Штаб Ціханоўскай падаў першую заяву на расследаванне злачынства сілавікоў па ўніверсальнай юрысдыкцыі

Заяву для завядзення крымінальнай справы за збіццё сілавікамі прадпрымальніка Максіма Харошына падалі ў генпракуратуру Літвы. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале Святланы Ціханоўскай.

Максім Харошын — прадпрымальнік, якога затрымалі ў двары дома ў Мінску, збілі, павезлі ў РУУС і збілі яшчэ і там да стану, калі давялося выклікаць хуткую. Так ён трапіў у бальніцу, пасля якой выехаў у Літву. Па справе Харошына сабраны вынікі медэкспертызы, якая ўстанавіла цялесныя пашкоджанні, фота і відэа яго затрымання, на якіх адкрыты асобы падазраваных сілавікоў.
Адвакат Гедрус Данелюс, які падаў заяву ў Генпракуратуру Літвы, тлумачыць, што літоўскі закон дазваляе праводзіць дасудовае расследаванне і сам суд, калі злачынства было ўчыненае не ў Літве і падазраваны не знаходзіцца ў краіне. Абавязкова прысутнасць заяўніка, то-бок ахвяры. І калі ў справе ёсць прамыя доказы, суд па ўніверсальнай юрысдыкцыі мае права на вынясенне прысуду. 

Штаб Святланы Ціханоўскай распрацоўвае падачу і іншых такіх заяў у розных краінах, куды выехалі сотні беларусаў, якія прайшлі праз катаванні з боку сілавікоў. У Вільні будзе знаходзіцца каардынацыйны цэнтр праекта.

Дарадца Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі заявіў, што канчатковая мэта — крымінальны пераслед у Беларусі, а прамежкавая — абвяшчэнне злачынцаў у міжнародны вышук: "Мы запусцілі гэты праект у рамках Народнага Трыбунала. Кожны, хто здзяйсняе злачынствы і б'е дручкамі людзей, павінен панесці адказнасць і не здзіўляцца, калі яго імя з'явіцца ў спісах Інтэрпола».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: