«Швецыя дасць рады каронавіруснай навале»

Як і Беларусь, Швецыя адмовілася ад увядзення жорсткіх каранцінных мераў Ці значыць гэта, што Беларусь і Швецыя ідуць адным шляхам?
Стакгольм, ілюстрацыыйнае фота, pixabay.com

Стакгольм, ілюстрацыыйнае фота, pixabay.com


За адказам на гэтае пытанне мы звярнуліся да нашага былога земляка, які ўжо два гады жыве ў Стакгольме, Эдварда Тарлецкага. Эдвард вучыць шведскую мову ў школе для дарослых, працуе ў мастацкай школе касцюмерам.

Дарэчы, Эдвард ужо перахварэў на каронавірус. Лекаваўся дома. Кажа, што больш за два тыдні пачуваў сябе кепска. Піў гарачкапаніжальнае, шмат вады і штодня «круціў» па гадзіне на велатрэнажоры.

Сацыяльную дыстанцыю трымалі і раней

У апошні месяц відавочна паменела народу на вуліцы, у гандлёвых цэнтрах, рэстаранах і кафэ. У апошніх расставілі столікі на большую адлегласць. Паміж наведвальнікамі і касірамі, напрыклад, у банках і крамах, усталявалі шкло. Багата якія дзяржаўныя і прыватныя ўстановы ўвогуле спынілі прыём наведвальнікаў, усе пытанні вырашаюцца праз інтэрнэт або па тэлефоне.

Раней абавязкова трэба было ў аўтобус заходзіць праз пярэднія дзверы, каб зарэгістраваць праязны квіток. Цяпер яны не адчыняюцца, а да кіроўцы падыходзіць забаронена.

Усе школы для дарослых, гімназіі і ўніверсітэты пераведзеныя на дыстанцыйнае навучанне. Грамадскія арганізацыі, якіх багата, дзе валанцёрамі працуюць людзі сталага веку, часова спынілі дзейнасць. Дамы для састарэлых на ізаляцыі. Начныя клубы, дыскатэкі, музеі, тэатры, забаўляльныя паркі закрыліся. Гуртавацца ў суполкі больш за 50 асобаў забаронена. Шведы і да каронакрызісу трымалі так званую сацыяльную дыстанцыю, а цяпер робяць гэта яшчэ больш падкрэслена.

Гэта будзе самы складаны паваенны крызіс

Швецыя вельмі інтэграваная ў сусветную эканоміку, і паколькі вытворчасць у шмат якіх краінах спыненая, не працуюць і многія шведскія фабрыкі ды заводы. Шмат дзе скарацілася колькасць працоўных месцаў. Вельмі церпяць гатэльная і турыстычная галіны, забаўляльная індустрыя. Эксперты кажуць, што з пачатку крызісу каля 30 тысяч працаўнікоў гэтых галінаў згубілі працу і яшчэ 25 тысяч згубяць яе ўлетку. Улады папярэджваюць народ, што эканамічны крызіс, які надыходзіць, будзе самым складаным крызісам за ўвесь паваенны перыяд.

Гэты крызіс, відавочна, паўплываў і на маё жыццё. Мая школа шведскай мовы заканчваецца напрыканцы траўня. Прадпрыемства па вытворчасці тэатральных касцюмаў, дзе я меўся працаваць, спыніла сваю дзейнасць, і невядома, калі адновіцца. Я ўжо стаў на ўлік у службу занятасці. Магчыма, буду вучыцца іншай прафесіі.

Дарэчы, сёлета ў Швецыі попыт на атрыманне вышэйшай адукацыі павялічыўся на 50% у параўнанні з мінулым годам. Ва ўрадзе заяўляюць, што ў гэтым годзе будзе выдзелена прыкладна 11 мільёнаў еўра (177 мільёнаў шведскіх крон) для арганізацыі дадатковых курсаў для навучання.

Канстытуцыйнае права — панадусім!


Роўна год таму кожная шведская сям’я атрымала па пошце ліст з брашурай, дзе ўрад даваў жыхарам інструкцыі, што рабіць на выпадак вайны альбо крызісу. Там падкрэсліваўся заклік: «Не панікаваць». Любімае выслоўе шведаў у выпадку мітусні — «Ingen stress» — ніякага стрэсу. Людзі намагаюцца захоўваць спакой у любой надзвычайнай сітуацыі. Усе пастановы ўладаў наконт пандэміі і абмежаванняў, звязаных з гэтым крызісам, грунтуюцца на рашэннях адмысловага штабу, у які ўваходзяць эксперты розных галінаў і навукоўцы, а ўзначальвае яго дзяржаўны інфекцыяніст і добра вядомы навуковец Андэрш Тэнэль (Anders Tegnell). Кожны дзень прадстаўнікі гэтага штабу ладзяць прэсавыя канферэнцыі, дзе падрабязна тлумачаць грамадству, якія робяцца захады і чаму. Усё вельмі празрыста. Ступень даверу да ўладаў вельмі вялікая. Напрыклад, хоць за парушэнні і не караюць, але людзі добраахвотна прытрымліваюцца рэкамендацый уладаў пазбягаць натоўпу, адмовіцца ад вандровак, заставацца дома, калі з явяцца сімптомы хваробы.

Вядома, ёсць крытыкі дзеянняў уладаў. Напрыклад, тыя, хто патрабуе ўвесці татальны каранцін. Улады адказалі, што не могуць гэтага зрабіць, бо няма такога закону, які б дазваляў абмежаваць канстытуцыйнае права вольна перасоўвацца. Было вырашана, што жорсткі каранцін не спыняе, а толькі запавольвае распаўсюд вірусу. Не ўвялі абавязковае нашэнне абаронных масак, бо высветлілася, што маска не дае стопрацэнтнай гарантыі і яе трэба часта мяняць. Не закрыліся дзіцячыя садкі і школы, бо навукова не даведзены факт, што дзеці дрэнна пераносяць каронавірус.

Шведы адмовіліся ад ідэі тэставаць спрэс усё насельніцтва, бо высветлілася, што тэсты ненадзейныя, а вялікая колькасць тэстаў будзе каштаваць вельмі дорага. Тэсты робяць толькі тым пацыентам, якія патрапілі ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі (рэанімацыя). Таксама ў Швецыі не кладуць у шпіталь з дыягназам «падазрэнне на ковід-19». Увогуле, забаронена прыходзіць у шпіталь альбо паліклініку з сімптомамі прастуды. Трэба заставацца дома і тэлефанаваць лекару, які дакладна растлумачыць увесь алгарытм дзеянняў. Шведскія навукоўцы кажуць, што распаўсюд інфекцыі спыніцца толькі тады, калі выпрацуецца так званы калектыўны імунітэт, а для гэтага носьбітамі інфекцыі мусяць стаць 75% жыхароў. Паводле даследаванняў (звесткі на 21 красавіка), амаль палова жыхароў Стакгольма ўжо інфікаваныя.

Выказванні, што «“шведскі шлях” дыскрэдытуе сябе», выглядаюць недарэчна. Так, смяротнасць вышэйшая, чым у суседніх скандынаўскіх краінах, дзе ўводзіліся больш жорсткія абмежаванні, але значна меншая, чым у Бельгіі, якая супастаўная па колькасці насельніцтва.

Для параўнання: у Швецыі зафіксавана 18 926 выпадкаў каронавірусу, у Бельгіі — 46 687. Колькасць памерлых у Швецыі — 2 274, а ў Бельгіі — 7 207.


Цяпер фіксуецца спад колькасці выпадкаў цяжкіх ускладненняў, аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі ў Стакгольме запоўненыя на 80%, а некалькі палявых шпіталяў, што былі арганізаваныя напярэдадні, стаяць паўпустыя. Гэта не азначае, што небяспека скончылася. Падчас прэсавай канферэнцыі 22 красавіка стадс-міністр (прэм’ер-міністр) Швецыі Стэфан Лёфвэн сказаў, што ўсе масавыя мерапрыемствы, вяселлі, выпускныя вечарыны, традыцыйныя першамайскія дэманстрацыі, вясновае свята Вальпургіі адмяняюцца. Ён таксама распавёў, што, цалкам магчыма, адпачываць гэтым летам усім давядзецца ў Швецыі, не выязджаючы за межы краіны, ды заклікаў жыхароў прытрымлівацца ранейшых рэкамендацый.

Асабіста ў мяне няма падставаў не давяраць ані шведскай навуцы, ані шведскай уладзе. Я бачу, што захады, якія робяцца, грунтуюцца на здаровым глуздзе і цалкам адпавядаюць чаканням грамадства і асобы. Я бачу шведскую дзяржаву на ўласныя вочы штодзённа і ўпэўнены, што Швецыя дасць рады гэтай віруснай навале.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: