Таямніцы аднаго замаху на прэзідэнта

У беларускую палітычную дыскусію нечакана ўварвалася тэма замаху на егіпецкага прэзідэнта Анвара Садата. Што гэта за гісторыя і чаму вакол яе дасюль так шмат няяснага?

Усё, што адбылося з Садатам, у тым ліку даводзіць патрэбу сачыць за вагой. Менавіта з-за свайго вялікага пуза егіпецкі прэзідэнт адмовіўся адзяваць бронекамізэльку перад тым, як адправіцца на парад 6 кастрычніка 1981 года ў Каіры. Анвар Садат вырашыў абысціся без яе, бо вырашыў, што бронікамізэлька, якую яму прапанавала жонка, надавала постаці прэзідэнта трошкі камічны выгляд.

Магчыма, ён аргументаваў гэта таксама дадатковымі фактамі. На трыбуне Садат па статусе павінен быў быць аточаны чатырма шэрагамі жаўнераў і васьмю ахоўнікамі. Армейскі парад планаваўся бяспечным з-за правілаў, якія забаранялі яго ўдзельнікам мець баявую зброю.

З іншага боку, учынак Садата ўсё ж можна лічыць авантурай. На той момант ён ужо паспеў нажыць сабе хеўру смяротных ворагаў. Галоўным чынам, за кошт дыялогу з Ізраілем і мірнымі дамовамі, якія ў Кэмп-Дэвідзе ў 1978-м падпісаў з прэм’ер-міністрам Ізраіля Менахемам Бегінам — дарэчы, выхадцам з беларускага Брэста.
Арабам такі флірт з сіяністамі не спадабаўся. Крытыка была настолькі моцнай, што Егіпет нават выключылі з Арабскай лігі (аналаг арабскага СНД). Яшчэ далей пайшлі розныя радыкальныя ісламісцкія фарміраванні, якія адчувалі, што ім здрадзілі. Ісламісты адкрыта пачалі заклікаць да звяржэння егіпецкага прэзідэнта і да рэформы сістэмы кіравання на карысць тэакратыі. Хутка з’явіліся ў Егіпце і аматары індывідуальнага тэрору, у тым ліку сярод прадстаўнікоў кліру. Адзін з іх выдаў фетву, якая ўхваляла забойства прэзідэнта.

«Расхістваць лодку» ў краіне ісламістам дапамагала левая апазіцыя, якая арыентавалася на суседнія прамаскоўскія Сірыю і Лівію. Ліхаманіла і сілавы апарат, частка якога нават паспрабавала арганізаваць у чэрвені 1981-га путч. Мерапрыемства закончылася правалам, што стала пралогам для маштабнага хапуна.
Толькі ў верасні таго года было арыштавана больш за паўтары тысячы чалавек, уключаючы нават лідараў праваслаўных коптаў. Пры гэтым абсалютна выпадкова пад каток рэпрэсій не трапіла невялікая група жаўнераў-ісламістаў пад кіраўніцтвам лейтэнанта Халіда Ісламбулі. Пазней гэтая група і адыграла вялікую ролю ў забойстве Садата.

Замах на прэзідэнта падчас парада 6 кастрычніка быў фрагментам больш шырокага плану захопу ўлады ў краіне. Адразу пасля навіны пра смерць гаранта запускаўся ланцуг акцый, які ўключаў забойства галоўных кіраўнікоў краіны, захопы штаба арміі і офіса дзяржаўнай бяспекі, будынку тэлефоннай станцыі і, натуральна, офісы радыё і тэлебачання. Адсюль арганізатары перавароту збіраліся падзяліцца з суайчыннікамі навіной пра пачатак ісламскай рэвалюцыі, якая, у сваю чаргу, павінна была справакаваць шырокае народнае паўстанне.

Спачатку ўсё ішло па плану канспіратараў. Па ходзе параду грузавік-цягач, у якім знаходзіўся атрад змоўшчыкаў са зброяй, параўняўся з трыбунай прэзідэнта. Ісламбулі прымусіў кіроўцу спыніцца, а сам рушыў да Садата. Той устаў, каб прыняць салют, мяркуючы, што гэта частка шоу. «Шоу» сапраўды пачалося — Ісламбулі пачаў кідаць гранаты, у той час як яго паплечнікі ў грузавіку без разбору стралялі па трыбуне.

Праз сорак секунд пасля пачатку абстрэлу Анвар Садат ужо ляжаў, нашпігаваны кулямі. Пазней яго даставілі ў вайсковы шпіталь на верталёце. Але прэзідэнт памёр, так і не прыйшоўшы ў прытомнасць. Жыццёвы шлях уплывовага арабскага палітыка перапыніўся на 63-м годзе жыцця.

У сваю чаргу, у ісламістаў нешта пайшло не так. Ніякіх выступаў і захопаў адміністрацыйных будынкаў (за выключэннем пары месцаў) смерць «Фараона» (так называлі Садата) не выклікала. Спецслужбы дастаткова хутка арыштавалі арганізатараў замаху, якіх з часам чакала смяротная кара.

Такая развязка дае падставы казаць, што ісламісты маглі быць «сляпым інструментам» у руках больш сур’ёзных сілаў, зацікаўленых выключна ў ліквідацыі Анвара Садата. Напрыклад, імі маглі маніпуляваць нейкія разведкі іншых арабскіх дзяржаў.

Некаторыя даследчыкі схільныя сцвярджаць, што да забойства Садата маглі быць датычныя вышэйшыя асобы егіпецкага кіраўніцтва, аж да самога віцэ-прэзідэнта Мубарака, які застаўся жывым і пасля доўгія трыццаць гадоў жалезнай рукой кіраваў Егіптам. Прынамсі, вельмі падазроная лёгкасць, з якой змоўшчыкі здолелі расправіцца з прэзідэнтам. Чаму падчас замаху бяздзейнічалі целаахоўнікі? Паводле статуту, яны павінны былі адкрыць агонь — аднак ніхто гэтага не зрабіў. Звяртаюць увагу, што чамусьці параненага Садата дастаткова доўга везлі ў шпіталь, што магло стаць вырашальным фактарам.

Як бачым, пытанняў дасюль хапае. Як, дарэчы, і ў справе пра спробу дзяржаўнага перавароту, аўтары якога, быццам, захапляліся, як мы бачым, вельмі спрэчным з пункту гледжання вынікаў замахам на Анвара Садата.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: