Талібы не пагадзіліся падоўжыць тэрмін вываду сілаў NATO з Афганістану

Рух «Талібан», які захапіў уладу ў Афганістане, папярэдзіў, што не пагодзіцца на падаўжэнне тэрміну вываду з краіны амерыканскіх і іншых замежных войскаў звыш раней абвешчанай крайняй даты, гэта значыць 31 жніўня, паведамляе Свабода.
У Вашынгтоне раней, каментуючы сітуацыю з вывадам сілаў NATO, заявілі, што хаатычная эвакуацыя тысячаў людзей, якія ўцякаюць з Афганістану, можа запатрабаваць прысутнасці заходніх войскаў у краіне і пасля вызначанага апошняга тэрміну.

Афганістан праз сталічны аэрапорт пакідаюць дзясяткі тысяч людзей. Акрамя таго, з краіны вывозяць супрацоўнікаў замежных дыпмісіяў. Многія афганцы баяцца помсты ісламістаў за супрацоўніцтва з заходнімі ўрадамі. Талібы размясцілі паблізу аэрапорту свае сілы. Яны сцвярджаюць, што спрабуюць дапамагчы забяспечыць парадак.

За некалькі дзён хаосу, пачынаючы з 15 жніўня, калі талібы занялі Кабул, у гарадскім аэрапорце загінулі больш за 20 чалавек, у асноўным у выніку страляніны і цісканіны.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, кажучы пра крызіс і абставіны, якімі суправаджаецца эвакуацыя людзей, сказаў, што ягоныя дарадцы па бяспецы абмяркоўваюць магчымасць пакінуць амерыканскіх вайскоўцаў у Афганістане на даўжэйшы час, чым да канца жніўня.

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан, як чакаецца, на экстранай сустрэчы лідараў «Вялікай сямёркі» 24 жніўня папросіць Байдэна падоўжыць перыяд эвакуацыі. А МЗС Францыі ўжо пагадзілася з тым, што для завяршэння вывазу людзей з Кабулу неабходна больш часу.

Прадстаўнік талібаў Сахаіл Шахін у інтэрвію Sky News у панядзелак падкрэсліў, што далейшая прысутнасць замежных салдатаў у Афганістане «створыць атмасферу недаверу» і «справакуе рэакцыю». «Гэта чырвоная рыса. Прэзідэнт Байдэн анансаваў, што да 31 жніўня будуць выведзеныя ўсе вайсковыя сілы. Гэта значыць, што калі яны падоўжаць тэрмін, гэта будзе азначаць, што яны падоўжаць акупацыю», — сказаў Шахін. Якія магчымыя наступствы могуць чакаць заходніх саюзнікаў, ён не ўдакладніў.

Паводле інфармацыі Белага дому, з 14 жніўня ЗША эвакуавалі або дапамаглі выехаць з Афганістану прыкладна 37 тысячам чалавек.

Бяспеку кабульскага аэрапорту гарантуюць амерыканскія і брытанскія салдаты, а таксама вайскоўцы з іншых заходніх краінаў. Яны імкнуцца, сярод іншага, не дапусціць новых выпадкаў несанкцыянаванага праходу людзей на лётнае поле і забяспечыць спакойны прыём і адпраўку вайсковых і цывільных самалётаў, якія задзейнічаныя ў эвакуацыі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: