Таямніца аднаго з’езда

Сотая гадавіна заснавання партыі нацыстаў натхніла гісторыкаў яшчэ раз разбурыць гітлераўскія міфы пра тую знакамітую падзею.

Фота www.dw.com

Увечары 24 лютага 1920 года ў адным з пакояў мюнхенскай піўной Hofbräuhaus пад кіраўніцтвам Гітлера было абвешчана пра стварэнне Нацыянальнай сацыялістычнай нямецкай рабочай партыі (NSDAP) і, адпаведна прынятая яе праграма, што складалася з 25 пунктаў. Аж дзве тысячы прысутных у піўной актывістаў віталі будучага фюрэра і стварэнне новай партыі.

Менавіта такую версію абвяшчэння партыі ў Hofbräuhaus піярылі ў часы нацысцкай дыктатуры. На самай справе, нават аматару відавочныя хібы ў выкладанні падзеі. Па-першае, фармальна NSDAP не паўстала на голым месцы выключна дзякуючы генію Гітлера. Сам аўтар Mein Kampf прызнаваў, што арганізацыя ўзнікла на базе Нямецкай рабочай партыі (DAP), якая была заснаваная годам раней. Рэй у створанай партыі спачатку вялі слесар Антон Дрэкслер і спартыўны журналіст Карл Харэр, а не Гітлер. Пра тое, што будучы фюрэр у лютым 1920-га выконваў не першыя ролі, сведчыць і нумар яго партыйнага білета — 555.

Таксама цяжка назваць створаную сто гадоў таму фармацыю нацыянал-сацыялістычнай. Хутчэй, яе ідэалогія адпавядала пастулатам ідэі «völkisch» — сфарміраванай рамантычнай дактрыны пра перавагу ўяўных «арыгінальных» немцаў, іх расавай чысціні. Хіба што ў праграме NSDAP аксіёмы «völkisch» набылі выразны антысеміцкі характар. Акрамя таго, акцэнт у партыйным дакуменце рабіўся на неабходнасці перагледзець ці скасаваць Версальскую мірную дамову.

Нацыянал-сацыялістычны антураж у NSDAP з’явіўся пазней, калі Гітлер, будучы яе негалосным піяр-менеджарам, заняўся сінтэзам сацыялізму і нацыяналізму. «Сацыялістычнымі лозунгамі ён пазначыў сувязь з левым духам часу, а з дапамогай нацыянальных лозунгаў Гітлер дыстанцыяваўся ад сацыял-дэмакратыі і марксізму на адным дыханні», — заўважыў адзін нямецкі гісторык. Ёсць думка, што Гітлер рабіў ідэалагічны кактэйль не свядома, а інстынктыўна. Маўляў, яму, як акцёру-дэмагогу, была патрэбная аўдыторыя для сваіх прамоваў. Цікавасць масаў магла забяспечыць новая правакацыйная назва партыі.

Новая канцэпцыя партыі не спадабалася Антону Дрэкслеру, якога Гітлер у выніку з партыі выжыў. Змаганне за кіраўніцтва ў NSDAP скончылася феерычна. У ліпені 1920-га Дрэкслер пайшоў у паліцыю і патрабаваў арыштаваць Гітлера, паколькі той… можа калісьці стаць дыктатарам! Пасля гэтага шляхі палітыкаў разышліся да 1934-га, калі нацысты заняліся стварэннем партыйнага міфу. Не вельмі прыгожую гісторыю пра ўнутраны канфлікт вырашылі схаваць, а самога Дрэкслера прымусілі запісацца ў нацысты.

Нарэшце, тусоўка 24 лютага 1920 года ў Hofbräuhaus, насуперак канону нацысцкіх прапагандыстаў, наўрад ці была значнай падзеяй нават для Баварыі. Пасля Першай сусветнай вайны і краху імперыі ў краіне адбывалася імклівая перабудова партыйнага поля. Ледзь не кожны дзень нараджаліся розныя палітычныя партыі і гурткі. А паколькі ў краіне панаваў крызіс, большасць з заснаваных тады фармацый абяцалі хуткія і радыкальныя перамены.

На думку некаторых цяперашніх гісторыкаў, структура Гітлера здолела выйграць канкурэнцыю з падобнымі партыямі за кошт рытарычных здольнасцяў правадыра. Падчас выступаў на мітынгах Гітлер не толькі камусьці пагражаў і нешта абяцаў, аднак таксама дапускаў іранічныя прыёмы, што падабалася слухачам. Увогуле, тэзіс пра тое, што на Гітлера трэба глядзець як на шоумена, вельмі папулярны сярод даследчыкаў. «Гітлер, па-сутнасці, быў тэатральным чалавекам, які ведаў, што палітыка грунтуецца найперш на пачуццёвых уражаннях і эмацыйным уключэнні, а не на праграмных прамовах», — кажа гісторык Ганс-Ульрых Тамер (Hans-Ulrich Thamer).

Цяперашняя сотая гадавіна заснавання NSDAP не абышлася і без іншых маленькіх гістарычных сенсацый. Гісторыкі, напрыклад, звярнулі ўвагу на партыйны пункт, які заклікае дзяржаву абараняць маці і дзяцей дзеля паляпшэння грамадскага здароўя. На іх думку, гэта быў закамуфляваны пратэст супраць надання немкам права галасаваць, што, сярод іншага, адкрыла шлях да працэсу эмансіпацыі.

І як жа без гістарычных аналогій! Некаторыя актыўна намагаюцца правесці паралель паміж NSDAP і цяперашнімі правымі папулістамі з партыі «Альтэрнатывы для Германіі» (AfD). Напрыклад, сяброў «Альтэрнатывы для Германіі» і нацыстаў родніць антыпатыя на адрас мігрантаў. «Любая далейшая іміграцыя негерманцаў павінна быць забароненая. Мы патрабуем, каб усе негерманцы, якія імігравалі ў Германію пасля 2 жніўня 1914 года, былі неадкладна вымушаныя пакінуць Рэйх», — дэклараваў восьмы пункт праграмы нацыстаў.

Большасць гісторыкаў, аднак, лічаць такія аналогія спекулятыўнымі. Пры ўсім падабенстве, NSDAP была выразнай партыяй фюрэрскага тыпу. Менавіта таму пасля правалу «піўнога путчу» ў 1923 годзе і арышту Гітлера партыйныя структуры нацыстаў практычна разваліліся. «Альтэрнатыва для Германіі», якая не мае харызматычнага правадыра, хутчэй нагадвае адну з кансерватыўных рэакцыйных партый часоў Веймара.

Застаецца дадаць, што пакой, у якім была заснаваная NSDAP, захаваўся да нашага часу. Праўда, цяпер яго аблюбавалі мюнхенскія пенсіянеры для сваіх танцаў. Думаецца, калі б Гітлер бачыў тую дыскатэку, то дакладна б здзівіўся.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: