Каму пагражаюць «эскадроны смерці»?

Хіба адзіны пазітыўны момант у цяперашняй эскалацыі гвалту ў Беларусі палягае ў тым, што справа пакуль не дайшла да стварэння «эскадронаў смерці».

Фота www.antikor.com.ua


Сам тэрмін з’явіўся ў Лацінскай Амерыцы ў 1960-х гадах, калі тут пачалі арганізоўвацца (прынамсі, афіцыйна) узброеныя атрады для супраціву левым партызанам і падпольшчыкам. Вядучую ролю адыгралі латыфундысты і старшыя афіцэры паліцыі, супраць якіх, дарэчы, і быў накіраваны партызанскі тэрор.

Зрэшты, некаторыя гісторыкі вядуць летапіс тых эскадронаў ад атрадаў міліцыі, якія фарміравалі жыхары Тэхасу, каб супрацьстаяць набегам індзейцаў-апачаў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

Ёсць меркаванне, што правобразам «эскадронаў смерці» маглі стаць атрады Freikorps — паўвайсковых патрыятычных фарміраванняў, якія існавалі ў Германіі ў пачатку Веймарскай рэспублікі. Тыя атрады актыўна падаўлялі выступленні нямецкіх камуністаў і левых сацыял-дэмакратаў, змагаліся супраць спробаў Польшчы далучыць Сілезію. Пазней многія з іх сябраў далучыліся да нацыстаў.

Гістарычныя крыніцы сведчаць, што ў якасці «эскадронаў смерці» першапачаткова выступалі розныя нефармальныя ваенізаваныя арганізацыі, ветэраны арміі, паліцыі, найміты або амніставаныя злачынцы. Чальцы «эскадронаў смерці», як правіла, імкнуліся схаваць сваю сувязь (калі яна была) з праваахоўнымі органамі.

Аднак паступова ў многіх краінах функцыі «эскадронаў смерці» бралі на сябе дзяржаўныя сілавыя структуры. Згадаем чылійскі Дырэктарат нацыянальнай выведкі (DINA), які дзейнічаў падчас дыктатуры Піначэта. Яго супрацоўнікі настолькі сістэмна падыходзілі да справы, што нават распрацавалі план па знішчэнні ў краіне ўсіх (!) апазіцыянераў і дысідэнтаў.

Калі DINA паўстаў непасрэдна пасля перавароту, то аргенцінскі Сакратарыят выведкі (SIDE) існаваў задоўга да прыходу ў 1976 годзе хунты да ўлады. Гэта не перашкодзіла SIDE хутка ўзяць на сябе ролю «эскадронаў смерці». За час хунты фізічна былі знішчаныя 10 тысяч аргенцінцаў, яшчэ 30 тысяч зніклі бясследна. Гэта без уліку 60 тысяч, якія па палітычных матывах былі адпраўленыя ў месцы зняволення. У ракурсе такой статыстыкі не дзіўна, што пазней лідараў хунты, нягледзячы на іх сталы ўзрост (каля 80 гадоў), усё роўна прысудзілі да 50 гадоў турмы.

Прычым адной Аргенціны SIDE было мала. Ці не найбольш важнай аперацыяй, запланаванай Сакратарыятам выведкі, быў патройны замах. Забіць планавалася трох самых вядомых крытыкаў лацінаамерыканскіх дыктатур у эміграцыі, у тым ліку Ізабэль Альендэ, дачку Сальвадора Альендэ. Аперацыя правалілася выключна з-за нежадання аргенцінскага пасла ў Парыжы перадаць забойцам торбу са зброяй.

У некаторых краінах улады бессаромна і адкрыта выкарыстоўвалі «эскадроны смерці» ў якасці дзяржаўнай тактыкі. Усе рэкорды тут пабіла Гватэмала, дзе ў рамках хапуна супраць партызан у 1966–1967 гадах «эскадронамі смерці» былі забітыя прыкладна 8000 цывільных асобаў. Падставай для забойстваў стала падазрэнне ў «падрыўной дзейнасці». Гэты эпізод — паваротны момант у гісторыі гватэмальскага апарату бяспекі, ён паклаў пачатак новай эры, у якой масавыя забойствы меркаваных апанентаў рэжыму сталі звычайнай з’явай. Расправы дасягнулі піку ў канцы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў, калі толькі ў 1982 годзе было зарэгістравана больш за 18 тысяч задакументаваных забойстваў.

Здаралася, што да паслуг «эскадронаў смерці» звярталася дэмакратычна абраная адміністрацыя. На пачатку 1980-х гадоў на базе МУС пры ўрадзе іспанскіх сацыялістаў паўстала Група антытэрарыстычнага вызвалення (GAL), якую накіравалі забіваць актывістаў баскскай сепаратысцкай тэрарыстычнай групоўкі ЕТА. Іх нельга было прыцягнуць да суду, бо тыя мелі французскае грамадзянства. Усяго агентамі GAL былі забітыя каля 26 чалавек. Праўда, вынікам стаў не калапс ЕТА, а вялікі скандал у прэсе, якая дазналася пра таемныя справы сілавікоў. Тэма GAL стала адным з галоўных пытанняў выбарчай кампаніі 1996 года, на якіх сацыялісты ўпершыню пацярпелі паразу ад кансерватараў.

Трэба прызнаць, што «эскадроны смерці» не заўсёды займаліся палітыкай. Так, бразільскія структуры, якія былі сфарміраваныя з афіцэраў арміі і спецслужбаў, на нейкім этапе былі кінутыя на фронт барацьбы з арганізаванай злачыннасцю. Ім далі ліцэнзію на адстрэл падазраваных у злачынствах і тых маргіналаў, якія патэнцыйна з’яўляюцца небяспечнымі для грамадства. Але з улікам таго, што атрымалася пазней, лічыць гэта пазітывам немагчыма. Такая практыка заклала традыцыю, калі бразільскія паліцэйскія самастойна фарміруюць нефармальныя групы з ветэранаў-сілавікоў або крыміналу і даручаюць ім забіваць.

Відавочна, што для ўлады пераход да тактыкі выкарыстання «эскадронаў смерці» можа мець драматычныя наступствы. Стаўка на адкрыты палітычны гвалт робіць палітыкаў залежнымі ад такіх фарміраванняў. Збольшага, гэта тлумачыць феномен існавання «эскадронаў смерці» ў Калумбіі. У адрозненне ад іншых суседніх краін, яны існуюць там да гэтага часу, а штогадовая колькасць іх ахвяр можа даходзіць да 28 тысяч чалавек. Гэта тлумачыцца тым, што прыкладна 40% дэпутатаў нацыянальнага парламента (такія звесткі дае Wikipedia) так ці інакш звязаныя са злачынцамі з «эскадронаў смерці». Як знайсці выхад з гэтага, ніхто не ведае. Можа, гэты прыклад ацвярозіць тую частку афіцыёзу, якая сёння заклікае да стварэння рознага кшталту «народных дружын» супраць апазіцыі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: