ЗША: шоу пачынаецца

У далёкім штаце Аёва 3 лютага, па сутнасці, пачынаецца галоўная палітычная падзея 2020-га — выбары прэзідэнта ЗША.

Піт Бутыджыч, Элізабет Уорэн, Джо Байдэн і Берні Сандэрс. Фота GETTY IMAGES


У савецкі час, памятаецца, назва штата Аёва выклікала ў памяці выключна радкі дзіцячага абразлівага вершыка «В штате Айова жизнь… очень хороша!». Па ходзе глабалізацыі стала вядома, што з гэтай Аёвай не ўсё так проста. Нягледзячы на тое, што ўся Аёва — яшчэ той калгас, раз на чатыры гады да яе прыцягнутая ўвага ўсяго свету. Менавіта тут раз на чатыры гады пачынаюцца партыйныя праймерыз прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта ЗША.

Прычым у Злучаных Штатах вельмі папулярны тэзіс, нібы ў Аёве і вырашаецца лёс усёй прэзідэнцкай кампаніі. З улікам таго, што на мясцовых праймерыз абіраецца толькі адзін дэлегат на нацыянальны партыйны канвент, які высоўвае кандыдата ў прэзідэнты, заява вельмі дзіўная. Справа ў тым, што мізер дэлегатаў ад Аёвы кампенсуе нейкая містыка, якая, перш за ўсё, тычыцца дэмакратаў. З 1976 года, каб стаць пераможцам праймерыз дэмакратаў, і ў выніку прэзідэнтам, спачатку трэба абавязкова выйграць у Аёве. Выключэннем быў толькі Біл Клінтан у 1992 годзе.

У гэтае павер’е, напэўна, больш за ўсё сёння верыць Элізабет Уорэн, якая карыстаецца найбольшай падтрымкай выбаршчыкаў-дэмакратаў Аёвы. Паколькі ў агульнанацыянальным рэйтынгу кандыдатаў яна толькі трэцяя, поспех 3 лютага для яе вельмі-вельмі важны. Пераможца атрымлівае ўвагу медыя, падтрымку спонсараў і самае галоўнае — статус лідара гонкі. Апошняе можа паўплываць на рашэнне выбаршчыкаў у іншых штатах.

Няма сумненняў, што ў Элізабет Уорэн і чальцоў яе каманды перад вачыма гісторыя трыумфу Барака Абамы, які на праймерыз у 2008 годзе выходзіў далёка не як без пяці хвілінаў прэзідэнт. Але нечаканы для шмат каго поспех у Аёве даў яму адразу 10 працэнтаў росту папулярнасці, у тым ліку надзяліўшы статусам кандыдата, здольнага прапанаваць краіне сістэмную альтэрнатыву.

Паўтарыць шлях Абамы для мадам Уорэн, а таксама для іншых кандыдатаў другога эшалону будзе далёка не проста. У лідарах гонкі пакуль аксакалы — Джо Байдэн і Берні Сандэрс. Першы дыхае Уорэн у спіну ў Аёве з адрывам у адзін працэнт. Другі, гледзячы па ўсім, атрымае лаўры пераможцы на праймерыз у штаце Нью-Гемпшыр. Там 13 лютага адбудуцца наступныя праймерыз.

Увогуле, аналітыкі адзначаюць, што цяперашняя кампанія 77-гадовага Сандэрса праходзіць «з вялікім энтузіязмам». Аднак, як лічаць эксперты, у дэмакрата-сацыяліста, які падабаецца маладзёжнаму электарату, не так шмат шанцаў стаць супернікам Трампа на выбарах. На думку палітолагаў, яго ідэі «занадта левыя» для дэмакратычнага істэблішменту.

Пасля двух праймерыз, думаецца, большасць з 12 жадаючых стаць кандыдатам ад дэмакратаў, пачне паступова пакаваць валізы. Тых, каму ўдасца набраць больш-менш прыстойны ўраджай галасоў (акрамя Уорэн, Байдэна і Сандэрса гэта можа быць Піт Бутыджыч) і застацца ў гонцы, чакае наступнае выпрабаванне — Super Tuesday (суперчацвер) 3 сакавіка, калі галасаваць на праймерыз будуць адразу ў 14 штатах.

Гэта галасаванне лічыцца ледзь не фатальным для агульнага зыходу праймерыз, паколькі электарат дэмакратаў у многіх з тых штатаў складаюць афраамерыканцы, іспанамоўныя і дэмакраты-цэнтрысты. Кожная з гэтых груповак можа вызначыць канчатковы вынік на карысць аднаго з прэтэндэнтаў. Напэўна таму штаб Байдэна, калі верыць прэсе, практычна не надае ўвагу Аёве, факусуючыся на штатах, якія галасуюць у Super Tuesday.

Цікава, што 3 лютага свайго кандыдата на нацыянальны канвент абяруць і рэспубліканцы Аёвы. На іх будуць супернічаць не толькі фанаты Дональда Трампа, але і яшчэ двух кандыдатаў — Джо Уолш і Біл Уэлд. Цяжка зразумець, што прымусіла іх падаць заяўкі на ўдзел у праймерыз. Прынамсі, пакуль няма ніякіх прыкмет таго, што хтосьці зможа аспрэчыць у Трампа намінаванне на пасаду кандыдата ад рэспубліканцаў на прэзідэнцкіх выбарах.

Таму, хутчэй за ўсё, рэспубліканскія праймерыз будуць фармальнасцю. Увага рэспубліканцаў будзе цалкам прыцягнутая да выбараў кандыдата ад дэмакратаў. Пакуль Трамп найбольш баіцца атрымаць у супернікі Джо Байдэна. Лічыцца, што толькі Байдэн з яго рэнамэ вопытнага палітыка можа адкусіць на выбарах частку электарату рэспубліканцаў.

Аднак ужо цяпер ажыятаж вакол будучых выбараў настолькі зашкальвае, што, падаецца, канкрэтнае прозвішча пераможцы асабліва нічога не будзе вырашаць. Хто б ні перамог на праймерыз дэмакратаў, — ён будзе жорстка крытыкаваць Трампа. Адпаведна, Трамп будзе бязлітасным да любога з дэмакратаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: