The Guardian: Брытанскія кампаніі — пад ціскам з-за сувязяў з беларускім рэжымам

Брытанскія кампаніі Rolls-Royce і British American Tobacco, якія супрацоўнічаюць з беларускімі прадпрыемствамі, могуць прыняць меры пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair.


Rolls-Royce і British American Tobacco ўваходзяць у лік фірмаў, якія адрэагавалі на лабіраванне з боку беларускай дыяспары, што ўзмацнілася пасля вымушанай пасадкі лайнера, і заявілі пра гатоўнасць прыняць меры, піша The Guardian.

Актывісты ў Вялікабрытаніі актывізавалі лабіраванне трымальнікаў аблігацый Беларусі, якія каціруюцца на Лонданскай фондавай біржы (LSE). Шэраг брытанскіх кампаній быў папярэджаны аб сур’ёзных парушэннях правоў рабочых на сходы, забастоўкі і стварэнне незалежных прафсаюзаў на беларускіх дзяржаўных прадпрыемствах.

Да іх адносяцца Rolls-Royce, які пацвердзіў, што даследуе асцярогі, агучаныя з нагоды ўзаемаадносін паміж яго падраздзяленнем Power Systems, якое базуецца ў Германіі, і БелАЗам.

«У залежнасці ад выніку мы можам распачаць дзеянні ў дачыненні да нашых існуючых і любых будучых дзелавых адносін. Мы кіруемся нашымі каштоўнасцямі пры разглядзе такіх пытанняў і, вядома ж, цалкам выконваем усе санкцыі», — заявілі ў кампаніі.

Ля офісаў кампаніі British American Tobacco (BAT) працягваюцца акцыі пратэсту з нагоды яе сувязяў з дзяржаўнай Гарадзенскай тытунёвай фабрыкай «Нёман». Найбуйнейшая цыгарэтная фабрыка Беларусі вырабляе цыгарэты па ліцэнзіі BAT.

«Брытанія — гэта акно ў свет. Гэта буйны фінансавы цэнтр. Нягледзячы на Брэксіт, ён грае важную ролю ў гандлі. Так што мы актывізуем нашу кампанію. BAT стала важным прыкладам», — адзначыў прадстаўнік прафесійнага саюза беларусаў Вялікабрытаніі.

Паводле яго слоў, актывісты таксама збіраюцца даследаваць пытанне закупак брытанскімі кампаніямі драўніны ў Беларусі.

«Што тычыцца брытанскага бізнесу, іх стаўленне да гэтага часу было ў значнай ступені прыкладна такім: "Пакуль мы можам зарабляць грошы, мы гэта робім". Многія буйныя кампаніі маюць кодэксы паводзінаў з прыемнай фармулёўкай, але ёсць пытанні аб тым, як яны прымяняюцца на практыцы, калі гаворка ідзе пра Беларусь», — адзначыў ён.

Прадстаўнік BAT заявіў, што кампанія імкнецца выконваць усе мясцовыя і міжнародныя заканадаўчыя патрабаванні, а таксама ўласныя стандарты.

«У адпаведнасці з нашым абавязацельствам паважаць правы чалавека, у гэтым годзе мы распачнем дадатковыя дзеянні: у дачыненні да “BAT Беларусь” будзе прымяняцца ўзмоцненая працэдура комплекснай праверкі правоў чалавека і завод ГТФ Нёман — як пастаўшчык BAT Group, будзе падвяргацца ацэнцы ўмоў на працоўным месцы нашым іншым пастаўшчыком паслуг аўдыту», — паведаміў ён.

Паводле інфармацыі выдання, міністр замежных спраў ценявога кабінета Ліза Нэндзі заклікала кіраўніка брытанскага МЗС Дамініка Рааба ўвесці санкцыі супраць беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, у частцы з якіх па-ранейшаму ёсць даччыныя прадпрыемствы ў Вялікабрытаніі, напрыклад, BNK (UK).

Паводле REFORM.by, пераклад НЧ.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: