася ўнітарнай дэмакратычнай дзяржавай. Індзейцы, паводле Канстытуцыі 2009-га, атрымалі права ўстанаўліваць кантроль над сваімі спрадвечнымі тэрыторыямі. Адпаведна, гэта азначала прызнанне дзяржавай калектыўных правоў карэнных народаў, якія фармуюць свае інстытуты палітычнага кіравання. Аднак пры гэтым адміністрацыі аўтаномій павінны былі быць суб’ектам агульнай нацыянальнай структуры, якая прадстаўляе інтарэсы чырванаскурых.

Затое індзейцы шмат чаго дамагліся на культурным фронце. Уводзілася абавязковае вывучэнне моваў індзейскіх народнасцяў. Артыкул 5 абвяшчаў афіцыйнымі дзяржаўнымі мовамі іспанскую і 36 моваў усіх індзейскіх народнасцяў. Веданне як мінімум дзвюх дзяржаўных моваў (іспанскай і адной з індзейскіх) з’яўлялася абавязковай умовай для прэтэндэнтаў на дзяржаўную пасаду. Нарэшце, прапанавалася ўшаноўваць на дзяржаўным узроўні багіню земляробства і добрага ўраджаю старажытных індзейцаў.

Калі Канстытуцыя набыла моц, хапала прагнозаў наконт хуткага дэмантажу баліварскай дзяржаўнасці. У некаторых правінцыях на той час паўстаў рух за выхад з Балівіі. Аднак нічога жудаснага ў выніку не адбылося. Магчыма, праз традыцыйную этнічную раз’яднанасць, калі ўсе (у тым ліку індзейскія кланы) жылі паасобку. Акрамя таго, у муніцыпалітэтах, дзе большасць жыхароў складалі індзейцы, аўтаномія аказалася папросту незапатрабаваная. Паколькі цэнтр выступае медыятарам у канфліктах паміж рэгіянальнай адміністрацыяй і індзейскай аўтаноміяй, праблема дысбалансу ўлады больш-менш вырашаецца. Так ці інакш, праз дзесяць гадоў можна падвесці галоўныя вынікі праекту.

Большасць экспертаў пагаджаецца, што Канстытуцыя 2009 года дапамагла зрабіць індзейскае самакіраванне больш эфектыўным. Як вынік, узровень жыцця мясцовых жыхароў стаў вышэйшым. Гэта, у тым ліку, вынік добрых гаспадарчых паказнікаў. Апошнія 12 гадоў сярэдні рост ВУП Балівіі складае каля 5 працэнтаў.

Ёсць, аднак, і заўвагі. Эксперымент шматнацыялізму супярэчыць двум цэнтральным элементам стратэгіі ўрада і партыі MAS («Рух да сацыялізму»): пашырэнне мадэлі эканамічнага развіцця, заснаванай на здабычы неаднаўляльных прыродных рэсурсаў, і намаганне захаваць кантроль за максімальна шырокай палітычнай прасторай, уключаючы тэрыторыі карэнных народаў. Таму на практыцы законы вельмі часта супярэчаць адзін аднаму. Канстытуцыя і прававыя акты адначасова падтрымліваюць аўтаномію карэнных народаў і ў той жа час — абмяжоўваюць яе. Песімісты лічаць, што позна ці рана гэта супярэчнасць стане бомбай пад «шматнацыяналізмам».

Аднак, магчыма, усё адбудзецца значна раней. Калі казаць пра перспектывы балівійскага шматнацыяналізму», нельга не ўзгадаць, што ён быў абвешчаны ў часы так званага «левага павароту ў Лацінскай Амерыцы». Дзесяць гадоў таму большасць адміністрацый на кантыненце кантралявалі левыя партыі, якія шукалі альтэрнатыву старым мадэлям. Сёння ў рэгіёне назіраецца адваротны рух, калі ва ўрадавыя офісы прыходзяць правыя палітыкі. Прычым, правыя вельмі рэакцыйнага калібру, якія руйнуюць усю левую спадчыну. Таму варта задацца пытаннем: ці не паўторыць Балівія шлях Бразіліі, Аргенціны, Чылі? Ці захаваецца шматнацыяналізм у выпадку змены ўлады?

Адказ, напэўна, залежыць ад хуткіх прэзідэнцкіх выбараў, на якіх Маралес дзяжурна збіраецца пераабрацца. У прынцыпе, пэўная фрустрацыя ў лагеры дзейнага кіраўніка дзяржавы прысутнічае. У тым ліку таму, што ён нядаўна падкарэктаваў Асноўны закон, каб атрымаць магчымасць зноў стаць кандыдатам. З іншага боку, у Маралеса ёсць адданы электарат — ін­дзейцы, для якіх альтэрнатывы «шматнацыяналізму» не існуе.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!