Што вядома пра новаабранага прэзідэнта Літвы і яго сям'ю

Новаабранаму прэзідэнту Літвы Гітанасу Наўседзе 55 гадоў. Ён — ураджэнец Клайпеды. Паводле адукацыі эканаміст, з савецкіх часоў выкладаў на эканамічным факультэце Віленскага ўніверсітэта, а пасля — у Віленскай бізнес-школе, піша «Еўрарадыё». 

Delfi

У 1990-я быў чыноўнікам, праходзіў стажыроўкі ў замежжы, працаваў у банкаўскай сферы (дарадцам, галоўным эканамістам, два гады быў чальцом праўлення Банка Літвы). Быў дарадцам прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса (у 2004-2009 гадах). Акрамя роднай мовы, валодае англійскай, нямецкай і рускай.

Жонка Наўседы і будучая першая лэдзі 55-гадовая Дыяна актыўна ўдзельнічала ў выбарчай кампаніі, аб'ездзіла дзясяткі гарадоў, наведвала шматлікія сацыяльныя ўстановы. Раней яна кіравала швейнымі атэлье, пасля жыла ў Германіі, вярнулася на радзіму, атрымала дыплом эканаміста, працавала ў віленскім прадстаўніцтве замежнай кампаніі. Апошнім часам Дыяна выкладае міжнародны пратакол у Бізнес-школе Віленскага ўніверсітэта. Гітанас і Дыяна разам ужо 30 гадоў.

Дзве дачкі новаабранага прэзідэнта пазбягалі публічнасці. 26-гадовая Гедайле вучыцца ў магістратуры ў Бельгіі, яна стане архітэктарам. 23-гадовая Угне стажыруецца ў Парыжскім універсітэце Венсэн-Сэн-Дэні, а з восені пачне навучанне ў магістратуры ў Паўднёвай Карэі. Яны прыехалі ў Вільню, каб павіншаваць бацьку з перамогай. Дзяўчаты кажуць, што ўсяго хочуць дасягнуць самастойна, інфармуе Delfi.


euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!