Тэлебачанне, парламент, СІЗА пад кантролем пратэстоўцаў. Што адбываецца ў Кыргызстане? (+відэа)

У Кыргыстане ў нядзелю прайшлі парламенцкія выбары, а ў панядзелак пасля абвяшчэння іх папярэдніх вынікаў, усё і пачалося.
Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода


У панядзелак раніцай ЦВК Кыргызстана апублікаваў папярэднія вынікі парламенцкіх выбараў: з 16 партый сяміпрацэнтны бар'ер пераадолелі чатыры, а дзве праўладныя партыі, "Бірымдзік" і "Мекенім Кыргызстан", атрымалі большасць, набраўшы прыкладна па 24% галасоў кожная. Паколькі выбары праходзілі са шматлікімі парушэннямі, апазіцыя абвясціла, што вынікі выбараў не прызнае. Раніцай пачаліся мітынгі.

Апазіцыя хутка аб'ядналася: патрабаванне правядзення новых выбараў падтрымалі 11 з 12 партый, якія не прайшлі ў парламент; чакалася, што мітынгі абвесцяць бестэрміновымі. Увечары сілавікі разагналі пратэстоўцаў з дапамогай спецсродкаў: ужываліся светлашумавыя гранаты, вадамёты, слёзатачывы газ, гумовыя кулі. Больш за 130 чалавек былі шпіталізаваныя.

Відэа, на якім сілавікі страляюць у журналіста "Настоящего времени"

Пасля гэтага прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў абвясціў,што гатовы сустрэцца з лідарамі ўсіх партый, якія ўдзельнічалі ў выбарах. Сустрэчу прызначылі на 11 раніцы, а потым перанеслі на 9.

Аднак ужо ўначы пратэстоўцы вярнуліся да Белага дома, адкуль вечарам іх выціснулі сілавікі. Ім удалося ўварвацца ў будынак (там размешчаны парламент і адміністрацыя прэзідэнта Кыргызстана) і разграміць у тым ліку кабінет Жээнбекова (яго ў гэты час там не было, але затое было фота). Пасля гэтага частка пратэстоўцаў накіравалася да будынка СІЗА Дзяржкамітэта нацбяспекі і вызваліла з-пад варты былога прэзідэнта Кыргызстана Алмазбека Атамбаева, асуджанага на 11 гадоў і два месяцы па справе аб незаконным вызваленні крымінальнага аўтарытэта (сам Атамбаеў лічыць сваю віну недаказанай).

Грамадскі тэлеканал КТРК таксама перайшоў пад кантроль удзельнікаў пратэстаў. У эфіры яны прасілі не ладзіць марадзёрства ў Бішкеку. Яшчэ крыху пазней быў вызвалены экс-прэм'ер Сапар Ісакаў, прысуджаны ў чэрвені да 18 гадоў турмы, два былыя дэпутаты і яшчэ адзін экс-прэм'ер.

Ноччу прэс-сакратар дзеючага прэзідэнта паведаміла, што Жээнбекаў знаходзіцца ў Бішкеку і спадзяецца на захаванне стабільнасці ў Кыргызстане.

Сёння ранкам былы намсакратара Савета бяспекі Кыргызстана Амурбек Суваналіеў ўзяў на сябе кіраўніцтва сілавымі ведамствамі. Часовым генпракурорам стаў былы міністр юстыцыі Алмамбет Шыкмаматаў, які тут жа ануляваў вынікі парламенцкіх выбараў. .

Прэзідэнт Жээнбекаў усё яшчэ кажа, што кантралюе сітуацыю; у Ошы яго прыхільнікі сабраліся на мітынг.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: