Тадэвуш Касцюшка — герой чорнага Майдану?

Шматлікія палякі раз’юшаныя акцыяй пратэстоўцаў-афраамерыканцаў, якія ў ноч на 1 чэрвеня размалявалі помнік Тадэвушу Касцюшку ў Вашынгтоне. Аднак ёсць і тыя, якія бачаць ва ўчынках вандалаў праяву павагі да спадчыны героя.


Для справядлівасці варта сказаць, што помнікам Касцюшку пратэстоўцы не абмежаваліся. Пад руку вандалаў таксама трапіў манумент і ў гонар Казіміра Пулаўскага (1745–1799) — удзельніка Барскай канфедэрацыі, а пазней героя барацьбы за незалежнасць Злучаных Штатаў.

Размалёўка помніка Касцюшку, як і трэба было чакаць, атрымала шырокае асвятленне ў Польшчы і ў Палоніі (польскай дыяспары). Першымі на хуліганства адрэагавалі польская амбасада ў Вашынгтоне і бургамістр Варшавы. Пасол выказаў «агіду», а кіраўнік Варшавы заявіў пра дапамогу ўладам Вашынгтону ў «аднаўленні помніка». Сваю дапамогу Палоніі ў рэстаўрацыі паабяцаў Анджэй Дуда — прэзідэнт, прадстаўнік кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS). Цікава, што некаторыя пабачылі ў падзеях у Вашынгтоне руку Масквы, якая, маўляў, адпомсціла польскаму ўраду за дэмантаж помнікаў савецкім жаўнерам.

Натуральна, скандал вакол помніка Касцюшку аказаўся ўпісаны ў актуальны палітычны працэс. Тым больш, што палітычная сітуацыя за Бугам вельмі гарачая. Усё праз прэзідэнцкія выбары, якія павінны былі адбыцца яшчэ 10 траўня, але іх перанеслі на больш позні тэрмін праз эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне. Цяпер ва ўрадзе плануюць правесці выбары 28 чэрвеня.

Згодна з апытаннямі сацыёлагаў, Дуда перамагае ў першым туры выбараў. За яго гатовыя прагаласаваць 41,2% рэспандэнтаў. Кандыдат ад апазіцыйнай «Грамадзянскай кааліцыі» Рафал Тшаскоўскі можа атрымаць 27% падтрымкі. Але ў другім туры Дуду не варта спадзявацца на лёгкую перамогу.


Каб узняць рэйтынг Дуды, падаецца, давялося пускаць у ход і Касцюшку. У праграме Wiadomości на галоўным афіцыйным канале TVP пабачылі сувязь паміж леварадыкальным рухам Antіfa, які Трамп зрабіў адказным за цяперашнія пратэсты, і …Рафалам Тшаскоўскім.

Між тым, ёсць і іншая трактоўка апошніх пагромаў у Вашынгтоне. Левыя і ліберальныя каментатары сцвярджаюць, што Касцюшка, калі б жыў цяпер, сам далучыўся б да пратэстаў — і больш за тое, абавязкова накрэмзаў бы нешта брутальнае на помніку ў свой гонар.

«Касцюшка заўсёды падтрымліваў свабоду, пераразмеркаванне маёмасці і руйнаваў пануючы грамадскі лад, які ён лічыў несправядлівым. Гэта значыць, ён змагаўся за тое самае, за што і ўдзельнікі акцыі пратэсту ў ЗША пасля смерці Джорджа Флойда. Памяць пра Касцюшку будзе жыць толькі ў тым выпадку, калі мы будзем працягваць яго справу барацьбы за ідэі свабоды і справядлівасці», — мяркуе варшаўскі сацыёлаг Адам Астолскі.

Пан Астолскі і яго аднадумцы агучваюць малавядомы факт пра намер Касцюшкі выдаткаваць усе сродкі, якія зарабіў у Амерыцы, на выкуп рабоў. Ён лічыў — як і многія рэфарматары таго часу, — што існуе падабенства паміж статусам чорных рабоў у Амерыцы і польскіх прыгонных сялян.

Увогуле, на думку левых і лібералаў, польскія медыя занадта шмат увагі надаюць пагромам крамаў і актам вандалізму падчас дэманстрацый, ігнаруючы праблемы расізму і паліцэйскага гвалту. «Грамадскі дыскурс у Польшчы прасякнуты бяздумнымі расавымі катэгорыямі», — канстатуе выданне Око.

Найбольш далёка ў справе рэабілітацыі «вандалаў» пайшлі ініцыятары адной цікавай інтэрнэт-петыцыі. Яны заклікаюць муніцыпалітэт Вашынгтона захаваць надпісы вандалаў у арыгінальным выглядзе як даніну памяці пра «чорнае паўстанне Касцюшкі». Ужо агучаны намер выставіць надпісы на помніку на варшаўскай Біенале – фестывалі сучаснага мастацтва.


Застаецца дадаць, што «вандалы», якія размалявалі манумент у Вашынгтоне, наогул не здагадваюцца, якую хвалю яны справакавалі на берагах Віслы. Польскі журналіст у Вашынгтоне здолеў аператыўна апытаць аднаго з аўтараў графіці. Хлопец не здолеў адказаць на пытанне, нашто яны «пакрыўдзілі» помнік. Пратэстанты, па словах хлопца, увогуле не ведалі, чый помнік атакавалі. А вось прысутная побач дзяўчына лепш сфармулявала свае думкі. «Людзі хацелі выказаць свой гнеў і расчараванне сістэмай», — сказала яна, дадаўшы, што «палякі не павінны крыўдзіцца на іх за гэта».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: