Трамп абраў новага дарадцу па нацбяспецы. Чацвёртага па ліку

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго новым дарадцам па нацыянальнай бяспецы стане Роберт О'Браэн. Ён будзе ўжо чацвёртым чыноўнікам на гэтай пасадзе з пачатку прэзідэнцтва Трампа.
GETTY IMAGES

GETTY IMAGES

«Я рады аб'явіць, што прызначу Роберта О'Браэна, які цяпер вельмі паспяхова працуе спецпасланнікам прэзідэнта па пытаннях вызвалення закладнікаў у дзярждэпартаменце, нашым новым дарадцам па нацыянальнай бяспецы. Я доўга і шмат працаваў з Робертам. Ён будзе выдатна працаваць!»напісаў Трамп у сваім «Твітары».

На пасадзе дарадцы па нацбяспецы О'Браэн зменіць Джона Болтана, якога Трамп звольніў на мінулым тыдні.

Сваё рашэнне адправіць Болтана ў адстаўку Трамп тлумачыў тым, што той здзяйсняў памылкі і не знаходзіў агульную мову з іншымі супрацоўнікамі вашынгтонскай адміністрацыі. Часова выканаўцам абавязкаў дарадцы па нацбяспецы стаў намеснік Болтана Чарльз Каперман.

70-гадовы Болтан быў прызначаны дарадцам прэзідэнта ЗША ў красавіку 2018 года. СМІ называлі яго адным з самых заўзятых знешнепалітычных ястрабаў у Амерыцы, а таксама адным з самых уплывовых чыноўнікаў у адміністрацыі Трампа.

У канцы жніўня Болтан пабываў з візітам у Мінску, стаўшы самым высокапастаўленым амерыканскім чыноўнікам, які наведаў Беларусь у XXI стагоддзі. Пасля гэтага візіту Мінск і Вашынгтон вырашылі аднавіць міждзяржаўныя сувязі на ўзроўні амбасадараў пасля больш за 11 гадоў «замарожаных» адносін.

Да Болтана дарадцамі па нацбяспецы ў адміністрацыі Трампа паспелі папрацаваць Майкл Флін і Герберт МакМасцер.

Амерыканская газета The Washington Post, якая раней называла О'Браэна асноўным прэтэндэнтам на вызваленую пасаду, пісала, што ён мае дыпламатычны, ваенны і дзелавы вопыт, а таксама падтрымлівае добрыя адносіны з калегамі ў Дзярждэпе і Пентагоне, а таму лічыцца найбольш «бяспечным выбарам».

Суразмоўцы выдання таксама адзначалі, што ў адрозненне ад Болтана, вядомага як «бязлітасны чыноўнік-бюракрат», О'Браэн адрозніваецца «прыемнымі паводзінамі».

Акрамя таго, кандыдатуру О'Браэна, па дадзеных газеты, падтрымаў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа.

bbc.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!