The Telegraph заклікае брытанскія ўлады праверыць сувязі Гуцэрыева і Лукашэнкі

Брытанскія ўлады заклікалі праверыць сувязі мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева і Лукашэнкі, а таксама яго дзейнасць у Вялікабрытаніі. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле брытанскай The Telegraph.

Лукашэнка, мітрапаліт Веніямін і Міхаіл Гуцэрыеў на адкрыцці царквы ў Шаршунах 3 кастрычніка 2020 года. Фота: "Пул першага".


Яе аўтары нагадваюць брытанскаму чытачу пра шыкоўнае вяселле Саіда Гуцарыева, сына мільярдэра. Яны называюць яго, мабыць, самым дарагім вяселлем у свеце і ацэньваюць кошт у дзясяткі мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. На свяце выступалі Джэніфер Лопес, Стынг і Энрыке Іглесіяс, картэж быў сабраны з Ролс-Ройсаў, а сукенка нявесты каштавала 1 млн долараў. У артыкуле адзначаецца, што Саід Гуцэрыеў вырас у Лондане і скончыў Оксфард.

«Аднак праз чатыры гады пасля вяселля ўвага звернута на сувязі паміж сям’ёй Гуцэрыевых і Аляксандрам Лукашэнкам, апошнім дыктатарам Еўропы», — пішуць аўтары матэрыялу.

Крытыкі Лукашэнкі патрабуюць ад брытанскага ўрада і ЕС правесці расследаванне сувязяў паміж Лонданам і Мінскам, і накласці санкцыі на любых алігархаў, якія будуць заўважаныя ў блізкіх сувязях з дыктатарам, абвінавачаным у парушэнні правоў чалавека.

Яны прыводзяць інфармацыю пра актывы сям’і Гуцэрыевых ў Вялікабрытаніі. У прыватнасці, гаворка ідзе аб кампаніі GCM Global Energy PLC, у якой Саід і Міхаіл Гуцарыеў валодаюць кантрольным пакетам. Кампанія зарэгістраваная ў Вестмінстары ў цэнтральным Лондане. Яна ўклала ў краіну сотні мільёнаў фунтаў стэрлінгаў.

«GCM Global мае інтарэсы ў Беларусі, у тым ліку здзелку па калійным заводзе коштам 1 мільярд фунтаў стэрлінгаў, які павінен адкрыцца ў наступным годзе», — пішуць аўтары артыкула. Сапраўды, GCM Global Energy PLC з’яўляецца ўладальнікам беларускай кампаніі «Слаўкалій», якая будуе Нежынскі ГОК, дзе плануецца вырабляць да 2 млн т калійных угнаенняў у год. Менавіта з брытанскай юрасобай заключаны інвестыцыйны дагавор беларускага ўрада па рэалізацыі калійнага праекта.

«Спадар Гуцэрыеў таксама з’яўляецца старшынёй праўлення «Руснафты», адной з найбуйнейшых нафтавых кампаній Расіі, якая ў канцы года стала адзіным расійскім пастаўшчыком нафты ў Беларусь», — працягваюць аўтары матэрыялу. Трэба адзначыць, што кампаніі, якія ўваходзяць у групу «Сафмар» Міхаіла Гуцэрыева, сапраўды ў першым квартале гэтага года былі асноўнымі пастаўшчыкамі нафты з Расіі ў Беларусь. У гэты час «вялікая пяцёрка» расійскіх нафтавых кампаній не ажыццяўляла пастаўкі з-за спрэчкі вакол цэнавых умоў.

Таксама ў артыкуле згадваюцца і актывы Саіда Гуцэрыева. Аўтары пішуць, што «летась ён заснаваў Currency.com, кампанію па абмене крыптавалют, якая базуецца ў Мінску».

Паводле версіі Telegraph, Міхаіл Гуцэрыеў зблізіўся з Лукашэнкам у 2007 годзе, калі пакінуў Маскву пасля спрэчкі з іншым алігархам, баючыся пераследу. Спачатку ён паляцеў на прыватным самалёце ў Мінск, а потым у Лондан. Злучанае Каралеўства стала яго домам на перыяд да 2010 года, калі Гуцэрыеў вярнуўся ў Расію.

У артыкуле таксама адзначаецца, што Лукашэнка кіруе Беларуссю з 1994 года, а выбары сёлета спарадзілі пратэсты. Вынікі прэзідэнцкіх выбараў не прызналі ні Еўрасаюз, ні ЗША, а брытанскі міністр замежных спраў Дамінік Рааб назваў фальсіфікацыю вынікаў галасавання «пагарджанай» і ўвёў санкцыі ў дачыненні да Лукашэнкі і высокапастаўленых чыноўнікаў у адказ на гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў.

« Лукашэнка быў прыведзены да прысягі на тайнай інаўгурацыі, на якой нібыта прысутнічаў Міхаіл Гуцэрыеў. Паводле бартавых рэгістратараў, ён прыбыў у Мінск за дзень да інаўгурацыі і вылецеў у Маскву на наступны дзень. 5 кастрычніка двое мужчын побач з’явіліся на публіцы на адкрыцці новай царквы пад Мінскам. На цырымоніі Гуцэрыеў сказаў, што гэтае месца было абранае пасля таго, як ён і Лукашэнка «праязджалі міма гэтага месца, і кіраўнік дзяржавы сказаў, што тут было б добра пабудаваць царкву», — піша Telegraph. Трэба адзначыць, што аўтары матэрыялу дапусцілі недакладнасць: у рэчаіснасці цырымонія адкрыцця царквы прайшла 3 кастрычніка

Паводле інфармацыі выдання, актывісты апазіцыі заклікалі брытанскі ўрад спыніць дзелавыя сувязі паміж Лонданам і Мінскам, якія, па іх словах, дапамагаюць падтрымліваць дыктатуру.

Прадстаўнік iSANS і Creative Politics Hub у каментары The Telegraph заявіў: «Мы заклікаем урады Вялікабрытаніі, ЕС і ЗША ўвесці тэрміновыя санкцыі супраць такіх людзей, як Гуцэрыеў, якія працягваюць рабіць вялікія грошы ў Беларусі. Рэжым Лукашэнкі працягвае парушаць правы чалавека. Маштабы парушэнняў у Беларусі з’яўляюцца самымі вялікімі ў Еўропе за 30 гадоў, уключаючы згвалтаванні, катаванні і забойствы. Гэта няправільна, што алігархі накшталт Гуцэрыева зарабляюць мільёны на Беларусі, пакуль людзі пакутуюць ад рэжыму».

Кэтрын Уэст, ценявы міністр лейбарыстаў у Еўропе і актывістка кампаніі супраць рэжыму Лукашэнкі так пракаментавала The Telegraph гэтыя заклікі: «Лондан не павінен выкарыстоўвацца алігархам, які з’яўляецца сябрам Лукашэнкі, для падтрымкі яго гнюснага рэжыму. Я заклікаю Дамініка Рааба ўвесці санкцыі, якія маюць эфект і б’юць Лукашэнку там, дзе яму балюча — па гаманцу».

The Telegraph звярнуўся да сям’і Гуцэрыевых за каментарамі, але прадстаўнік «Сафмар» адмовіўся даваць інфармацыю на выходных, прапанаваўшы даць афіцыйны адказ у панядзелак.

Паводле REFORM.by



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: