Талібы застрэлілі мужчыну і вывесілі яго цела на галоўнай плошчы Герата

Талібы падвесілі цела чалавека на пад'ёмным кране на галоўнай плошчы горада Герат у Заходнім Афганістане. Пра гэта паведамляе агенцтва Associated Press.
Загадчык аптэкі, якая знаходзіцца недалёка ад гэтага месца, распавёў выданню, што чатыры чалавечыя целы былі прывезены на плошчу, а яшчэ тры — дастаўлены ў іншыя часткі Герата на агляд публікі.

Па словах сведкі, талібы абвясцілі ў цэнтры горада, што чацвёра мужчын былі злоўлены на ўдзеле ў выкраданні людзей. Затым іх расстралялі. Крыху пазней начальнік раённай паліцыі ў Гераце паведаміў, што члены «Талібана» выратавалі выкрадзеных бацьку і сына. Ён дадаў, што ў ходзе перастрэлкі адзін з талібаў і мірны жыхар былі параненыя, а чацвёра выкрадальнікаў — забітыя.

Нагадаем, раней адзін з заснавальнікаў «Талібана» распавёў у інтэрвʼю AP, што рух зноў будзе праводзіць пакаранні смерцю і ампутацыі канечнасцяў. Пры гэтым ён дапусціў, што гэтыя пакаранні могуць адбывацца непублічна. На думку «Талібана», адсячэнне канечнасцяў мае «стрымліваючы эфект».

«Адсякаць рукі вельмі неабходна ў мэтах бяспекі», — указаў ён.

Па яго словах, цяперашні ўрад талібаў пакуль не вырашыў, ці прыводзіць пакаранне ў выкананне на публіцы, па гэтым пытанні будзе «выпрацавана рашэнне».

«Усе крытыкавалі нас за пакаранне на стадыёне, хоць мы ніколі нічога не казалі пра чужыя законы і меры пакарання», — прыводзіць AP словы прадстаўніка «Талібана». Ён падкрэсліў, што талібы будуць «кіравацца ісламам, а законы будуць адпавядаць Карану».

Паводле яго слоў, цяпер справы аб злачынствах разглядаюцца ў судзе, у тым ліку і жанчынамі, аднак асновай законаў Афганістана будзе Каран. Пакаранні, якія практыкаваліся да ўварвання амерыканскіх і брытанскіх войскаў у 2001 годзе, будуць адноўленыя.


Паводле apnews.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: