Іспанія: ад дыктатуры да дэмакратыі

Сорак пяць гадоў таму Іспанія пасля смерці Франка канчаткова развіталася з дыктатурай і абрала шлях дэмакратыі.


Хаця сам Франка памёр напрыканцы лістапада 1975-га, крызіс яго рэжыму быў відавочны яшчэ раней. Увосень таго ж 1975-га, пасля таго, як суд асудзіў на смерць групу леварадыкалаў і басксіх нацыяналістаў, пачаўся беспрэцэдэнтны дэмарш з боку еўрапейскіх урадаў.

15 дзяржаў Еўропы адклікалі паслоў з Мадрыду, а мексіканскі прэзідэнт прапанаваў пазбавіць Іспанію прапіскі ў ААН. Па ўсім свеце адбівалі атакі на іспанскія дыпламатычныя ўстановы. Папа Рымскі канфідэнцыйна даслаў ліст дыктатару з просьбай быць больш гуманным.

Франка, у сваю чаргу, ігнараваў усе пратэсты і больш цікавіўся праглядам гульняў яго любімага «Рэалу». А вось іспанскія чыноўнікі разумелі, што гэта ўжо пачатак агоніі. Характэрны выпадак адбыўся тады падчас нейкага палявання з ўдзелам кіраўнікоў краіны. У аднаго з прысутных раптам пачаўся псіхічны прыступ. Ён страляў вакол сябе і крычаў: «Мы павінны быць гатовыя! Яны вось-вось прыйдуць за намі!»

Па іроніі гісторыі, крызіс рэжыму па часе наклаўся на крызіс здароўя самога Франка. Напачатку лістапада ён перажыў два сардэчныя прыступы, і ў выніку цяжкай аперацыі аказаўся на кропельніцах і практычна паралізаваным. Толькі перыядычна яму ўдавалася прыходзяць у сябе. У выніку дачка не вытрымала падобнай сцэны і папрасіла адключыць тату ад апаратуры. Хутка ў СМІ з’явіўся некралог.

Народ, натуральна, быў шакаваны. Так ці інакш, за 40 гадоў аўтакратыі Франка ўспрымаўся сталым атрыбутам жыцця іспанцаў — пазітыўным або негатыўным, іншая справа. Як вынік, шмат хто не паверыў навінам, і захацеў асабіста пераканацца ў смерці каўдыльё. У тым ліку гэтым гісторыкі тлумачаць велізарную колькасць людзей, што прыйшлі развітацца з нябожчыкам — ад 300 тысяч да паўмільёна. Зрэшты, у Краіне Баскаў людзі, наадварот, танчылі, а ў Барселоне маўкліва адкаркоўвалі шампанскае — з надзеяй на будучыя перамены.

Іх драйверам, як вядома, стаў малады кароль Хуан-Карлас, які цяпер недзе хаваецца ад Інтэрполу праз абвінавачванні ў фінансавых махінацыях. 45 гадоў таму яму таксама было несалодка. Эліта краіны, якая так ці інакш аказалася саўдзельніцай злачынстваў дыктатуры, баялася хуткай трансфармацыі. Нават «прагрэсіўнае» крыло франкістаў было вельмі асцярожным наконт рэформаў. Што ўжо казаць пра артадоксаў, якія палохалі іспанцаў эротыкай — першым, па іх словах, наступствам усталявання ў краіне дэмакратыі.

Яшчэ адной страхоўкай ад хуткіх пераменаў была культурная палітыка Франка ў апошнія 15 гадоў дыктатуры. Ім кіравала ідэя ўвекавечыць франкізм у вялікіх архітэктурных ансамблях, помніках, кнігах і гэтак далей. Былі прыдуманыя і актыўна навязваліся міфы пра тое, што Франка выратаваў Іспанію і ад ГУЛАГу, і ад уступлення ў Другую сусветную, а пасля вайны — ён запусціў заводы, захаваў духоўнасць і іншае. Супраць перамен быў такі фактар, як страх перад будучыняй. На дварэ стаялі 1970-я гады, іх антуражам былі палітычны тэрарызм і глабальнае супрацьстаянне Масквы і Вашынгтона, якія маглі пачаць змагацца за Іспанію.

І тым не менш, у гэты час гісторыкі фіксуюць фенаменальную рашучасць, з якой іспанцы абралі дэмакратыю і адкінулі любыя прапановы паступовай трансфармацыі. Як ні парадаксальна, пазітыўную ролю адыграла ЦРУ, якое на той момант хутчэй патранавала дыктатуры — як сродак барацьбы з камунізмам. Іспанская газета АВС у мінулым годзе раскапала, што яшчэ ў 1960-я гады ў рамках Фонду Ракфелера агенты ЦРУ стварылі камітэт, у які ўваходзілі расчараваныя ў франкізме палітыкі, а таксама прадстаўнікі інтэлігенцыі. Мэта камітэта была ў фарміраванні ідэалагічнага грунту таго, якой павінна быць Іспанія пасля сыходу дыктатара.

Магчыма, у нетрах таго камітэту і нарадзілася ідэя «Пакта забыцця», калі ахвяры рэпрэсій адмаўляліся ад вендэты дзеля забеспячэння выхаду з дыктатуры. Былыя служкі рэжыму нават не траплялі пад адміністрацыйныя пратаколы. Такая стратэгія, як лічыцца, супакоіла шмат сілавікоў і апаратчыкаў. А некаторыя нават з энтузіязмам далучыліся да будаўніцтва дэмакратычнай Іспаніі. Хаця шмат хто з гэтай публікі ў той час вырашыў перастрахавацца і зрабіць сабе даведку, што ў часы дыктатуры таксама сімпатызаваў апазіцыі.

Сваю ролю ў дыскрэдытацыі аўтарытарнай альтэрнатывы дэмакратыі згуляла і прэса, якая ў пошуках сенсацый кінулася корпацца ў бруднай бялізне родных Франка — пасля яго смерці такія пошукі нічым не пагражалі. Былі апублікаваныя сенсацыйныя матэрыялы пра шыкоўны лад жыцця эліты ў часы дыктатуры, пра патаемныя банкаўскія рахункі, пра вялікую колькасць прадметаў мастацтва ў асабняках і замках, якім самае месца ў нацыянальных музеях…

Напэўна, апошняй спробай неяк закансерваваць працэс пераменаў было стварэнне ў снежні 1975-га «дэмакратычнага» ўрада, які цалкам складаўся з былых франкістаў. Яго прэм’ер Арыяс Навара (стары ветэран франкізму) паабяцаў, што будзе ісці «курсам эвалюцыі» і намагацца рэалізаваць «некаторыя рэформы». У праграме ўраду нават не было гаворкі пра амністыю для палітычных вязняў. Ужо ўвесну парламент, які таксама складаўся з франкістаў, дазволіў правядзенне публічных акцый пры ўмове выканання прыкладна дзесяці патрабаванняў.

Праўда, ніякіх законаў народу ў той час ужо было не трэба. У краіне пачаўся маштабны дэмакратычны і сацыяльны рух, які прымусіў караля ўлетку 1976-га адправіць Навару ў адстаўку. Упершыню кіраўніком урада стаў чалавек, персанальна не звязаны з Франка. Лічыцца, што канчатковы дэмантаж рэшткаў іспанскай дыктатуры адбыўся ўлетку 1977-га, калі прайшлі першыя свабодныя выбары. Пра іх дэмакратычнасць таксама сведчыў допуск партыі артадаксальных франкістаў, якая атрымала свае сумленныя два працэнты.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: