Што будзе пасля армянскага «Майдана»?

Пасля падзей у Арменіі ў палітолагаў з’явілася забаўка: спрачацца, ці возьмуць з армян прыклад іншыя постсавецкія дзяржавы, і якія канкрэтна?

Global Look Press/ZUMAPRESS.com/Dimitris Lampropoulos

Global Look Press/ZUMAPRESS.com/Dimitris Lampropoulos



Найбольш фантастычная версія ў гэтым масіве тэорый і аналізаў — за армянскім «Майданам» стаяла Масква. На гэты конт нават ужо прыдумалі анекдот з серыі армянскага радыё. «Армянскае радыё спыталі: «Ці праўда, што прэм’ер Саргсян разгромлены антырасійскімі сіламі?» Радыё адказвае: «Праўда, але ёсць некаторыя недакладнасці. Па-першае, не прэм’ер Саргсян, а газпрамавец Карапецян. Па-другое, не разгромлены, а прыведзены да ўлады. Па-трэцяе, не антырасійскімі, а прарасійскімі сіламі».

Аднак такая тэорыя вельмі спрэчная. Якім бы ні быў Серж Саргсян — кепскім, добрым, ніякім, але Расія яго пастаянна падтрымлівала і рабіла на яго стаўку. Адмаўляць гэта зараз — смешна. Цяперашняя сітуацыя — каласальная рэпутацыйная страта, яшчэ адно звяно ў доўгім ланцужку знешнепалітычных правалаў Расіі. З гэтым згодная большасць каментатараў.

Аднак праспаць «армянскі Майдан» для Крамля — гэта толькі палова справы. Цяпер важна не дапусціць экспарту моды на пратэсты ў тую ж Расію. Нездарма ў сеціве шмат хто намякае Пуціну, што той таксама ўжо затрымаўся ва ўладзе — як той Саргсян.

Напрыклад, на думку газеты «Век», у Арменіі была абкатаная схема расійскага Майдана, фішкай якога сталі новыя сацыяльныя тэхналогіі, цалкам не падобныя на тыя, што практыкаваліся падчас пратэстаў у Кіеве ў 2013–2014 гадах. «Сутнасць новай пратэстнай тэхналогіі — у дэцэнтралізацыі прыняцця рашэнняў, а паколькі адзінага цэнтра пратэсту няма, то і «гасіць няма каго», — піша выданне. Пра тое, што такі сцэнар для Расіі цалкам верагодны, і, магчыма, ужо пачаў разгортвацца, на думку газеты, сведчаць шматлікія і на першы погляд дэцэнтралізаваныя пратэстныя выступы ў расійскіх рэгіёнах — з самых розных нагодаў.

Абмяркоўвае расійская аналітычная супольнасць і магчымасць ускоснага ўплыву падзей на Каўказе на сітуацыю ў краіне. Напрыклад, інтэрнэт-выданне «Колокол» прагназуе новы раунд азербайджанска-армянскай эскалацыі канфлікту ў Нагорным Карабаху, рэха якога будзе чуваць і ў расійскай глыбінцы. Як мяркуе «Колокол», «колькасць армян у Расіі, паводле дадзеных перапісу, склала 1 мільён 182,4 тысячы, азербайджанцаў — 603 тысячы чалавек. Натуральна, кожны з іх будзе заўзець «за сваіх», і там, дзе яны будуць перасякацца, пачнуцца сутычкі. А цяпер уявім, што да родных, што жывуць у Расіі, дададуцца натоўпы ўцекачоў са сваім горам і расповедамі пра жахі, учыненыя супернікамі. І ў кожнага боку будзе свая праўда. Увогуле, для ФСБ і МУС працы будзе непачаты край». Па логіцы выдання, занятыя праблемамі мігрантаў спецслужбы паслабяць кантроль над «пятай калонай». Дарэчы, азербайджанскія войскі 23 красавіка сапраўды адправілі вайсковую тэхніку на перадавыя пазіцыі.

Цікава, што мандраж у расійскіх медыя кантрастуе з поглядамі ў заходніх СМІ. Так, ВВС не верыць, што армянскія падзеі будуць імпульсам для актывізацыі расійскай апазіцыі, бо Крэмль паспеў узяць дыстанцыю. Паводле ВВС, «здаецца, упершыню ў гісторыі сучаснай Расіі яна павяла сябе разумна. Расія ўсвядоміла, што змены ў Арменіі непазбежныя, што прыйдуць новыя сілы. (...) А ў Нікала Пашыняна — а ён сёння лідар апазіцыі, — вельмі ўзважаныя, нармальныя адносіны да Расіі. Пра рэакцыю Расіі на сваіх мітынгах яны таксама казалі вельмі вытрымана».

Існуе думка, што Арменія — гэта ўверцюра Майданаў у Сярэдняй Азіі, ключавой геапалітычнай мэты ЗША. «У выпадку ўварванне праз Каспій у Сярэднюю Азію і ваеннае замацаванне, амерыканцы змогуць наблізіцца да «мяккага падбрушша Расіі», а заадно да адносна голай спіны Кітая. І гэта стала б фактычным завяршэннем бліскучай геапалітычнай партыі, якую амерыканцы разгулялі ў другой палове дваццатага стагоддзя», — пішуць «Ведомости».

А вось газета «Взгляд» лічыць, што метадычкі арганізатараў пратэстаў у Ерэване будуць выкарыстаны не ў Расіі, а Беларусі, дзе сітуацыя, быццам, падобная да армянскай. «Поўнае неразуменне, што трэба працаваць з вуліцай, з шараговымі людзьмі, а не абмяжоўвацца п’янкамі і гешэфтам з элітай, якая наскрозь схільная да крадзяжоў, прывяло да страты Украіны, вядзе зараз да страты Арменіі, крыху пазней абавязкова прывядзе да страты Беларусі. А больш і губляць няма чаго», — мяркуе «Взгляд».

Калі ўжо гаворка пра Беларусь, то яе кіраўнікам, падаецца, трэба баяцца не толькі вуліцы. Пасля Арменіі ў расійскіх медыя папулярная тэма змены формулы працы ў бліжэйшым замежжы, а дакладней — перастаць рабіць стаўку на карумпаваныя групоўкі. Як піша газета «Life», «Мы павінны выбудоўваць даверлівыя адносіны з армянскім народам, з грамадзянскай супольнасцю, бізнесам і ўладай, а не з асобнымі кланамі. Так што адстаўку Сержа Саргсяна можна толькі вітаць. Як бы цынічна гэта ні гучала, але ад «таксічных» палітычных актываў на постсавецкай прасторы трэба пазбаўляцца, і своечасова «перазагружаць» палітычныя сістэмы нашых саюзнікаў».

Так ці інакш, прывабнасць Майдана па армянскаму рэцэпту залежыць ад таго, як зараз будуць развівацца падзеі ў самой Арменіі. Наконт гэтага адзінай думкі няма. Некаторыя лічаць, што ўсё хутка стабілізуецца. Іншыя баяцца новых палітычных землятрусаў, якія хутка адродзяць сярод грамадзян Расіі і іншых краін СНД «украінскі сіндром».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць