Ці змогуць тэхналогіі выключыць чалавека з рэальнасці?

Дваццаць гадоў таму на экраны кінатэатраў выйшаў фільм «Шоў Трумана», які, на думку некаторых культуролагаў і філосафаў, выпадкова ўзняў цэлы комплекс ключавых пытанняў нашай сучаснасці. 


На першы погляд, ніякай велізарнай сэнсавай нагрузкі фільм «Шоў Трумана» не мае. Лёгкая забаўляльная камедыя, у цэнтры якой — неверагодная гісторыя Трумана Бёрбанка, ролю якога бліскуча выканаў акцёр Джым Кэры.

Труман — звычайны чалавек, які жыве звычайным жыццём сярэднестатыстычнага амерыканца. Толькі герой Джыма Кэры не ведае, што за кожным яго рухам ад самага нараджэння назіраюць шматлікія схаваныя камеры, а ўсё яго жыццё перадаецца ў прамым эфіры ў серыяле, што так і называецца — «Шоў Трумана». Усё, што яго атачае, — па-майстэрску выкананыя дэкарацыі, а насельніцтва невялікага горада, дзе жыве Труман, — спецыяльна падабраныя акцёры. Не кажучы пра тое, што і сам горад знаходзіцца пад аграмадным купалам у нейкай яшчэ больш вялікай студыі.

Як і патрабуе сюжэт фільму, у нейкі час да галоўнага героя нарэшце пачынае дахо­дзіць, чаму вакол яго так шмат супярэчнасцяў: пачынаючы ад тэлевізійнага сафіта, што загадкава зваліўся аднекуль зверху, і заканчваючы неверагодным бытавым парадоксам — усе квіткі з гораду, дзе жыве Труман, прададзеныя на некалькі месяцаў наперад.

Праз нейкі час Труман ра­зумее, што жыве ў велізарным тэлевізійным павільёне, з якога трэба бегчы. Пасля шматлікіх няўдалых спробаў уцёкі нарэшце атрымліваецца. Стваральнікі «Шоў Трумана» вымушаныя абвясціць пра заканчэнне серыялу. У той жа час за дзвярыма павільёну Трумана, натуральна, чакае каханне. Адным словам — татальны хэпі-энд.

Але так было толькі на экране. У жыцці з «Шоў Трумана» хапала праблемаў. Пачнём з таго, што ў апошнім эпізодзе фільму гледачам паказваюць двух тэлегледачоў, якія са слязамі на вачах сочаць за прыгодамі Трумана, каб у выніку прызнаць — «Шоў Трумана» скончылася. Літаральна праз пару секунд яны забываюцца пра прыгоды Трумана і пачынаюць лянотна спрачацца: што цяпер глядзець па тэлевізары? У некаторых гэта сцэна выклікала смех, а ў іншых — жах. Па сутнасці, размова аматараў тэлебачання ў самым прымітыўным выглядзе даносіла тагачасныя думкі некаторых філосафаў: ці не з’яўляемся мы, як той Труман, акцёрамі ў нейкім серыяле?

Яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў французскі філосаф Жан Бадрыяр заявіў, што з дапамогай лічбавых і візуальнай медыятэхналогій свет уступіў у «фазу сімуляцыі», калі ўсё, што мы бачым, — гэта ілюзія. У літаратуры адначасова паўстаў жанр «кіберпанку» пра магчымасць штучнай жыццёвай прасторы, якая настолькі рэальная, што мы больш не можам дыферэнцаваць, дзе «рэальнасць», а дзе «віртуальнасць».

Праз год пасля рэлізу «Шоў Трумана» на экран выйшла «Матрыца» братоў Вачоўскі, якая давяла тую ідэю да кульмінацыі. У «Матрыцы» ўвесь наш свет — усяго толькі візуальная карцінка кампутарнай праграмы. На справе ж на Зямлі ўжо даўно кіруюць машыны, якія вырошчваюць людзей на спецыяльных плантацыях і выкарыстоўваюць у якасці крыніц энергіі.

Хутка ў публічных дэбатах паўстаў цэлы накірунак. Яго ўдзельнікі спрачаюцца: ці сапраўды лічбавыя тэхналогіі дазваляюць фізічна або ментальна выключыць чалавека (а можа і вялікі калектыў) з рэальнасці?

Праз 20 гадоў пасля прэм’еры «Шоў Трумана» тыя дэбаты не толькі не страцілі актуальнасці, але і, дзякуючы інтэрнэту, выйшлі на новы ўзровень. Сёння любая сацыяльная сетка — па сутнасці, алюзія на канцэпцыю «Шоў Трумана». Як глядач шоў ты можаш сачыць у тым жа Facebook за жыццёвым шляхам нейкага чалавека, пачынаючы з часоў яго дзяцінства (прычым, карыстальнік сам выкладае туды адпаведныя выявы). Існуюць і ананімныя рэжысёры гэтага шоў. Праз інфармацыйныя ўкіды пра людзей, якія зрабілі кар’еры, — Дэвід Цукерберг, Ілан Маск, Біл Гейтс, — нам навязваюць рэцэпты паводзінаў і індывідуальнага шчасця.

Аднак ёсць і адваротны эфект. Яшчэ па слядах пракату «Шоў Трумана» псіхолагі сутыкнуліся з новым тыпам кліентаў. На хвалі папулярнасці карціны некаторыя гледачы раптам адчулі тое ж пачуццё, што і ў нейкі час Труман Бёрбанк. Пацыенты скардзіліся, што, як ім падаецца, яны штучна выключаныя з рэальнасці. Хутка ў псіхалогіі з’явіўся нават тэрмін — «Падман Трумана», што апісвае падобную хваробу. Такіх «хворых» у нас час становіцца ўсё больш — дзякуючы інтэрнэту, дзе кожны адчувае сябе галоўным экспертам па ўсіх праблемах.

У выніку, як пішуць культуролагі, сёння мы назіраем уздым старой як свет канспіралагічнай тэорыі. Усё больш людзей крытычна ўспрымаюць знешнюю інфармацыю, падазраючы, што за ёй стаіць нейкі варожы цэнтр, які хоча табой маніпуляваць. Такая паранаідальная ўстаноўка патэнцыйна робіць лю­дзей прыхільнікамі пратэстных палітычных рухаў, што пашырае базу падтрымкі антысістэмных і ксенафобскіх палітыкаў.

Так што «Шоў Трумана» — гэта яўна больш, чым камедыя.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!