«Total» папрасіла «Platts» гарантаваць куплю нафты не ў Гуцэрыева

Французская кампанія «Total» звярнулася ў агенцтва «S&P Global Platts» з просьбай забяспечыць гарантыю таго, што партыі нафты ў яго гандлёвай сістэме не належаць кампаніям Міхаіла Гуцэрыева, які патрапіў пад санкцыі.


Як перадае «Інтэрфакс-Расія», «Total» у аўторак у рамках гандлёвай сесіі ў сістэме «Platts» выставіла заяўку на куплю грузу з перавалкай у Балтыйскім порце Прыморск 9-13 ліпеня з агаворкай: «Партыя цалкам адпавядае санкцыям ЕС».

Крыніцы агенцтва звязваюць гэтую агаворку з увядзеннем санкцый у дачыненні да Гуцэрыева, бо раней такія патрабаванні адсутнічалі.

Кампаніі могуць удакладняць умовы пакупкі з дапамогай дадатковых каментароў падчас гандлёвай сесіі ў акне «Platts», аднак пры гандлі паказваецца толькі пастаўшчык, порт і акно адгрузкі без дакладных дат. У сувязі з гэтым нельга сказаць, з чыіх менавіта рэсурсаў прадавец прапануе сыравіну.

Як сказаў «Інтэрфаксу» адзін з трэйдараў, цяпер на рынку вельмі насцярожана ставяцца да нафты кампаній Гуцэрыева, каб пазбегнуць траплення пад санкцыі. Асноўным пакупніком нафты кампаній Гуцэрыева, асабліва «Руснафты», з’яўляецца швейцарскі трэйдар «Glencore». Агенцтва «Reuters» адзначае, што на мінулым тыдні «Glencore» актыўна гандляваў у акне «Platts», здзейсніўшы дзве здзелкі, а таксама прапаноўваючы грузы. Згодна з метадалогіяй «Platts», энерганосьбіты, якія пастаўляюцца з краін або кампаніямі, якія знаходзяцца пад гандлёвым эмбарга або санкцыямі, прызнанымі міжнародным заканадаўствам, не павінны быць удзельнікамі здзелак у рамках працэсу цэнаўтварэння ў гандлёвым акне.

Паводле інфармацыі крыніцы агенцтва, яшчэ некалькі еўрапейскіх перапрацоўшчыкаў папрасілі ўдакладніць паходжанне грузаў расійскай нафты, каб не купіць аб’ёмы кампаній, у якіх Гуцэрыеў валодае буйнымі долямі.

Яшчэ два трэйдары паведамілі агенцтву, што ў некалькіх выпадках банкі адмовілі ў прадастаўленні аплаты прадукцыі кампаній, звязаных з Гуцэрыевым. Адзін з трэйдараў адзначыў, што ў цяперашні час гандлёвая кампанія ўдакладняе з юрыстамі магчымасць працы з кампаніямі, блізкімі да Гуцэрыева, а таксама ўзяла паўзу на гэты час у працы з адпаведнымі аб’ёмамі.

У панядзелак Еўрасаюз увёў чацвёрты пакет санкцый у сувязі з сітуацыяй у Беларусі. У спісе аказаўся і расійскіх бізнесмен Міхаіл Гуцэрыеў. Абмежавальныя меры супраць яго ўводзяцца за падтрымку афіцыйнага Мінска. Трапленне ў гэты спіс азначае, што актывы, якімі валодае або якія кантралюе Гуцэрыеў, падлягаюць замарожванню на тэрыторыі ЕС, а сам ён губляе права ўязджаць на тэрыторыю ЕС. Да таго ж, грамадзянам і кампаніям ЕС забараняецца прадастаўляць сродкі уключаным у гэты санкцыйны спіс асобам.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: