Такі розны Аляксандр Ісаевіч

Сёння, 11 снежня, адзначаецца стагоддзе з дня нараджэння Аляксандра Салжаніцына. Па меры набліжэння гэтай даты было бачна, наколькі катэгарычна падзялілася ў сваім стаўленні да аўтара «Архіпелага ГУЛАГа» постсавецкая прастора.

Эмоцыі пачалі зашкаль­ваць задоўга да юбілею. У пачатку кастрычніка на сцяне дома ў Цверы з’явіўся партрэт Салжаніцына з яго цытатай «Жыць не па хлусні!». Партрэт на будынку застаўся незавершаны, паколькі аўтара затрымалі падчас нанясення малюнку на фасад. Акрамя таго, графіці выклікала абурэнне ў мясцовых жыхароў, нехта з іх нават пакінуў пад малюнкам надпісы «здраднік» і «Іуда». Нарэшце да ўсеагульнай незадаволенасці падключыўся адзін з цвярскіх камуністаў, якому ў мэрыі абяцалі прыняць захады «па ліквідацыі графічнага малюнка А.І. Салжаніцына».

Расправа над графіці ў Цверы рэзка кантрастуе з дыскурсам улады. У Маскве да 100-годдзя з дня нараджэння Салжаніцына, згодна з указам кіраўніка краіны, збіраюцца адкрыць новы помнік. Цэнтрабанк РФ у межах серыі «Выдатныя асобы Расіі» ўжо выпусціў памятную сярэбраную манету з выявай пісьменніка. Чакаецца вялікая колькасць выстаў, канферэнцый, круглых сталоў, тэматычных урокаў у школах па ўсёй Расіі.

Аднак відавочна, што для шмат каго з расіян Салжаніцын застаецца ворагам. Вельмі папулярны міф, што ў сваіх творах пісьменнік апраўдваў уласаўцаў і бандэраўцаў, лічбы пра рэпрэсіі ў СССР браў са столі, а таксама заклікаў да прэвентыўнай вайны ЗША з СССР. Крытыкі ўпэўненыя, што ачарненне Салжаніцыным савецкай гісторыі па інерцыі наносіць удар і па сучаснай Расіі. Таму да 11 снежня яны выйшлі з сустрэчнай прапановай — выключыць творы Салжаніцына з расійскай школьнай праграмы.

Расійскія патрыёты, напэўна, былі б вельмі здзіўленыя, калі б даведаліся, што на Захадзе некаторыя, наадварот, лічаць Салжаніцына ледзь не дэміургам сучаснай Пуцінскай Расіі. Такую выснову можна зрабіць, напрыклад, з артыкула «Давайце не забывацца на панславянскую ідэалогію і антысеміцкую рыторыку Аляксандра Салжаніцына». Згаданы тэкст, што напісаў Андрэ Маркавіч, апублікавала днямі французская «Le Monde».

Сапраўды, публіцыстыка Салжаніцына ў эміграцыі і ў апошнія гады жыцця шмат у чым карэлюецца з тэзісамі агітпропу Пуціна. У 1970-я гады Салжаніцын абвінавачваў Захад у матэрыяльным спажыванні і духоўнай дэградацыі, вытокі якой шукаў у часах Адраджэння і Французскай рэвалюцыі.

Адным са страшных грахоў Захаду ў вачах аўтара «Архіпелага ГУЛАГа» быў грэх плюралізму. У сваёй працы «Нашы плюралісты» (1984) ён крытыкаваў гэты адзін з самых важных інстытутаў дэмакратыі. «Плюралізм» як прынцып дэградуе да абыякавасці, да страты ўсялякай глыбіні, расцякаецца ў рэлятывізм, у бязглуздзіцу, у плюралізм памылак», — пісаў Салжаніцын. Падобныя развагі часцяком упісвалася ў ідэю месіянскай ролі славянства і праваслаўны догмат. У гэтым плане галоўная віна бальшавікоў, на думку пісьменніка, заключалася не ў тым, што яны знішчылі органы дэмакратыі. Галоўная віна Леніна была, маўляў, у тым, што ён пераключыў увагу рускага народа з вечных сакральных тэм на ўтопію.

Акрамя таго, Нобелеўскі лаўрэат не верыў у магчымасць эмансіпацыі габрэяў аж да падтрымкі ідэі мяжы аселасці. Мяжа аселасці, як пісаў Салжаніцын, не дазваляла габрэям хлынуць у цэнтральную Расію, каб канчаткова алкагалізаваць рускі народ. Паводле гэтай логікі, не дзіўна, што Кастрычнік 1917 года разглядаўся як прадукт габрэйскай канспірацыі.

Нарэшце, Салжаніцына можна смела запісваць у апосталы канцэпту «рускага свету». У 1990 годзе накладам у 20 мільёнаў асобнікаў выйшаў яго маніфест «Як нам уладкаваць Расію», які быў поўны шавіністычных і імперскіх выдумак, насіў яўна абразлівы характар для многіх народаў былога СССР. Пазней у артыкуле «Пасварыць родныя народы» ён зрабіў замах на адзін з пастулатаў цяперашняй украінскай дзяржавы — паставіў пад сумнеў факт Гадаламору, генацыду ўкраінцаў у 1932–1933 гадах. У прынцыпе, ён наогул не бачыў украінцаў і беларусаў як суверэнныя нацыі, якія могуць заставацца па-за расійскім імперскім праектам.

«У той час, калі распаўсюд у Еўропе і ва ўсім свеце нацыяналізму набывае самы раскаваны характар, афіцыйная фармулёўка даніны павагі Аляксандру Салжаніцыну, здаецца, самай найменшай праблемай. Але як мы павінны растлумачыць наша маўчанне наконт гэтага антысемітызму?» — заключае аўтар артыкула ў «Le Monde».

Ёсць у Маркавіча і апаненты. Яны заклікаюць не разглядаць Салжаніцына ў рамках дыхатаміі — ці Захад, ці дыктатура. Так, Салжаніцын патрабуе ўзвышэння этыкі, але гэта не супярэчыць свабодзе. Так, ён крытыкуе Захад, але гэта, хутчэй, парада. Так, яму падабаецца Расія, але, каб любіць іншых, вы павінны ўжо ведаць сябе і любіць сябе… Галоўная сутнасць Салжаніцына ў тым, што ён апынуўся голасам зняважаных, выхадам з таталітарнай ночы, надзеяй для тых, хто выжыў. Адным словам, давайце перш за ўсё памятаць, што без «Архіпелага ГУЛАГа» таталітарызм на Усходзе Еўропы існаваў бы значна даўжэй.

Ці сапраўды «Архіпелаг ГУЛАГ» апраўдвае познія антыдэмакратычныя забабоны Салжаніцына, а сам ён, па сутнасці, аказаўся ідэолагам рэжыму Пуціна? Думаецца, гэта не апошнія правакацыйныя пытанні, якія будуць узнятыя ў рамках юбілею. Рыхтуемся.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!