Томас у Кіеве: немагчымае магчыма

Калядная літургія ў Сафійскім саборы Кіева мела асаблівае значэнне для Украіны. 7 студзеня ў найстаражытным кіеўскім храме выставілі пергамент з тэкстам Томасу аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Украіны (ПЦУ). Карэспандэнт «Новага Часу» ва Украіне пабачыла сам дакумент і атмасферу, што яго атачала.

У гэтым годзе праваслаўныя Каляды ў Кіеве праходзілі пад знакам сапраўднага каляднага надвор'я — проста па Гогалю. Зацішна, буйнымі шматкамі падае снег, паўсюль папрыбраныя калядныя ёлкі, агні, гірлянды. Ціха і прыгожа. Але было яшчэ нешта. У гэты дзень цэнтрам прыцягнення для кіяўлян стала Сафійская плошча. Там, у Сафійскім саборы, быў выстаўлены на ўсеагульны агляд прывезены са Стамбула напярэдадні ўначы Томас — дакумент, які надае Праваслаўнай царкве Украіны (ПЦУ) права называцца самастойнай памеснай царквой, нароўні з 14-цю іншымі Праваслаўнымі цэрквамі свету.

Сафійская плошча 7 студзеня была такой жа, як і цягам усіх калядна-навагодніх святаў, дый як 15 снежня, калі ў Сафійскім саборы праходзіў Аб'яднаўчы сабор ПЦУ. Менавіта гэты Сабор у Кіеве ў прысутнасці ўсяго палітычнага кіраўніцтва краіны сфармаваў Праваслаўную царкву Украіны і выбраў яе прадстаяцелем мітрапаліта Епіфана (Думенка).

Цяпер усё было гэтак жа: кіёскі з глінтвейнам, кавай і сувенірамі, каруселі, сцэна, вялікія відэаэкраны, елка. Толькі ў натоўпе людзей, якія гулялі, амаль не было святароў, якіх было багата 15 снежня. А яшчэ — увесь пляц перасякала, выгінаючыся і расцягнуўшыся на некалькі сотняў метраў, велізарная людская чарга. Людзі стаялі, каб убачыць Томас — дакумент быў выстаўлены на ўсеагульны агляд у Трапезным храме Сафіі Кіеўскай.

Зрэшты, комплекс цырымоній, звязаных з атрыманнем ПЦУ Томаса аб аўтакефаліі, пачаўся 5 студзеня, калі ў Стамбуле Сусветны патрыярх Варфаламей падпісаў дакумент, які канчаткова падзяліў украінскую і расійскую цэрквы. У нядзелю ў саборы Святога Георгія ў Стамбуле адбылася цырымонія ўручэння Томаса аб аўтакефаліі — яго пад час нядзельнай службы атрымаў новаабраны прадстаяцель ПЦУ мітрапаліт Епіфан.

Калядную літургію ў Кіеве Епіфан упершыню правёў як кіраўнік памеснай царквы. На святочную службу ў Сафійскі сабор прыбылі галоўныя палітычныя дзеячы краіны. Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, які дамагаўся прадстаўлення аўтакефаліі яшчэ з красавіка мінулага года, прысутнічаў і на цырымоніі перадачы Томасу ў Стамбуле, і на святочнай літургіі ў Сафійскім саборы. Акрамя яго на літургію прыйшлі таксама члены Кабінета міністраў, экс-прэм'ер Юлія Цімашэнка і экс-прэзідэнт Віктар Юшчанка, які ў свой час таксама спрабаваў дамагчыся аўтакефаліі для ўкраінскай царквы.

Перад пачаткам службы ў храм урачыста занеслі Томас аб аўтакефаліі. Украінскі прэзідэнт і прадстаяцель ПЦУ разгарнулі пергамент з тэкстам Томаса і ўсталявалі яго перад алтаром. У ходзе святочнай літургіі святары маліліся за ўкраінскую армію і незалежнасць Украіны. Таксама мітрапаліт Епіфан параўнаў нараджэнне Хрыста з нараджэннем новай самастойнай царквы ва Украіне, якое адбылося ў адзін і той жа час.

Палітычныя кіраўнікі краіны павіншавалі грамадзян з Калядамі. Парашэнка ў сваім віншаванні адзначыў значнасць апошніх падзей і павіншаваў грамадзян з нараджэннем незалежнай Праваслаўнай царквы Украіны. «У гэтым годзе Каляды для нас — асабліва вялікае і ўрачыстае свята, таму што Праваслаўная царква Украіны атрымала Томас аб аўтакефаліі. Мы, нарэшце, вызвалілі нашу царкву з палону маскоўскай няволі, і яна, роўная сярод роўных, увайшла ў сям'ю, якая зараз складаецца з 15 незалежных праваслаўных цэркваў», — сказаў прэзідэнт.

Ён таксама выказаў надзею на хуткае спыненне ваенных дзеянняў. «У гэтыя святочныя дні молімся за нашых ваяроў. Няхай Гасподзь захавае іх жыцці і ўсю нашу краіну ад усялякага зла. Хай нованароджаны Збаўца Ісус Хрыстос пашле нам доўгачаканы мір і дабраславіць кожную ўкраінскую сям'ю і кожнага ўкраінца», — гаворыцца ў звароце.

Мітрапаліт Епіфан у сваім віншаванні сказаў: «Мы святкуем не толькі гэтую вялікую радасць прыходу ў свет Збаўцы нашага, які прыйшоў дзеля нашага збаўлення. Мы радуемся і ўскладаем ў далейшым нашу надзею на Бога і верым, што ў будучыні новым 2019 годзе, атрымаўшы гэты вялікі дар — прызнанне аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы, мы аб'яднаем усё ўкраінскае праваслаўе вакол кіеўскага пасаду. Мы верым у тое, што ў наступным годзе запануе той доўгачаканы мір ва Украіне: будзе завершана вайна на ўсходзе, мы вернем акупаваныя тэрыторыі, вернем Крым і ўсё ў нас будзе ісці так, як мы гэтага хочам».

У сваю чаргу тая частка Украінскай праваслаўнай царквы, якая засталася ў падпарадкаванні РПЦ, адзначала Каляды ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Там урачыстую літургію ўзначаліў Ануфрый, якога ў Маскве працягваюць лічыць мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны. Трэба, зрэшты, прызнаць, што УПЦ МП захоўвае 12,5 тысяч прыходаў, і пакуль застаецца самай вялікай царквой краіны. Аднак працэс пераходу праваслаўных абшчын з УПЦ МП у новаствораную Праваслаўную царкву Украіны набірае сілу: толькі за апошнія два тыдні аб змене царкоўнай юрысдыкцыі заявілі больш за 40 парафій.

Кіраўнік РПЦ патрыярх Кірыл да апошняга моманту заклікаў Сусветнага патрыярха Варфаламея спыніць працэс прадстаўлення Украіне аўтакефаліі. Пасля таго, як Томас усё ж быў выдадзены, у РПЦ заявілі, што праваслаўныя абшчыны ва Украіне павінны выбраць, да якой рэлігійнай структуры яны будуць належыць.
«Што тычыцца звычайных праваслаўных, якія не так моцна імкнуцца разабрацца ў прамудрасцях таго, хто каму падпарадкоўваецца, то для іх мала што зменіцца. Сам храм і служба застаюцца ранейшымі. Мала хто і заўважыць, што камусьці іншаму на службе спяваюць услаўленне, — сказаў у каментары для НЧ Фёдар, манах аднаго з кіеўскіх манастыроў, які дзяжурыў ля Томасу ў Сафіі Кіеўскай. — Галоўныя змены закрануць служкаў царквы. Груба кажучы, цяпер яны будуць турбавацца, каб адпраўляць сабраныя з прыхаджан грошы ў іншы царкоўны цэнтр — калі пяройдуць ад Масквы да Кіева. Ці наадварот, атрымліваць фінансаванне на развіццё парафіі. Галоўныя бітвы ў нашым свеце ідуць за грошы. Так што мы яшчэ можам убачыць і рэйдэрскі захоп, і эканамічныя войны, і брудныя PR-тэхналогіі ў царкоўным асяроддзі, — увогуле ўсё тое, што бывае пры падзеле ўласнасці і перанакіраванні фінансавых патокаў».

Сам Пётр Парашэнка пасля цырымоніі ў Стамбуле заявіў, што атрыманне Томаса аб аўтакефаліі — гэта яшчэ адзін атрыбут незалежнасці Украіны. «Ён завершыць зацвярджэнне самастойнасці Украінскай дзяржавы, ўмацуе рэлігійную свабоду, міжканфесійны мір. Ён узмоцніць правы і свабоды грамадзян, асабліва тых, якія знаходзіліся па-за камунікаваннем са Сусветным праваслаўем, якіх несправядліва клеймавалі некананічнасцю», — заявіў украінскі прэзідэнт.

Ён таксама паабяцаў, што грамадзяне краіны па-ранейшаму змогуць свабодна выбіраць веравызнанне. «Я як прэзідэнт гарантую ад імя дзяржавы, што Украіна будзе паважаць рэлігійны выбар, свабоду веравызнання кожнага грамадзяніна», — адзначыў Парашэнка.

Пасля літургіі Томас змясцілі ў Трапезным храме Сафіі Кіеўскай, дзе паглядзець на яго мог кожны ахвочы. Скарысталася гэтай магчымасцю і карэспандэнт НЧ ва Украіне. Нягледзячы на тое, што да Томасу адразу ўтварылася вялізная чарга, здзівіла тое, наколькі спакойна і мірна ўсё праходзіла. Поўная самаарганізацыя людзей, ніякіх надглядаў, металашукальнікаў, праваахоўнікаў, што абшнырваюць цябе позіркам. Некалькі нацыянальных гвардзейцаў і адзіны службовы сабака мерзнуць у старонцы — і ўсё. Ну, яшчэ ў цэнтры Кіева трохі больш паліцыі, чым звычайна.

Па самых прыблізных ацэнках мясцовага МУС, за адзін толькі дзень 7 студзеня паглядзець на Томас аб аўтакефаліі прыйшло не менш за 150 тысяч чалавек. І ніводнага інцыдэнту пры гэтым не адбылося.

Вядома, эпапея са стварэннем самастойнага ўкраінскага праваслаўя яшчэ далёка не завершаная. Наперадзе не толькі «пераарыентацыя» мноства вернікаў і прыходаў, але і зацяжныя спрэчкі вакол царкоўнай маёмасці. Але зроблена самае галоўнае, тое, што здавалася нерэальным яшчэ год таму: можна гаварыць аб стварэнні ўкраінскай памеснай царквы.

Цікавы факт напрыканцы. Арцыбіскуп УПЦ МП Клімент 6 студзеня заявіў аб адмове і немагчымасці праводзіць сумесныя службы з Праваслаўнай царквой Украіны, патлумачыўшы сваё рашэнне тым, што лічыць новую царкву «некананічнай рэлігійнай арганізацыяй». Больш за тое: РПЦ перастала памінаць кіраўніка Сусветнага патрыярхату Варфаламея ў сваіх набажэнствах, абвінаваціўшы яго ў схізме (расколе).

А вось Канстанцінопаль і Кіеў занялі пазіцыю прама процілеглую маскоўскай. Епіфан Кіеўскі, пятнаццаты сярод прадстаяцеляў святых праваслаўных памесных цэркваў, памянуў на літургіі 7 студзеня патрыярха Кірыла Маскоўскага, пятага у дыптыхах. Больш за тое, у Томасе асобна абумоўлена, што прадстаяцель Праваслаўнай царквы Украіны мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны павінен згадваць падчас службы патрыярха Рускай праваслаўнай царквы — як і ўсіх іншых прадстаяцеляў Памесных Цэркваў, што пералічаны ў дыптыху (спісе цэркваў) Канстанцінопальскага патрыярхату.

Пасля гэтага ўзнікае лагічнае пытанне: хто ж на самай справе «сышоў у раскол» у сусветным праваслаўі?

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!